У Чэрыкаўскім раёне на Магілёўшчыне неўзабаве пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС райкам партыі загадаў супрацоўнікам шукаць жоўты парашок. Паводле не пацьверджанай дакумэнтальна вэрсіі, на наступныя дні пасьля аварыі на ЧАЭС самалёты вайскова-паветраных сіл СССР разганялі «чарнобыльскія» аблокі над Беларусьсю снарадамі зь ёдзістым срэбрам, ратуючы Маскву. Пра падзеі 33-гадовай даўнасьці згадвае жыхар Чэрыкаўскага раёну Мікалай П., які на той час працаваў у райкаме партыі.
Што вядома пра асаджваньне «чарнобыльскіх» аблокаў
- 8 траўня 1989 году беларускі пісьменьнік і народны дэпутат СССР Алесь Адамовіч (на фота) накіраваў дэпутацкі запыт намесьніку старшыні Савету міністраў СССР і міністру атамнай энэргетыкі пад назвай «Дык хто ж заплаціць?». Сярод іншага ён задаваў наступнае пытаньне: «... ці праўда, што аддаленыя ад Чарнобылю раёны Магілёўскай вобласьці — Краснапольскі, Слаўгарадзкі, Чэрыкаўскі, часткова Касьцюковіцкі, Быхаўскі, Клімавіцкі і некаторыя іншыя — атрымалі настолькі небясьпечную дозу радыяцыі з той прычыны, што на іх пасадзілі чарнобыльскую тучу? Расстралялі яе і пасадзілі. Тую, якая неслася да Масквы».
- У красавіку 1990 году ў брытанскім часопісе New Scientist выйшаў артыкул журналісткі Веры Рыч пра ўкраінскі пратэст супраць утойваньня Савецкім Саюзам маштабаў чарнобыльскай трагедыі. Сярод іншага яна згадала «пашыраную думку», што кіраўнік Дзяржкамітэту СССР па гідрамэтэаралёгіі і кантролі прыроднага асяродзьдзя Юры Ізраэль загадаў асадзіць радыяактыўныя «чарнобыльскія» аблокі над усходняй Беларусьсю, «калі здавалася верагодным, што зьмена ветру панясе іх на Маскву».
- У 2007 годзе ў дакумэнтальным фільме «Навука супэршторму» на тэлеканале BBC Two выступіў былы лётчык маёр Аляксей Грушын. Камандзір экіпажа сакрэтнага падразьдзяленьня «Цыклён» расказаў, як яны разганялі «чарнобыльскія» хмары снарадамі зь ёдзістага срэбра. Гэта рабілася, па яго словах, каб радыяактыўныя часьціцы праліліся дажджом і не паляцелі «ў бок густанаселеных гарадоў — Масквы, Варонежа, Ніжняга Ноўгараду, Яраслаўля». «Калі б дождж выпаў над гэтымі гарадамі, гэта была б катастрофа для мільёнаў. Раён, дзе мой атрад актыўна зьбіраў хмары, разьмяшчаўся каля Чарнобыля, ня толькі ў 30-кілямэтровай зоне, але на адлегласьці ў 50, 70 і нават 100 км», — расказаў BBC Грушын.
- Больш падрабязна пра дзеяньні спэцпадразьдзяленьня «Цыклён» расказала ў 2016 годзе афіцыйная «Российская газета». У артыкуле фігуруе новы расповед Аляксея Грушына пра 8 сваіх вылетаў на адмыслова аснашчаным бамбавіку Ту-16.
Пры гэтым аўтар артыкула адзначае, што дагэтуль не рассакрэчана, «дзе менавіта адбывалася „ўзьдзеяньне“ на аблокі». Аднак робяцца высновы: «Пашырэньне ачагоў заражэньня ўдалося спыніць» і «„Цыклён“ бараніў ад радыяактыўнага заражэньня не адну Маскву. Ён бараніў усю краіну!». - Гэтую вэрсію падзяляюць ня ўсе. Грыгорый Кручаніца, які кіраваў у 1986 годзе аддзелам Цэнтральнай аэралягічнай абсэрваторыі (Масква), заявіў Naviny.by, што «практычна немагчыма перашкаджаць распаўсюду ў атмасфэры аэразольных часьціц, якія знаходзяцца ў цьвёрдай фазе. Нельга „не пусьціць“ радыяактыўнасьць у нейкі бок, стварыўшы дажджы».
- Брытанскі фізык Алан Флаўэрз, першы заходні навуковец, які праводзіў замеры радыяцыі ў раёне Чарнобыля, сьцьвярджаў: у выніку выпадзеньня асадкаў непаінфармаванае насельніцтва Беларусі атрымала апрамяненьне, у 20–30 разоў вышэйшае за норму.
Пра знойдзены парашок павінны былі далажыць у райкам — паведаміць пра месца і канцэнтрацыю
Па словах Мікалая П. (па ягонай просьбе імя зьмененае), у траўні 1986-га першы сакратар райкаму Васіль Новікаў сабраў партыйных работнікаў і паставіў задачу шукаць у раёне жоўты парашок. Дзеля гэтага сфармавалі групы па двое. Мікалаю выпала працаваць у ваколіцах вёскі Чудзяны. Ён тады ня ведаў, што ўзровень радыяцыі там быў ужо самы высокі на Чэрыкаўшчыне.
Мікалай кажа, што групам не тлумачылі, дзеля чаго трэба шукаць той парашок. На працягу трох дзён ён з напарнікам абыходзіў навакольле, выпытваў у людзей, ці натыкаліся яны на такое рэчыва, але безвынікова. Ці знаходзілі яго іншыя групы, яму невядома. Пра вынікі сваіх пошукаў калегі адзін аднаму не паведамлялі.
«Калі б мы натрапілі на жоўты парашок, то павінны былі паведаміць у райкам пра яго месцазнаходжаньне ды канцэнтрацыю...» — згадвае ён.
«Выпраўлялі, каб упэўніцца, што парашку няма»
Мікалай сьцьвярджае: пазьней сам Новікаў у прыватнай гутарцы расказаў, як самалёты вайскова-паветраных сіл распылялі адмысловае рэчыва, каб асадзіць радыяцыйныя аблокі і не дапусьціць іх на тэрыторыі, блізкія да Масквы. Адсутнасьць жоўтага парашку на зямлі нібыта сьведчыла, што ён растаў.
Паводле Мікалая, ідучы ў зону, ніхто не задумваўся пра ўласную бясьпеку. Адгазьнікаў, рэсьпіратараў і адмысловых камбінэзонаў партыйцы не патрабавалі, бо не разумелі, што такое радыяцыя і якія яе наступствы.
«Тады наагул не было зьвестак пра радыяцыйнае становішча. Дазымэтрычны кантроль яшчэ не праводзіўся», — адзначае былы партыйны работнік.
Ён прыгадвае: калі ў радыяцыйныя раёны пачалі прыяжджаць супрацоўнікі Акадэміі навук, то спачатку «скрозь зубы тым, хто іх суправаджаў, пераказвалі сакрэтную інфармацыю», а потым ужо адкрыта гаварылі пра небясьпеку.
Наколькі яна сур’ёзная, зразумелі, калі ў забруджаныя мясьціны «нагналі сотні „партызанаў“ здымаць верхні пласт радыяцыйнага грунту».
Прыяжджалі ў раён і замежныя адмыслоўцы, якія апавядалі пра наступствы ад радыяцыі. Тлумачылі, як яна перасоўваецца і як далёка яе выявілі ад эпіцэнтру аварыі. Дапускалі, што на Чэрыкаўшчыну яе магло прынесьці і ветрам з самога Чарнобылю.
«За самавольны выезд з радыяцыйных мясьцін выключалі з партыі»
Ад Чарнобылю да Чэрыкаўскага раёну 300 кілямэтраў. 23 тутэйшыя вёскі, у тым ліку Чудзяны, трапілі ў зону адчужэньня з прычыны радыяцыйнага забруджаньня тэрыторыі — людзей зь іх адсялілі, хаты закапалі.
Але, па словах Мікалая П., адсяляць людзей з забруджаных вёсак пачалі толькі гады праз тры пасьля аварыі. Дагэтуль гаворкі пра перасяленьне не было зусім, а спробы зьехаць разглядаліся як панікёрства. Партыйцаў, якія вывозілі сем’і на чыстыя тэрыторыі, выключалі з партыі.
«Я ведаю тры такія выпадкі, — сьцьвярджае Мікалай П. — Уцякалі спэцыялісты, людзі з вышэйшай адукацыяй. Іх выключалі, каб іншыя не пераймалі іхнага прыкладу. Партфункцыянэры даводзілі, што ўсё пад кантролем, а чальцы партыі павінны дэманстраваць пазытыўны настрой».
Ён адзначае, што бальшыня вяскоўцаў таксама не ўспрымала інфармацыю пра небясьпеку.
«Я памятаю, нас, партыйных работнікаў, абавязалі праводзіць сацыялягічныя апытаньні, якімі высьвятлялася, як людзі ставяцца да радыяцыі. Мне давялося працаваць з даяркамі. Слухаючы мяне, яны грэбліва ўсьміхаліся і казалі: „Мы нямала цярпелі — і гэта перацярпім“».
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
- У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
- З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
- З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
- У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.