Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новага міністра аховы здароўя. Што пра яго вядома?

абноўлена

Уладзімер Каранік (справа), новы міністар аховы здароўя, у час наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэра, 29 сьнежня 2017 году
Уладзімер Каранік (справа), новы міністар аховы здароўя, у час наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэра, 29 сьнежня 2017 году

Аляксандар Лукашэнка 11 чэрвеня прызначыў міністрам аховы здароўя Ўладзімера Караніка, які з 2011 году быў галоўным урачом Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэру, піша БелТА.

Уладзімер Каранік нарадзіўся ў 1973 годзе ў Горадні, вучыўся ў Горадзенскім дзяржаўным мэдыцынскім інстытуце, працаваў у РНЦ анкалёгіі, прайшоў шлях ад лекара-стажора да загадчыка цэнтру.

Што вядома пра новага міністра?

  • Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Горадні. Скончыў мясцовы мэдыцынскі інстытут у 1996 годзе.
  • У 1996–2011 годзе працаваў у РНПЦ анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі.
  • Кандыдат мэдычных навук. Абараніў дысэртацыю рака лёгкага.
  • Ад 2011 году быў галоўным урачом Менскага гарадзкога клінічнага анкалягічнага дыспансэру.

Што стала з папярэднім міністрам?

Што сталася з папярэднім міністрам здароўя Валерам Малашкам, не паведамляецца. Ён узначальваў Мінздароўя са студзеня 2017 году. На сайце міністэрства ён яшчэ значыцца міністрам.

У час, калі Малашка кіраваў міністэрствам, разгарнулася маштабная карупцыйная «справа мэдыкаў».

«Гэта ж ганьба, калі зьнізу даверху павязаныя хабарамі кіраўнікі ўстановаў і арганізацыяў! — абураўся Лукашэнка перад новым міністрам. — Прытым добрыя кіраўнікі, якія сябе добра як спэцыялісты зарэкамэндавалі, ня будзем называць прозьвішчы.

Да гэтага часу да мяне ходзяць, просяць: унікальны чалавек, адпусьціце, ён будзе там дняваць і начаваць ва ўстанове аховы здароўя. Хабары, якія ўзяў, вярнуў у падвойным памеры — трэба дараваць. Сяджу і думаю: а як дараваць?

Бо папярэджваў жа ўсіх, што карупцыя — гэта не пра Беларусь. Дараваньня ня будзе нікому. Трошкі прыбурэлі, як у народзе кажуць, знахабіліся, таму ўсіх трэба прывесьці да прытомнасьці. І вы гэта можаце зрабіць».

«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць

Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу

  • 430 («Атрыманьне хабару»),
  • 431 («Даваньне хабару»)
  • 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)

Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

  • 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).​
  • 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.​
  • 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).​
  • 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
  • Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
  • 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
  • 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
  • 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
  • 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.

«Ідзі і грабі». Былы высокапастаўлены чыноўнік Мінздароўя камэнтуе «справу мэдыкаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG