Міністар аховы здароўя Нямеччыны Енс Шпан прапанаваў штрафаваць бацькоў, якія адмаўляюцца вакцынаваць сваіх дзяцей ад адру. Ён заявіў пра гэта ў камэнтары выданьню Bild.
Па словах Шпана, ён распрацаваў законапраект, у якім прапануе штрафаваць тых, хто не зрабіў прышчэпку, на 2,5 тысячы эўра, а таксама не дапускаць дзяцей, у якіх няма прышчэпкі ад адру, у дзіцячыя сады.
«Мы хочам абараніць усіх дзяцей ад заражэньня на адзёр», — сказаў міністар. Ён дадаў, што бацькі, чые дзеці ўжо ходзяць у дзіцячыя сады і школы, а таксама тыя, хто толькі зьбіраецца туды, павінны будуць падаць сэртыфікат аб праходжаньні вакцынацыі або дакумэнт, які сьведчыць яе немагчымасьць па мэдычных прычынах.
Паводле ацэнак Інстытуту Робэрта Коха, ад адру ў Нямеччыне прышчэплены 93% дзяцей. Шпан хоча, каб такіх было як найменей 95%, каб спыніць распаўсюд хваробы. За першыя 10 тыдняў 2019 году ў Нямеччыне паведамілі аб 203 выпадках адру.
Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя, ва Ўкраіне з пачатку году на адзёр захварэлі больш за 43 000 чалавек. Па дадзеных Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ), Украіна ўзначаліла дзясятку краінаў, дзе ў 2018 годзе было зарэгістравана найбольшая колькасьць выпадкаў захворваньня на адзёр.
Адзёр — вельмі заразная інфэкцыйная хвароба, якая перадаецца ад хворага чалавека да здаровага паветрана-кропельным шляхам, гэта значыць падчас чханьня, кашлю або размовы хворага. Вірус адру можа жыць у паветры і на паверхнях да двух гадзін пасьля таго, як хворы чалавек пакінуў памяшканьне.
Дзевяць зь дзесяці невакцынаваных людзей, якія кантактуюць з хворым, будуць заражаныя. Захворваньне на адзёр можа мець цяжкую форму і прывесьці да сур’ёзных ускладненьняў — пнэўманіі, вушной інфэкцыі, запаленьня мозгу (энцэфаліту), а таксама да інваліднасьці і сьмерці.
Спэцыфічнага лячэньня ад адру няма. Адзіны спосаб прадухіліць ускладненьні і сьмерці ад адру — вакцынацыя.