Амэрыканскае выданьне сьцьвярджае, што зводны брат лідэра КНДР даваў інфармацыю амэрыканскім спэцслужбам.
Кім Чэн Нам, зводны брат паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына, які быў забіты ў Малайзіі ў 2017 годзе, зьяўляўся інфарматарам Цэнтральнага выведнага ўпраўленьня ЗША, паведаміў Wall Street Journal (WSJ).
У сваім матэрыяле выданьне спасылаецца на неназванага «чалавека, дасьведчанага ў гэтым пытаньні», і адзначае, што многія дэталі адносінаў Кім Чэн Нама з ЦРУ застаюцца няяснымі.
Пацьверджаньня інфармацыі WSJ зь іншых крыніц пакуль няма. ЦРУ адмовілася ад камэнтароў.
WSJ спасылаецца на сваю крыніцу, якая адзначае, што паміж ЦРУ і Кім Чэн Намам «была сувязь». «Некалькі былых службовых асобаў ЗША заявілі, што зводны брат, які шмат гадоў жыў па-за межамі Паўночнай Карэі і ня меў палітычнай падтрымкі ў Пхэньяне, наўрад ці мог даваць падрабязнасьці аб унутраным жыцьці краіны», — гаворыцца ў артыкуле.
Былыя афіцыйныя асобы ЗША таксама заявілі, што хутчэй за ўсё Кім Чэн Нам зьвязваўся са спэцслужбамі іншых краінаў, у прыватнасьці Кітаю, піша WSJ.
Прадстаўнікі Паўднёвай Карэі і ЗША заявілі, што ўлады Паўночнай Карэі далі загад забіць Кім Чэн Нама, які крытыкаваў дынастычнае праўленьне сваёй сям’і. Пхэньян абверг гэтыя абвінавачваньні.
45-гадовы Кім Чэн Нам памёр па дарозе ў бальніцу 13 лютага 2017 году, пасьля таго, як ён нібыта быў атручаны дзьвюма жанчынамі, што падышлі да яго ў Міжнародным аэрапорце Куала-Лумпура, адкуль ён зьбіраўся вылецець у Макао, сьцьвярджалі малазійскія і паўднёвакарэйскія афіцыйныя асобы.
У сакавіку 2019 году суд у Малайзіі вызваліў з-пад варты адну з падазраваных — 26-гадовую грамадзянку Інданэзіі Сіці Айш’я. У траўні 2019 году другая жанчына — 28-гадовая грамадзянка Віетнаму Доан Тхі Хуонг выйшла на волю празь месяц пасьля прысуду.
Згодна з артыкулам WSJ, Кім Чэн Нам прыехаў у Малайзію ў лютым 2017 году, каб сустрэцца са сваёй кантактнай асобай з ЦРУ, хоць гэта, магчыма, і не было адзінай мэтай паездкі.