Блогер з Беларусі Ўлад Бумага для пяці мільёнаў карыстальнікаў мабільнай плятформы Instagram тлумачыць, што правільна казаць «Беларусь», а не «Белоруссия». І вучыць слову «падабайка».
Блогер з Расеі Юры Дудзь на сайце Youtube выстаўляе дзьвюхгадзінны фільм пра сталіншчыну і ГУЛАГ. Фільм паглядзелі амаль пятнаццаць мільёнаў чалавек, у тым ліку зь Беларусі.
Амэрыканская кампанія HBO выпускае міні-сэрыял «Чарнобыль», які прыцягвае да сябе ўвагу ўсяго сьвету.
А амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка на Дні Расеі ў Беларусі са сцэны шкадуе пра развал СССР: «Большасьць беларусаў і расейцаў сёньня, відаць, шкадуюць пра распад вялікага Савецкага Саюзу»; «Пры іншых абставінах у гэтай краіны, відаць, магло б атрымацца крыху лепш».
Уладзімер Сямашка ведае, да каго зьвяртаецца. Да немаладых людзей з Расеі і Беларусі, якія так і не зьмірыліся са зьнікненьнем СССР. Той краіны няма, а гэтыя людзі ня проста ёсьць, яны — выбарнікі, электарат. І зь імі трэба працаваць. Усё было б зразумела, калі б спадар Сямашка рэпрэзэнтаваў палітычную партыю. А так выглядае больш чым дзіўна: афіцыйна рэпрэзэнтаваць сваю краіну за мяжой і пры гэтым публічна шкадаваць, што твая краіна атрымала незалежнасьць.
Прыклады з блогерамі і сэрыялам «Чарнобыль» дэманструюць простую ісьціну: калі хочаш актуалізаваць тую ці іншую тэму, зрабі цікавую карцінку. Лепш відэа. Вось, напрыклад, чарнобыльская трагедыя, якая датычыць кожнага жыхара Беларусі. Трагедыя, якая прымільгалася і перастала выклікаць эмоцыі, раптам загучала па ўсіх сацсетках і мэдыях байнэту.
«У 1986-м мне было (тры, пяць, пятнаццаць) гадоў, і вось што я вам раскажу пра сваё жыцьцё». Прыблізна так пачынаецца мноства допісаў у маёй стужцы ў Фэйсбуку. 26 красавіка на гадавіну Чарнобылю такіх пастоў не было. Па выхадзе фільму — ёсьць.
А пра што можа зьняць якаснае відэа Ўладзімер Сямашка — пра добры СССР? Сэрыял «Чарнобыль» яскрава дэманструе новай генэрацыі, што СССР — гэта ў першую чаргу татальная хлусьня на дзяржаўным узроўні.
Апэлюючы да СССР, улада карыстаецца празьмернай узроставай сталасьцю жыхароў Беларусі, сантымэнтамі па часах юнацтва немаладых ужо людзей. І тактычна выйграе. Але стратэгічна той самы Ўладзімер Сямашка гуляе супраць будучыні сваіх унукаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.