«У нас складана знайсьці лякацыі, дзе ёсьць закінутыя прадпрыемствы».
Пяты і апошні эпізод амэрыканска-брытанска сэрыялу «Чарнобыль» выйдзе ў ноч з 3 на 4 чэрвеня. Амэрыканскі HBO і брытанскі Sky першапачаткова плянавалі здымкі ва Ўкраіне, але большую частку ў выніку вялі ў Літве (дзе аўтарам прапанавалі зьніжкі і страхаваньне інвэстыцыйных рызык). Хоць адна з галоўных гераіняў сэрыялу паходзіць зь Менску, у Беларусі не здымалі.
Уладзімер Карачэўскі, год таму прызначаны дырэктарам «Беларусьфільму», у інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу «Беларусь-1» растлумачыў, чаму сэрыял не здымалі ў Беларусі.
Паводле яго, аўтары «добра ведаюць магчымасьці „Беларусьфільму“, нашую багатую касьцюмерную, зброевую і рэквізытарскую базу, і выкарыстоўвалі нашыя магчымасьці», але здымак у Беларусі не вялі, бо «тут складана знайсьці лякацыі, дзе ёсьць закінутыя прадпрыемствы».
Тым ня менш ён заявіў пра неабходнасьць «адкрываць Беларусь для кінавытворцаў з усяго сьвету», прывёў у прыклад прыток турызму ў Харватыю і Чарнагорыю, які зьвязаў з сэрыялам «Гульня тронаў».
Таксама Карачэўскі расказаў, што дзяржаўная кінастудыя цяпер шукае «добры сцэнар для фільму пра нашую сучасную Беларусь», бо «гэтая тэма ў нас недасказаная, а беларусам ёсьць чым ганарыцца».
«Чарнобыль» ад HBO — мастацкі, а не дакумэнтальны сэрыял, але яго сюжэт даволі блізкі да рэальных падзеяў, аўтары ўжывалі ў тым ліку кнігу «Чарнобыльская малітва» Сьвятланы Алексіевіч. Першыя чатыры эпізоды высока ацэненыя крытыкамі і гледачамі — паводле рэйтынгу IMDb, гэта наогул найлепшы сэрыял за ўсе часы.