Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарнобыль» і яшчэ 10 фільмаў пра аварыю на ЧАЭС


Прыпяць
Прыпяць

У траўні адбылася прэм’ера амэрыканска-брытанскага сэрыялу «Чарнобыль» (Chernobyl), які распавядае пра найвялікшую тэхнагенную катастрофу ХХ стагодзьдзя. Фільм, які можна паглядзець у стрымінгавых інтэрнэт-сэрвісах, выклікаў захопленыя водгукі аматараў і крытыкаў. Свабода зрабіла падборку іншых мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў, прысьвечаных аварыі на ЧАЭС.

Мастацкае кіно

Chernobyl / «Чарнобыль» (2019)

Падзеі міні-сэрыялу адбываюцца ў 1986 годзе, калі на Чарнобыльскай АЭС выбухнуў чацьвёрты энэргаблёк, што прывяло да найвялікшай у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофы.

Фільм, які шмат у чым базуецца на рэальных гістарычных падзеях, паказвае як трагедыю жыхароў Прыпяці, работнікаў станцыі і ліквідатараў, гэтак і тое, што адбывалася ў крамлёўскіх кабінэтах.

Над сэрыялам працавалі два гады, асноўныя здымкі адбываліся ва Ўкраіне і Літве (Вільня, Коўна і Ігналінская АЭС). Адна з асноўных гераінь карціны — фізык-ядзершчык зь Менску Ўльляна Хамюк (прыдуманы пэрсанаж), якая, паводле сюжэту, раней за работнікаў ЧАЭС зразумела маштабы трагедыі.

The Door / «Дзьверы» (2008)

Фільм ірляндзкай рэжысэркі Хуаніты Ўілсан «Дзьверы» намінаваўся на атрыманьне прэміі «Оскар» у катэгорыі «найлепшы кароткамэтражны мастацкі фільм». У аснову сюжэту пакладзены «Маналёг пра цэлае жыцьцё, напісаны на дзьвярох» — гісторыя з кнігі «Чарнобыльская малітва» Сьвятланы Алексіевіч.

«Год Сабакі»​ (1994)

«Год Сабакі» — мастацкі фільм, драма рэжысэра Сямёна Арановіча, вытворчасьці Расеі і Францыі. Былы крымінальнік Сяргей знаёміцца зь Верай — немаладой няшчаснай жанчынай, якая жыве ў інтэрнаце. Пасьля таго, як Сяргей зьдзяйсьняе чарговае злачынства, яны бягуць разам, і па дарозе выпадкова трапляюць у зону, заражаную радыяцыяй. Сяргей вырашае там застацца, але Вера не пакідае яго. У гэты момант у зону наведваюцца трое марадзёраў.

«У суботу»​ (2011)

«У суботу» —­ мастацкі фільм Аляксандра Міндадзэ 2011 году. Дзеяньне фільму адбываецца на працягу аднаго дня. Галоўны герой, «маленькі, амаль мізэрны чалавек», становіцца сьведкам аварыі на ЧАЭС і аказваецца перад маральным выбарам —­ расказаць пра гэта блізкім, папярэдзіць іх пра небясьпеку або, як патрабуе начальства, ня сеяць панікі. Герой беспасьпяхова спрабуе ўцячы з зоны катастрофы, аднак абставіны аказваюцца вышэй за яго і ён трапляе ў самае пекла.

Chernobyl Diaries (2012)

Амэрыканскі фільм жахаў рэжысэра Брэдлі Паркера. Дзеяньне адбываецца ў Зоне адчужэньня Чарнобыльскай АЭС. Слоган фільму: Дзесяць гадоў таму ўрад дазволіў экскурсіі ў «Мёртвы горад». Яны сьцьвярджалі, што гэта бясьпечна... яны памыляліся.

Дакумэнтальнае кіно

«Забароненая зона»​ (2007)

У фільме Віктара Корзуна галоўная гераіня — дазымэтрыстка прылеглай да зоны адсяленьня вёскі Настасься Пятроўна, ліквідатар. Аўтары фільм наўмысна не называюць прозьвішча жанчыны, вёску і раён, дзе адбываліся здымкі.

Seconds From Disaster. Meltdown in Chernobyl / «За сэкунду да катастрофы. Крызіс у Чарнобылі» (2004)​

Фільм каналу National Geographic — адзін з тых, дзе паступова, крок за крокам разьбіраюцца падзеі той страшнай ночы, камэнтары сьведкаў, а таксама магчымыя прычыны трагедыі — чым была ў свой час Чарнобыльская АЭС для Савецкага Саюзу

«Чарнобыль 3828»​ (2011)

Украінскі фільм — успамін аднаго зь ліквідатараў. Што ж за лічба 3828? А гэта тая колькасьць людзей, якія ў 1986 годзе змагаліся з наступствамі выбуху на Чарнобыльскай станцыі і ахвяравалі жыцьцём.

The Battle of Chernobyl / «​Чарнобыльская бітва»​ (2006)

Дакумэнтальны фільм каналу Discovery — гісторыя, адноўленая з архіўных запісаў, фотаздымкаў і камэнтароў сьведкаў і адмыслоўцаў, у якой расказваецца пра нечалавечыя ўмовы, што былі пастаўлены перад ліквідатарамі і «біяробатамі» — людзьмі, што працавалі падчас ліквідацыі наступстваў станцыі.

Disaster at Chernobyl​ / «Трагедыя ў Чарнобылі» (2004)

Яшчэ адзін дакумэнтальны фільм пра аварыю на ЧАЭС і ліквідацыю наступстваў. Рэдкія кадры.​

«Чарнобыль. Ліквідатары»​ (2011)

Расейскі караткамэтражны фільм, менш за 5 хвілінаў, у якім паказваецца гераічны вычын людзей, што працавалі пасля аварыі на ЧАЭС, гэта людзі, якія зрабілі тое, што нават тэхніцы і сучасным, на той час, робатам было зрабіць не пад сілу.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG