Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі актор сэрыялу «Чарнобыль»: «Паклікалі на ролю правай рукі прафэсара, а стаў галоўным лекарам»


Кадар з сэрыялу «Чарнобыль»
Кадар з сэрыялу «Чарнобыль»

20 траўня на стрымінгавых інтэрнэт-сэрвісах будзе даступны трэці эпізод амэрыканска-брытанскага міні-сэрыялу «Чарнобыль» (Chernobyl), які распавядае пра найвялікшую тэхнагенную катастрофу ХХ стагодзьдзя. Ён мае назву «Адкрыйся шырока, Зямля!» (Open Wide, O Earth). Дзьве першыя часткі — «1:23:45» (дакладны час аварыі. — РС) і «Калі ласка, захоўвайце спакой» — зьявіліся 6 і 13 траўня. Усяго выйдзе пяць сэрый.

Расейскамоўны трэйлер сэрыялу «Чарнобыль»

Падзеі стужкі пераносяць у 1986 год, калі на Чарнобыльскай АЭС выбухнуў чацьвёрты энэргаблёк, што прывяло да выкіду ў атмасфэру вялізнай колькасьці радыяактыўных рэчываў і, як вынік, забруджваньня значнай тэрыторыі, перадусім гэта тычыцца Беларусі. Фільм базуецца на рэальных падзеях і паказвае трагедыю жыхароў Прыпяці, работнікаў станцыі і ліквідатараў, а таксама паніку ў партыйных кабінэтах.

Трэйлер трэцяга эпізоду сэрыялу «Чарнобыль»

Вярнуцца ў віртуальны «Чарнобыль»

Здымачная група на чале зь вядомым швэдзкім кліпмэйкерам і кінарэжысэрам Ёханам Рэнкам (сэрыялы «Ва ўсе цяжкія», «Хадзячыя мерцьвякі», «Вікінгі», «Радавод») працавала больш за два гады, асноўныя здымкі адбываліся ва Ўкраіне (раён ЧЭАС) і Літве (Вільня, Коўна, Шырвінтас, Ігналінская АЭС). Адна з асноўных гераінь карціны — фізык-ядзершчык зь Менску Ўльляна Хамюк (прыдуманы пэрсанаж), якая раней за работнікаў ЧАЭС зразумела маштабы і наступствы трагедыі.

Яўген Кеппул (справа) у ролі галоўнага лекара шпіталя
Яўген Кеппул (справа) у ролі галоўнага лекара шпіталя

У масавых сцэнах былі занятыя непрафэсійныя акторы. Адзін зь іх — віленчук Яўген Кеппул (на такім напісаньні прозьвішча на ўсіх мовах настойвае сам Яўген. — РС). Чарнобыль наўпрост паўплываў на ягоны асабісты лёс, прымусіўшы пакінуць Беларусь.

У размове са Свабодай спадар Яўген расказаў, што ў 1987-м ён скончыў колішні Беларускі дзяржаўны інстытут мэханізацыі сельскай гаспадаркі і быў разьмеркаваны ў адзін з саўгасаў Гомельскай вобласьці. Пасьля чарнобыльскай катастрофы мінуў усяго год. Малады інжынэр толькі нядаўна ажаніўся, нарадзіўся сын. Тады на сямейнай нарадзе вырашылі ня ехаць у зону, а рушыць у Літву, да бацькоў жонкі.

Зь Беларусьсю ў сэрцы
Зь Беларусьсю ў сэрцы

Апошнія 30 гадоў жыве ў Вільні, займаецца грамадзкай дзейнасьцю. Быў намесьнікам старшыні Таварыства беларускай мовы Віленскага краю, нейкі час працаваў на радыё «Балтыйскія хвалі» і тэхнічным рэдактарам газэты беларусаў Літвы «Рунь».

«Сапраўды, тэма Чарнобылю мне блізкая, я добра памятаю тыя красавіцкія дні 1986 году, — згадвае Яўген Кеппул. — Я тады жыў пад Менскам у пасёлку Прывольны, шмат жыхароў якога працавалі ў Інстытуце ядзернай энэргетыкі ў Соснах, літаральна за чатыры кілямэтры ад нас. Ад іх я і даведаўся пра чарнобыльскую аварыю, і было гэта ўвечары 26 красавіка. Нават замежныя інфармацыйныя агенцтвы паведамілі навіну толькі праз пару дзён... Зьняўшыся ў сэрыяле, як бы ізноў перажываю тыя падзеі. Прычым двойчы: першы раз на здымачнай пляцоўцы, а другі — калі гляджу кіно».

Адпаведнасьць рэальным падзеям таго, што паказваецца на экране, суразмоўца ацэньвае як «надзвычай праўдападобную»: маўляў, так усё і было. Хоць, безумоўна, «праўда жыцьця» і «праўда кіно» крыху адрозьніваюцца.

Кадар з сэрыялу «Чарнобыль»
Кадар з сэрыялу «Чарнобыль»

«Напрыклад, на экране бачым, як супрацоўнікі Інстытуту ядзернай энэргетыкі даведваюцца, што ўзровень радыяцыі падвышаны — не ў памяшканьнях, дзе іхны ўласны рэактар, а звонку. Адбывалася так. Пасьля працоўнай зьмены ўсе ідуць у душ, а каля выхаду кожнага правяраюць з дазымэтрам. У гэты дзень кантралёры відавочна былі занепакоеныя, адпраўлялі ў душ па некалькі разоў і нікога не выпускалі. Бегалі па лябараторыях, рабілі замеры. Пакуль нехта ня выйшаў на вуліцу і не памераў там. Пачаліся тэлефанаваньні да калегаў па ядзерных дасьледаваньнях (як і ў сэрыяле), і тады даведаліся: аварыя ва Ўкраіне».

У той жа суботні вечар праз знаёмых гэтая пагалоска дакацілася і да сям’і спадара Яўгена. Праўда, слова «Чарнобыль» яшчэ не гучала, толькі «дзесьці ва Ўкраіне». А ў панядзелак у сярэднюю школу пасёлка Сосны прыйшлі супрацоўнікі інстытуту і правялі інструктаж, як сябе паводзіць. Паводле суразмоўцы, абсалютна зразумела, што ніякага дазволу на гэта ад партыі і ўраду не паступала, хутчэй за ўсё, была прыватная ініцыятыва нейкага сумленнага чалавека, які і стаў прататыпам гераіні сэрыялу Ульляны Хамюк.

Эмілі Ўотсан у ролі навукоўцы Ўльляны Хамюк
Эмілі Ўотсан у ролі навукоўцы Ўльляны Хамюк

​«Біяробаты» прафэсара Лягасава

Яўген Кеппул кажа, што стаць «акторам» у Літве нескладана: круглы год інтэрнацыянальныя кінэматаграфісты здымаюць дзясяткі разнажанравых стужак. Ахвотным далучыцца да працэсу неабходна адзначыцца ў акторскім агенцтве, і пры патрэбе цябе запросяць. Калі роля больш-менш сур’ёзная, трэба прайсьці кастынг. А як звычайная масоўка, такой неабходнасьці нават няма. Праўда, тады і грошай менш атрымаеш.

Яўген Кеппул у стужцы нарвэскіх кінэматаграфістаў: прыхадзень з ХІХ стагодзьдзя
Яўген Кеппул у стужцы нарвэскіх кінэматаграфістаў: прыхадзень з ХІХ стагодзьдзя

Сам ён ужо зьбіўся зь ліку, колькі разоў «трапляў у кадар» — агулам некалькі дзясяткаў карцін. Прычым гаворка толькі пра мастацкія і адукацыйныя фільмы. Яшчэ больш розных кліпаў і ролікаў: рэклямаваў ад банкаў і фінансавых кампаній да піва і чыпсаў.

Кажа, што ў выпадку з «Чарнобылем» спачатку яго запрасілі на ролю правай рукі прафэсара Валерыя Лягасава — аўтарытэтны савецкі хімік узначаліў тэхнічную камісію ў расьсьледаваньні прычынаў катастрофы. Прычым у літаральным сэнсе рукі.

Выканаўца галоўнай ролі Джэрард Гарыс паводле сцэнару сам павінен быў рабіць запісы, але, паглядзеўшы факсыміле арыгінальных нататак навукоўца, заявіў, што ніколі ня здолее вывесьці на паперы гэтыя «славянскія пісьмёны». Так яму знайшлі дублёра, і Яўген Кеппул пачаў вучыць формулы Лягасава: «15 тыс. рентген, на крыше — до 2 мин. биороботы».

Джэрард Гарыс у ролі прафэсара Валерыя Лягасава
Джэрард Гарыс у ролі прафэсара Валерыя Лягасава

«Хлусьня, што ліквідатараў, якія зьбіралі кавалкі графіту на даху АЭС, „біяробатамі“ назвалі замежныя журналісты. Так іх ахрысьціў сам Лягасаў, — кажа ён. — Мяне адвезьлі за горад, дзе быў змантаваны макет станцыі, каля яго здымалі пажарных і салдатаў (адразу кінулася ў вочы вялікая колькасьць савецкай тэхнікі, вайсковай і цывільнай — дзе толькі адшукалі?). Пераапранулі, як Лягасава, на правай руцэ састрыглі пазногці і пагалілі валасы, каб была падобнай на руку актора. Я сядзеў да ночы і чакаў, але да здымак справа так і не дайшла, адвезьлі дадому. Грошы атрымаў, а ці здымалі каго іншага ў ролі „правай рукі“, ня ведаю».

Другі эпізод з удзелам Яўгена Кеппула здымалі ў райцэнтры Шырвінтас. Толькі там знайшлі памяшканьні, якія нагадвалі савецкі шпіталь 1980-х — у астатніх літоўскіх клініках даўно ўжо зроблены «эўрарамонт». Даверылі ролю доктара. У якасьці рэквізыту выдалі вялізныя старыя акуляры і разам зь іншымі «мэдыкамі» сказалі надзець белую шапачку.

Яўген Кеппул падчас здымак на вуліцах Коўна
Яўген Кеппул падчас здымак на вуліцах Коўна

«Пабачыў сябе ў пары фрагмэнтах другой сэрыі — дакладна нават ня ведаю, быў я загадчыкам аддзяленьня ці галоўным лекарам, — усьміхаецца суразмоўца. — Кадры, дзе дзяўчаты ў белых халатах носяць зьнятую з пажарных форму, здымалі там жа, у падвале клінікі. Тады я добра разгледзеў рэжысэра Ёхана Рэнка. Стыльны, сучасны мужчына з тату, пярсьцёнкамі ды бранзалетамі. Потым даведаўся, што ён у маладосьці ня толькі здымаў кліпы з Дэвідам Боўі, Мадонай, Біёнсэ, Кайлі Міноўг, Робі Ўільямсам, але і сам сьпяваў пад імем Stakka Bo. У 1990-я ягоныя рэчы займалі першыя радкі ў хіт-парадах».

Сам жа актор на той момант быў абазнаны толькі пра тое, што Ёхан Рэнк зьняў культавае «Вяртаньне жывых мерцьвякоў».

Радыяактыўныя хмары над Менскам

Яўген Кеппул запэўнівае, што, як «масоўшчык» зь вялікім стажам, адразу адчувае, чаго варты той ці іншы праект. Гэтым разам атмасфэра сур’ёзнасьці пад сумнеў нават ня ставілася.

У ролі сакратара Напалеона Банапарта
У ролі сакратара Напалеона Банапарта

«Ужо тады адчуў, што сэрыял будзе жахлівы — найперш эмацыйнай напружанасьцю. Так і атрымалася, — працягвае ён. — Многія, хто паглядзеў першыя сэрыі, лічаць, што фільм праўдзівы. Вось і я зноў вяртаюся ў 1986-ы. У Менску стаяла цёплае сонечнае надвор’е. Калегі-студэнты шырока расчынілі вокны інтэрнату, многія загаралі на інстытуцкім стадыёне і нават на дахах „абшчаг“. На мае заўвагі пра радыяцыю адказвалі сьмехам і жартамі: маўляў, ня вер забугорным галасам, усё яны хлусяць. Казаў, што супрацоўнікі „Соснаў“ рэкамэндавалі сядзець у памяшканьнях, зачыняць форткі і ня есьці нічога, што расьце на двары... Ніхто мяне ня слухаў».

Першага траўня савецкі студэнт Яўген Кеппул першы і апошні раз удзельнічаў у сьвяточнай дэманстрацыі. Сонца ўжо не было, ішоў дробны дожджык. Пазьней даведаўся, што гэта былі штучныя ападкі — самалёты пасыпалі аблокі адмысловым парашком, каб хмары не дайшлі да крамлёўскіх босаў у Маскве.

На здымках рэклямнага роліка
На здымках рэклямнага роліка

Прыгадвае, што некалькі ягоных аднагрупнікаў праігнаравалі сьвята працоўных і ўжо на наступны дзень зьявіўся загад дэкана пра пазбаўленьне іх стыпэндыі тэрмінам на два месяцы. Дагэтуль шкадуе, што ня зьняў зь дзьвярэй тую паперку — быў бы яшчэ адзін дакумэнтальны доказ злачынстваў савецкага рэжыму супраць уласнага народу.

Яўген Кеппул нарадзіўся ў расейскай Сыбіры, продкі па бацькавай лініі — з Латвіі. У Беларусь прыехаў з маці ў 1969 годзе, і адразу ж падышоў час ісьці ў 1 клясу. Школа была беларускамоўная, а малы Жэня да гэтага ня чуў ніводнага беларускага слова. Урэшце мову ня толькі засвоіў, але і стаў беларускім патрыётам. І толькі Чарнобыль зламаў усе пляны...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG