Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На агучваньне кінастужкі пра Першую ўсясьветную вайну бракуе сродкаў 


Здымкі каля вёскі Карані пад Смаргонямі
Здымкі каля вёскі Карані пад Смаргонямі

Стваральнікам поўнамэтражнага мастацкага фільму пра падзеі Першай усясьветнай вайны ў Беларусі бракуе грошай агучыць карціну​.

Здымкі стужкі пад працоўнай назвай «Смаргоні. Вайна сумленьня» адбываліся ў пачатку 2019 году. Гэтае месца для батальных сцэнаў на Горадзеншчыне выбранае невыпадкова: у Смаргонях пазыцыйнае супрацьстаяньне расейскага і германскага войскаў расьцягнулася больш як на 800 дзён. Гэта першы зварот беларускіх кінэматаграфістаў да тэмы ліхалецьця 1914–1918 гадоў.

Момант здымкаў
Момант здымкаў

Рэжысэрам выступіў Аляксей Туровіч. Ён жа і сцэнарыст, у аснову сюжэту лягла ягоная кніга «Забытая вайна». Адпачатку прэм’ера была запланаваная на сёлетнюю восень, але тэрміны могуць быць перанесеныя на няпэўны час.

Тэхнічна карціна змантаваная, засталося яе толькі агучыць. Але вольныя сродкі скончыліся, праца прыпыненая. Адкрыты адмысловы рахунак.

У кадры санітарны абоз
У кадры санітарны абоз

Раней рэжысэр казаў Свабодзе, што кіно робіцца асабістым коштам. Усе спробы займець дзяржаўную падтрымку аказаліся марнымі. Некалькі разоў ён сустракаўся з кіраўніцтвам Міністэрства культуры Беларусі, прапаноўваў зьняць карціну да 100-годзьдзя пачатку вайны, а пасьля — да юбілею яе заканчэньня. Ідэя чыноўнікаў не зацікавіла, сцэнар нават не дапусьцілі да ўдзелу ў конкурсе.

Летась Аляксей Туровіч гэтаксама ўласным коштам экранізаваў «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава — пра сталінскія расстрэлы ў Курапатах. Пракат у Беларусі быў абмежаваны, бальшыня кінатэатраў адмаўлялася ад паказаў. У той жа час у YouTube стужка ўжо набрала больш за 5 мільёнаў 600 тысяч праглядаў, гледачы пакінулі больш за 5 тысяч камэнтароў.

Аляксей Туровіч у ролі царскага афіцэра
Аляксей Туровіч у ролі царскага афіцэра

Сюжэтная лінія стужкі грунтуецца на гісторыі артылерыста Генадзя Маркоўскага. У 1915-м ён вызваўся добраахвотнікам у расейскае войска і адразу трапіў у «пекла» — на лінію фронту ў Смаргонях. Адсюль піша лісты сваёй каханай дзяўчыне Ніне, у якіх расказвае пра жахі і бессэнсоўнасьць вайны.

Адрозна ад многіх таварышаў па службе, яму пашчасьціла выжыць. На ягоныя ўспаміны падчас працы ў архівах і наткнуўся Аляксей Туровіч. А яшчэ кіно — пра тых беларусаў, якія вымушана ваявалі за чужыя інтарэсы, кажа рэжысэр.

Перапынак паміж здымкамі
Перапынак паміж здымкамі

Фільм здымаўся ў натуральных гістарычных дэкарацыях: на ўскрайку Смаргоняў у выдатным стане захавалася германская фартыфікацыя, сіламі энтузіястаў упарадкаваныя і расейскія пазыцыі. Для здымак пасярод кустоўя быў пастаўлены зруб сялянскай хаты, адноўлены антураж нямецкага дота. Былі адзьнятыя сцэны артылерыйскага абстрэлу, рукапашнага баяў, вывазу забітых, параненых і атручаных.

Да працэсу былі далучаныя ўдзельнікі аматарскіх тэатраў, навучэнцы менскай студыі кінаактораў, рэканструктары з пошукавага аб’яднаньня «Смаргоні франтавыя», валянтэры з розных рэгіёнаў, якія адгукнуліся на прапанову зьняцца ў кіно за інтарэс.

Але каб першая беларуская кінастужа пра падзеі 100-гадовай даўнасьці зьявілася на экранах, стваральнікам патрэбная фінансавая дапамога.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG