На месцах баёў Першай усясьветнай у Смаргонскім раёне Горадзенскай вобласьці пачаліся здымкі мастацкага фільму рэжысэра Аляксея Туровіча з працоўнай назвай «У акопах Смаргоняў». Гэта першы зварот беларускіх кінэматаграфістаў да тэмы ваенных падзеяў 1914–1918 гадоў. Рэпартаж Свабоды зь месца здымак.
Артылерыйскія залпы, газавыя аблокі, санітарныя абозы, штыкавыя атакі і братаньне ворагаў — усё як было цягам 1915–1918 гадоў, калі беларускія землі падзяліла лінія фронту. Каля Смаргоняў пазыцыйнае супрацьстаяньне расейскага і германскага войскаў расьцягнулася больш як на 800 дзён. Немцы будавалі доты, расейцы заглыбляліся ў траншэі, адны адных труцілі ды абстрэльвалі.
Прадаць дом, каб зьняць кіно
Здымачны лягер раскватараваны ў Каранях — прыгараднай вёсцы пад Смаргонямі, побач зь якой вырас мікрараён трактарабудаўнікоў. Навокал узбуджанае ажыўленьне. Мужчына вядзе на пляцоўку свайго каня з высокай крытай кібіткай — гэта перасоўны шпіталь часоў Першай усясьветнай. У аўтобусах падвезьлі мэдсясьцёр, яны грэюцца, чакаюць свайго выхаду. Каскадэр Сяргей Катаржэнка навучае актораў прыёмам рукапашнага бою, піратэхнікі ўсталёўваюць выбухоўку, а ля вогнішча грэецца касьцюмаваная масоўка, не задзейнічаная ў эпізодзе. Агулам на пляцоўцы блізу сотні чалавек.
Кіруе ўсім працэсам рэжысэр Аляксей Туровіч. Ён жа і сцэнарыст, бо ў аснове сюжэту — ягоная кніга «Забытая вайна». Асыстэнт рэжысэра — Станіслаў Цыбінскі, музыку піша кампазытар, былы дырэктар Магілёўскай абласной філярмоніі Ўладзімер Браілоўскі.
Кіно робіцца за кошт асабістых сродкаў Туровіча і Цыбінскага: першы прадаў нерухомасьць, другі — два аўтамабілі. Абодва задзейнічаныя ў ролях афіцэраў расейскай арміі.
Спробы Туровіча займець дзяржаўную падтрымку дзеля стварэньня фільму пра Першую ўсясьветную былі марнымі. Некалькі разоў ён сустракаўся з кіраўнікамі Міністэрства культуры Беларусі, прапаноўваў зьняць карціну да 100-годзьдзя пачатку вайны, а пасьля — да юбілею яе заканчэньня. Ідэя чыноўнікаў не зацікавіла, сцэнар не дапусьцілі да ўдзелу ў конкурсе.
«Дырэктар „Беларусьфільму“ Ўладзімер Карачэўскі, калі я дамаўляўся пра рэквізыт, кінуў: ведаеш, што бюджэт такога кіно цягне на 5 мільёнаў даляраў! Як будзеш здымаць на свае капейкі? — кажа Туровіч. — „Моўчкі,— кажу.— Вазьму і буду рабіць“. І здымаю. Дзяржава ні капейкі не дала, хоць грошы на гэты фільм ідуць немалыя. На мне ж усе выдаткі: арэнда абсталяваньня, міліцэйскае суправаджэньне, забесьпячэньне піратэхнікай, абеды акторам. Працоўны матэрыял мы здымем, павінна хапіць. Але ж яшчэ зьвядзеньне, мантаж, праца гукарэжысэра — таксама расходы».
За працэсам здымак у Смаргонях назіраюць прадстаўнікі мясцовых уладаў — начальнік міліцыі і ідэоляг. Аляксей Туровіч — адзін з актыўных абаронцаў Курапатаў, адбываў адміністрацыйнае пакараньне за пікеты супраць дзейнасьці рэстарану «Поедем поедим».
Летась Аляксей Туровіч за ўласныя сродкі экранізаваў «Жоўты пясочак» паводле аднайменнага апавяданьня Васіля Быкава — пра сталінскія расстрэлы ў Курапатах. Пракат у Беларусі быў абмежаваны, бальшыня кінатэатраў адмаўляліся ад паказаў. У той жа час у YouTube стужка набрала амаль 4,5 мільёна праглядаў, гледачы пакінулі больш за 4,5 тысячы камэнтароў.
Пра што фільм?
Сюжэтная лінія стужкі грунтуецца на гісторыі артылерыста Генадзя Маркоўскага. У 1915-м ён вызваўся добраахвотнікам у расейскае войска і адразу трапіў у «пекла» — на лінію фронту ў Смаргонях. Адсюль ён піша лісты сваёй каханай дзяўчыне Ніне, у якіх расказвае пра жахі і бессэнсоўнасьць вайны. Адрозна ад многіх таварышаў па службе, яму пашчасьціла выжыць. На ягоныя ўспаміны падчас працы ў архівах і наткнуўся Аляксей Туровіч. А яшчэ кіно — пра тых беларусаў, якія вымушана ваявалі за чужыя інтарэсы, кажа Свабодзе рэжысэр.
Адной з гераінь уведзена графіня Аляксандра Талстая, дачка Льва Талстога. Яна загадвала палявым шпіталем у Залесьсі, які быў разгорнуты ў колішняй сядзібе кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага. Будуць і іншыя пэрсанажы, правобразы якіх сталі потым знакамітымі пісьменьнікамі, артыстамі, канструктарамі.
Да тэмы Першай усясьветнай вайны ў Туровіча свой інтарэс. Ён рос у дзіцячым доме ў суседняй Ашмяне, часта яго прывозілі на сустрэчы і спартовыя спаборніцтвы ў такую ж установу ў Смаргонях. Калі ўжо пачаў рабіць кар’еру ў кіно, па старой памяці наведваў інтэрнаты, дапамагаў ім і шмат езьдзіў па ваколіцах Смаргоняў, бачыў сьляды забытай вайны. Тады і зьявілася ідэя паказаць смаргонскую старонку Першай усясьветнай.
Здымкі ідуць на месцах былых баёў
Большую частку амуніцыі, артылерыйскай і табэльнай зброі арандавалі на кінастудыі «Беларусьфільм». Як кажа Станіслаў Цыбінскі, там запатрабавалі за гэта каля 5 тысяч даляраў — па ўдвая большых расцэнках, чым для расейскіх сэрыяльшчыкаў. У выніку лепшы рэквізыт забралі на здымкі ў Астрахань, Туровічу далі тое, што засталося.
На здымкі ў масоўцы прыехалі сябры клюбаў вайскова-гістарычнай рэканструкцыі з розных месцаў — у іх свая амуніцыя.
«Кінастудыя ўзяла вялікія грошы, але паглядзіце, якое „шыла“ падсунулі, — паказвае мундзір асыстэнт рэжысэра Цыбінскі. — Шынялі парваныя, без падкладкі, штаны паедзеныя мольлю, шапкі без кукардаў, боты ўсе 44-га памеру. У нас здымаюцца 17—18-гадовыя хлопцы, дык вымушаныя ў тры слаі намотваць анучы, каб не згубіць абутак падчас здымкаў. Некаторыя сцэны складана ўзяць буйным плянам: рэквізыт вычарпаў свой рэсурс і насамрэч яго трэба сьпісваць. А яны толькі пагражаюць штрафам, калі мы форму „сапсуем“. Але даводзіцца карыстацца тым, што ёсьць».
Кіраўніцтва «Беларусьфільму» абвяргае асыстэнта рэжысэра Станіслава Цыбінскага. У атрыманым Свабодай лісьце за подпісам генэральнага дырэктара Ўладзімера Карачэўскага гаворыцца, што кошт абутку і вопраткі разьлічаны на падставе зацьверджанага прэйскуранту кінастудыі, аднолькавага для ўсіх юрыдычных асобаў — у тым ліку для расейскіх «сэрыяльшчыкаў».
«Усе касьцюмы адбіраў асабіста Туровіч, якому быў забясьпечаны доступ на склады цэху падрыхтоўкі здымкаў кінастудыі. На выбар была прадстаўленая любая амуніцыя і вайсковы абутак розных памераў. Рашэньне пра адбор кожнай адзінкі Туровіч прымаў самастойна і без аніякага ўзьдзеяньня з боку супрацоўнікаў кінастудыі», — гаворыцца з адказе гендырэктара «Беларусьфільму».
Таксама сьцьвярджаецца, што для здымкаў у Астрахань кінастудыя касьцюмы не адпраўляла.
Фільм здымаецца ў натуральных гістарычных дэкарацыях: на ўскрайку Смаргоняў у выдатным стане захавалася германская фартыфікацыя, сіламі энтузіястаў нядаўна былі ўпарадкаваныя і расейскія пазыцыі. Для здымак пасярод кустоўя пастаўлены зруб сялянскай хаты, адноўлены антураж нямецкага дота. Гэты зруб потым згарыць у канцы здымак. Цяпер здымаюцца сцэны артылерыйскага абстрэлу, рукапашны бой, а таксама вываз забітых, параненых і атручаных.
Аднавіць памяць, каб не было жаданьня «паўтарыць»
Акторамі кінапраекту «Ў акопах Смаргоняў» — удзельнікі аматарскіх тэатраў, навучэнцы менскай студыі кінаактораў, рэканструктары-аматары з пошукавага аб’яднаньня «Смаргоні франтавыя», валянтэры з розных рэгіёнаў, якія адгукнуліся на прапанову зьняцца ў кіно за інтарэс.
Здымаецца і афіцэр запасу Ігар Паўлаў — мясцовы прадпрымальнік, які за ўласныя сродкі аднаўляе месцы баёў, адшуквае і ўшаноўвае вайсковыя пахаваньні. Высілкамі ягонага фонду «Смаргонь франтавая» адноўленая стратэгічная высотка «Залатая горка», якую за савецкім часам ператварылі ў сьметнік. Акурат насупраць яе дзяржаўны даўгабуд — незавершаны мэмарыял, які абяцалі здаць яшчэ ў 2014-м, да 100-годзьдзя пачатку той вайны.
«За савецкай уладай па незразумелых крытэрах Першая ўсясьветная вайна была выцертая з нашай гісторыі, — кажа Ігар Паўлаў. — Як вынік, многія аб’екты гістарычнай значнасьці ператвораныя ў гарадзкую звалку. Таму мы сваім аб’яднаньнем вырашылі ўзяць іх пад абарону. Гэта і „Залатая горка“, і артылерыйскі нямецкі дот побач у полі. Сваімі сіламі расчысьцілі яго ад бытавога, будаўнічага друзу, прывялі ў парадак. Галоўная задача — стварэньне музэю пад адкрытым небам. Каб людзі прыходзілі, разумелі, які боль і пакуты нясе вайна: і першая, і другая, і, ня дай бог, трэцяя».
Лінія расейскага-германскага фронту праходзіла ўздоўж дарогі, якая і цяпер зьвязвае Смаргоні і старажытнае Крэва. Амаль тры гады тут лёталі артылерыйскія снарады, паўзьлі клубы атрутнага газу, салдаты ішлі ў штыкавыя атакі.
Беларусь у Першай усясьветнай вайне
На пачатку ХХ стагодзьдзя беларусы ня мелі сваёй дзяржаўнасьці, гэтыя землі ўваходзілі ў склад Расейскай імпэрыі. А падчас Першай усясьветнай вайны тэрыторыя Беларусі стала арэнай жорсткага змаганьня дзьвюх варожых імпэрый. За тры гады зь беларускіх губэрняў было мабілізавана каля 700 тысяч мужчынаў: загінуў кожны дзясяты, шмат хто дадому так і не вярнуўся, застаўшыся на месцы службы. Страты мірнага насельніцтва ацэньваюцца больш як у 60 тысяч.
Агулам з найбольш заселеных заходніх рэгіёнаў Расейскай імпэрыі ў рамках прымусовага «бежанства» царскія ўлады эвакуавалі 2 мільёны жыхароў. Пасьля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны назад вярнуліся менш за палову. Наступствы дэмаграфічных стратаў адчуваюцца дагэтуль.
Ад 1915 году былі эвакуаваныя вёскі Сялец, Наваспаск, Суцькава, Кунава, Бялкоўшчына, Аславяняты, Залесьсе, Зарудзічы, Готкавічы, Сапачы, Хатуцічы. У Смаргонях пасьля 810 дзён пазыцыйнай вайны ацалела толькі некалькі хатаў.