Такі прагноз зрабіў для журналістаў 30 траўня Анатоль Котаў, намесьнік дырэктара фонду «Дырэкцыя II Эўрапейскіх гульняў 2019 году».
Пакуль найбольшую цікавасьць да гэтай падзеі выказалі заўзятары з Расеі, Ірляндыі, Латвіі, Польшчы і Літвы.
Замежнікі змогуць прыехаць у Беларусь бязь візы, маючы квіток на спаборніцтвы ў любым відзе спорту альбо на цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця гульняў. Прычым яны могуць ня толькі прыляцець у Менск, але і прыехаць чыгункай, аўтобусам ці ўласным аўтамабілем.
«Для ўдзельнікаў і заўзятараў у пунктах пропуску на мяжы Беларусі арганізаваныя асобныя калідоры. Яны адмыслова пазначаныя, гэтаксама як і працоўныя месцы памежнікаў і мытнікаў. Асноўны паток гасьцей чакаецца ў Нацыянальным аэрапорце, дзе для іх таксама будуць выдзеленыя кабіны пашпартнага кантролю», — сказаў супрацоўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Кузьма Лесьняк.
Катацца туды-сюды не атрымаецца
Гэта ўдакладніў спадар Лесьняк.
«Адзін квіток дае права толькі на адзін уезд у краіну, то бок катацца сюды-туды не атрымаецца. Акрамя таго, мы разумеем, што многія заўзятары прыедуць да нас праз Расею — з калегамі адтуль мы падпісалі так званае спартовае пагадненьне, якое прадугледжвае ня толькі транзытны праезд, але і знаходжаньне ў Расеі на час гульняў. Дарэчы, уяжджаць з Расеі ў Беларусь можна праз Нацыянальны аэрапорт, тры чыгуначныя кірункі і тры шашэйныя дарогі», — патлумачыў супрацоўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту.
Бязьвізавы ўезд у Беларусь для замежных турыстаў запрацуе з 10 чэрвеня і будзе дзейнічаць па 10 ліпеня.
II Эўрапейскія гульні пройдуць у Менску 21–30 чэрвеня.