Старшыня Горадзенскага аблвыканкама Ўладзімер Краўцоў распавёў сёньня на прэс-канфэрэнцыі ў Іўі, што ўлады вобласьці прапанавалі пашырыць бязьвізавую зону Гарадзеншчыны на тры раёны.
— Мы выказалі намер уключыць туды Шчучынскі, Воранаўскі, Лідзкі раёны і павялічыць тэрмін знаходжання турыстаў да аднаго месяца, — адзначыў Уладзімір Краўцоў.
Паводле чыноўніка, якога цытуе газэта «Звязда», прапановы знаходзяцца ў стадыі ўзгадненьня з рознымі ведамствамі. Гэта дасьць дадатковы штуршок у разьвіцьці турызму ў Горадзенскай вобласьці, перакананы Ўладзімер Краўцоў.
Што важна ведаць пра беларускі «бязьвіз»
Бязьвізавы ўезд у Беларусь дзейнічае зь лютага 2017 году:
- пры ўезьдзе праз Нацыянальны аэрапорт «Менск»;
- для наведнікаў бязьвізавай зоны «Берасьце – Горадня».
Колькі дзён можна знаходзіцца ў Беларусі бязь візы?
- Да 30 дзён пры ўмове прылёту ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і вылету адтуль жа;
- Да 15 дзён для турыстаў бязьвізавай зоны «Берасьце — Горадня».
«Бязьвізам» нельга скарыстацца, прыляцеўшы з Расеі, бо на гэтых рэйсах няма памежнага кантролю.
Замежнікам, якія зьбіраюцца гасьцяваць у Беларусі больш за 10 працоўных дзён, трэба рэгістравацца ў органе рэгістрацыі (МЗС, або органе ўнутраных спраў) па месцы пражываньня. У гатэлях і санаторыях рэгістрацыю праводзіць адміністрацыя падчас засяленьня, са студзеня 2019 году можна таксама бясплатна зарэгістравацца праз інтэрнэт.