Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі беларусам чакаць «шэнген» за 35 эўра


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Шэнген за 35 эўра ня сьвеціць беларусам як мінімум да восені. Такое меркаваньне выказаў 30 траўня ў размове з журналістамі начальнік дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун.

Ён патлумачыў, што Беларусь і Эўразьвяз паралельна вядуць перамовы па двух пагадненьнях: аб спрашчэньні візавых фармальнасьцяў і аб рэадмісіі. Прычым бакі дамовіліся, што абодва дакумэнты будуць прымацца адным пакетам.

«З двух дакумэнтаў МУС адказвае за пагадненьне аб рэадмісіі. Мы кансультацыі і ўсе перамовы цалкам завяршылі, мэханізм выкананьня цалкам засвоілі», — сказаў Бягун.

Ён дадаў, што застаюцца невялікія фармальнасьці па дакумэнце аб аблягчэньні візавага рэжыму.

«Як вядома, днямі скончыліся выбары ў Эўрапарлямэнт. Цяпер будзе патрэбны час, каб запоўніць адказныя вакансіі ў Эўразьвязе. А наперадзе яшчэ і лета. Таму мяркую, што раней за восень падпісаць дакумэнты мы ня здолеем», — выказаў сваё меркаваньне адказны супрацоўнік Міністэрства ўнутраных спраў.

На мерапрыемствах з нагоды 10-годзьдзя «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі эўракамісар у пытаньнях эўрапейскай палітыкі суседзтва і перамоваў аб пашырэньні Яганэс Ган 14 траўня паведаміў, што асноўныя перамовы Эўразьвязу зь Беларусьсю па пакетных пагадненьнях аб рэадмісіі і спрашчэньні візавага рэжыму завершаныя, бакі шукаюць час і месца для іх падпісаньня.

А міністар замежных спраў Уладзімер Макей выказаў спадзяваньне, што пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму будзе падпісанае да канца 2019 году. Пасьля ўступленьня гэтага пагадненьня ў сілу шэнгенскія візы для беларусаў патаньнеюць да 35 эўра, а таксама вырасьце колькасьць бясплатных і доўгатэрміновых візаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG