Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «чысты мастак» зрабіўся адным з самых антысавецкіх рэжысэраў СССР


Сяргей Параджанаў
Сяргей Параджанаў

29 траўня Нацыянальны цэнтар сучасных мастацтваў праводзіць прагляд і абмеркаваньне дакумэнтальнага фільму Гары Тамразяна «Параджанаў. Квіток у вечнасьць» тэлеканалу «Настоящее время» (вул. Някрасава, 3, пачатак а 19-й). Стужка прысьвечаная лёсу выбітнага кінарэжысэра Сяргея Параджанава (1924–1990).

З аўтарам кінастужкі, дырэктарам армянскай службы нашага радыё Гары Тамразянам гутарыць Сяргей Навумчык.

— Гары, герой вашага фільму — легенда. Калі аднойчы я сказаў сваёй калезе, значна за мяне маладзейшай, што на пачатку 80-х у Маскве бачыў Сяргея Параджанава (не размаўляў, толькі бачыў каля Дому кіно, куды мы зь сябрам хацелі прарвацца на нейкую прэм’еру) — яна ўразілася: «Ого! Гэта ўсё роўна, як бы вы бачылі Леніна!» Я адказаў, што Леніна бачыў двойчы (у Маўзалеі), а Параджанава толькі аднойчы, затое — жывога. А вы былі знаёмыя з героем свайго фільму?

— Не, на жаль. І ня бачыў. Я быў школьнікам, калі ў Армэніі ішоў «Колер гранату», фільм паказвалі ва ўсіх армянскіх кінатэатрах, і на мяне ён зрабіў неверагодна моцнае ўражаньне. Армяне вельмі ганарыліся, што вялікі армянскі рэжысэр зьняў фільм пра вялікага армянскага паэта Саят-Наву. Гэта было маляўнічае кіно. Я, вядома, не зразумеў абстрактнай мовы гэтай карціны, але фільм пакінуў магутнае ўражаньне на мяне сваёй маляўнічасьцю — мы памятаем у шэрыя часы СССР адсутнасьць усялякіх колераў.

— Вы назвалі Параджанава вялікім рэжысэрам, але трэба прызнаць, што тады, калі жыў Параджанаў, ён ня быў такі прызнаны ў шырокіх колах грамадзтва, тады называліся іншыя імёны, а Параджанаў лічыўся рэжысэрам «другога шэрагу». Што, на ваш погляд, вывела яго ў першы шэраг — ня толькі савецкага, але ўсясьветнага кінамастацтва?

Гары Тамразян
Гары Тамразян

— Наватарства. Ён стварыў уласьцівы толькі яму стыль кінэматаграфіі. Ён застаўся ў кіно як жывапісец. Акрамя таго, што ён кінарэжысэр, ён і бліскучы мастак. Дык вось, ён стварае кіна-карціну. І якраз гэта асноўная ягоная перавага. Ён бачыць ня толькі сцэнар, ён стварае кіна-палотны. І ён увайшоў у гісторыю кінэматаграфіі як стваральнік новай кінамовы.

— Гэта тонкае назіраньне. Сапраўды, на практычна любым эпізодзе фільму Параджанава можна зрабіць стоп-кадар, і гэты кадар можна разглядаць як карціну, як самастойны твор мастацтва. Хоць раздрукуй, у рамку і на сьцяну — як рэпрадукцыю. Для яго важныя ня толькі сюжэт, дзеяньне, ці, як цяпер кажуць, «экшн», а — кампазыцыя кадра.

Але гэта — чыстае мастацтва. Чаму ж чысты мастак, у чыім наватарстве, здавалася б, няма ніякай палітыкі, — зрабіўся адным з самых «антысавецкіх», ва ўяўленьні кіраўніцтва СССР, кінарэжысэраў?

Сяргей Параджанаў
Сяргей Параджанаў

— Вось якраз у гэтым і палягае дысыдэнцтва Параджанава. Ён стварыў у шэрым асяродзьдзі савецкай кінэматаграфіі нешта яркае. Стварыў кіно, якое нельга было параўноўваць зь іншымі савецкімі кінакарцінамі, кіно, якое ніякім чынам не падпадала пад прынцыпы сацрэалізму. Як ён сам казаў, у СССР стваралася кінамакулятура. Ён сваёй арыгінальнай творчасьцю нэрваваў бюракратаў ад кінэматаграфіі.

Акрамя таго, я думаю, што ў ягоным кіно можна ўбачыць і вялікую палітыку. Фільм «Цені забытых продкаў», створаны ва Ўкраіне, — глыбока нацыянальны, украінскі. І гэта зрабілася палітычным жэстам. У 1964 годзе прэм’ера фільму ў кінатэатры «Ўкраіна» ў Кіеве перарасла ў палітычны бунт, калі да мікрафона падышлі ўкраінскія дысыдэнты і прапанавалі падняцца тым, хто падтрымлівае палітычных зьняволеных і патрабуе іх вызваленьня. І амаль уся заля паднялася.

— Але існуе і прыклад апэляцыі Параджанава наўпрост да грамадзкай думкі — ягоны выступ на запрашэньне ЦК ЛКСМ Беларусі (!) перад творчай і навуковай моладзьдзю ў менскім Доме мастацтваў 1 сьнежня 1971 году, дзе ён казаў пра свабоду творчасьці (праўда, заявіў, што «я ў захапленьні ад такога майстра, як Азгур. Я разумею, што шмат каго зьдзівіць такое маё прызнаньне, але думаю, што праз сто гадоў Азгур будзе абмераны, вывучаны, пакажа дзівосную галерэю ісьціны, можа, нават паталёгіі дзівоснага часу, якому мы ўсе сучасьнікі» — большага ўвасабленьня сацрэалізму ў Беларусі прыдумаць цяжка. Праўда, тут гучыць тэрмін «паталёгія»). Стэнаграма выступу Параджанава легла на стол тагачаснаму старшыні КДБ Юрыю Андропаву, той данёс (у прамым і пераносным сэнсе) яе ў ЦК КПСС. «Выступ Параджанава меў відавочна дэмагагічны характар, вызваў абурэньне большасьці прысутных» — даносіў Андропаў у ЦК. Праз пэўны час Параджанава пасадзілі турму за гомасэксуалізм.

— Так, гэта быў знакаміты менскі выступ, у фільме пра гэта ёсьць. Між іншым, Параджанаў спасылаўся на чыноўніка, які ў ягоным фільме «Цені забытых продкаў» убачыў, як той выказаўся, шмат «мастыкі». Параджанаву было незразумела — пры чым тут мастыка, якой націраюць падлогу? Ну, а потым Параджанаву патлумачылі, што маецца на ўвазе зусім іншае. Чыноўнік меў на ўвазе — містыку. І Параджанаў іранічна заўважыў, што гэты высокапастаўлены чыноўнік пачынаў з працы націральніка падлогі і быў высунуты на кіраўнічую пасаду ў сувязі з пэўным талентам. Чалавек, які кіраваў культурай, ня ведаў, што такое містыка. І калі першы сакратар ЦК кампартыі Ўкраіны Шчарбіцкі прачытаў выступ, ён даў загад «убрать Параджанова». Пра гэта ў фільме расказвае Іван Драч.

— І па ўсім сьвеце разгарнулася кампанія ў абарону Параджанава. Летась я быў у Лоры Гуэры ў Пінабілі, і седзячы пад дываном, які Параджанаў падараваў Таніну Гуэру, яна распавядала, як і Гуэра, і Фэліні, і Антаніёні выступалі ў абарону Параджанава. І гэта нарэшце дало плён — ён быў вызвалены, але жыць яму заставалася ўжо няшмат...

— Параджанаў быў грамадзянінам свайго часу. Але ня толькі — яго разумеюць, ім цікавяцца і новыя пакаленьні. У Кіеве праходзіла выстава Параджанава, і я вельмі зьдзівіўся, калі ўбачыў цікаўнасьць моладзі. Вельмі шмат маладых людзей прыйшло. Акрамя таго, што Параджанаў быў вялікі мастак, яму было неабыякава тое, што робіцца ва Ўкраіне (увогуле я лічу, што гэта ўкраінскі творца, хоць і армянін). Ён вельмі цаніў нацыянальную культуру. Не савецкую, а нацыянальную. І я лічу, што фільм «Цені забытых продкаў» застанецца назаўсёды, і гэта і ёсьць, кажучы назвай маёй стужкі, квіток Параджанава ў Вечнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG