Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як старшыня КДБ СССР адрэагаваў на сустрэчу з культавым рэжысэрам Параджанавым у Менску ў 1971-м


Сяргей Параджанаў
Сяргей Параджанаў

Знакаміты кінарэжысэр Сяргей Параджанаў у 1971 годзе прыяжджаў у Менск са сваім фільмам «Колер гранату» і сустракаўся з творчай моладзьдзю. Пра гэтую сустрэчу далажылі старшыні КДБ СССР Юрыю Андропаву, які накіраваў адмысловую запіску пад грыфам «Сакрэтна» ў ЦК КПСС.

29 траўня ў Менску, у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (вуліца Някрасава, 3) а 19-й гадзіне пакажуць дакумэнтальны фільм дырэктара армянскай службы Радыё Свабода Гары Тамразяна «Параджанаў. Квіток у вечнасьць», у які ўвайшлі рэдкія архіўныя хронікі, невядомыя дакумэнты і ўспаміны блізкіх выбітнага рэжысэра Сяргея Параджанава.

Юры Андропаў: «Выступ Параджанава насіў дэмагагічны характар»

Ёсьць у гэтым фільме адзін эпізод, зьвязаны з архіўным дакумэнтам, які падпісаў тагачасны старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Юрый Андропаў.

«Выступ Параджанава, які насіў дэмагагічны характар, выклікаў абурэньне большасьці прысутных. ЦК КПБ праінфармаванае», — напісана ў дакумэнце, да якога быў яшчэ дадатак на 23 старонках.

1 сьнежня 1971 году Сяргей Параджанаў, які працаваў тады на Кіеўскай кінастудыі імя Даўжэнкі, прывёз у Менск свой фільм «Колер гранату». А ЦК камсамолу зладзіў зь ім творчую сустрэчу. Арганізацыяй сустрэчы, запрашэньнем моладзі займаўся тады малады рэжысэр Алег Белавусаў.

Паводле некаторых сьведчаньняў, 1 сьнежня 1971 году на творчай сустрэчы ў Менску пасьля паказу фільму «Колер гранату» Сяргей Параджанаў «раскрытыкаваў савецкае партыйнае і кінэматаграфічнае кіраўніцтва, выступіў у падтрымку Таркоўскага і з асуджэньнем цэнзуры». Пра гэта далажылі старшыні КДБ Юрыю Андропаву, а той, у сваю чаргу, — у ЦК КПСС.

У лютым 1972 году падрыхтоўку да здымак новага фільму Параджанава «Інтэрмэца» спынілі, а сам рэжысэр трапіў у няласку.

Сяргей Параджанаў, архіўнае фота
Сяргей Параджанаў, архіўнае фота

Сяргей Ваганаў: «Параджанаў распавядаў пра КДБ наўпрост, адкрыта, не прыбягаючы да эзопавай мовы»

Журналіст Сяргей Ваганаў працаваў тады ў газэце «Знамя юности», сябраваў з Алегам Белавусавым і, натуральна, быў запрошаны на сустрэчу з Параджанавым, творчасьцю якога зацікавіўся яшчэ ў 1966 годзе, паглядзеўшы фільм «Цені забытых продкаў».

«Імпрэза адбывалася тады ў Доме актора (у прыгожым будынку зь вежай каля Дома афіцэраў, які ў той час іранічна называлі „Мутнае вока“). На сустрэчы было шмат журналістаў, кінэматаграфістаў, паэтаў — поўная заля.

Сказаць, што гэтая сустрэча напалохала людзей крамольнымі выказваньнямі Параджанава, я не магу. Параджанаў спачатку вельмі іранічна распавёў, як ён ехаў у Менск, а за ім сачылі ў цягніку два чалавекі, якія стараліся быць незаўважанымі, але рэжысэр іх „раскусіў“, сказаў, што гэта былі „гэбісты“. Прычым Параджанаў распавядаў пра КДБ наўпрост, адкрыта, не прыбягаючы да эзопавай мовы. І людзі ўспрымалі гэта цалкам нармальна. Яму задавалі шмат вострых пытаньняў без апасеньня за наступствы. І ён адказваў вельмі шчыра. Я ўжо не магу ўзгадаць дакладна, пра што канкрэтна пыталіся — прайшло ж амаль 48 гадоў!» — кажа Сяргей Ваганаў.

Сяргей Параджанаў, архіўнае фота
Сяргей Параджанаў, архіўнае фота

А потым паказалі фільм «Колер гранату». На думку журналіста, ня ўсе гэты фільм успрынялі, мяркуючы па абмеркаваньні пасьля паказу, але зрабілі выгляд, што зразумелі.

«А фільм сапраўды складаны, вельмі мэтафарычны, паэтычны, увесь пабудаваны на асацыяцыях. У Менску ў асяродзьдзі творчай інтэлігенцыі сустрэча з Параджанавым была знакавай, эмацыйнай, яскравай падзеяй», — узгадвае Сяргей Ваганаў.

Як Ваганаў зь сябрам-мастаком прыйшлі да Параджанава ў гатэль

Аднак на наступны дзень быў працяг — Сяргей Ваганаў заходзіў у нумар рэжысэра ў гатэлі «Беларусь». Аказалася, што Сяргей Параджанаў убачыў у Менскім мастацкім салёне арыгінальныя брошкі з ластаўкамі на самаробнай парцаляне, якія вырабляў на продаж мясцовы мастак Яфім Гольба. Рэжысэр набыў усіх «ластавак» і папрасіў Алега Белавусава зладзіць яму сустрэчу з мастаком. Той патэлефанаваў Ваганаву, які сябраваў зь Яфімам Гольбам.

Сяргей Параджанаў, архіўнае фота
Сяргей Параджанаў, архіўнае фота

«Мне больш запомніліся дэталі нашага візыту да Параджанава, чым творчая сустрэча зь ім. Мы прыйшлі ў гатэль удвох з мастаком Гольбам. У нумары было шмат народу, каньяк ліўся ракой.

Параджанаў вельмі высока адазваўся аб брошках Гольбы і прапанаваў Яфіму папрацаваць мастаком у ягоным новым фільме. Але тут з грукатам расчыніліся дзьверы, і хударлявы артыстычны чалавек бухнуўся каленямі на падлогу: „Сярожа, ты геній!“ Як мы даведаліся потым, гэта быў знакаміты музыка, кампазытар Андрэй Валконскі, кіраўнік вядомага ансамбля старажытнай музыкі „Мадрыгал“. Мы паціху, як цяпер кажа моладзь, „зьлінялі“...

Але перад гэтым Параджанаў падараваў Яфіму шыкоўную ілюстраваную кнігу „Нацыянальныя касьцюмы народаў сьвету“», — узгадвае Сяргей Ваганаў.

Наступстваў і перасьледу не было

На пытаньне, чаму так нэрвова адрэагаваў Юрый Андропаў на менскую сустрэчу, напісаўшы сакрэтную запіску ў ЦК КПСС, чым жа Параджанаў так угнявіў старшыню КДБ, Сяргей Ваганаў адказаў, што так тады была адладжаная сыстэма працы спэцслужбаў — усё трымаць пад каўпаком, не дапускаць іншадумства.

«На месцах супрацоўнікі КДБ вельмі клапаціліся пра свой імідж у вачах вышэйшага начальства, са скуры вон вылазілі, каб прадэманстраваць сваю працу. Проста КДБ і тады працаваў прыкладна так, як і ня так даўно, пры старшыні Сухарэнку — у духу гісторыі з пацукамі ў водаправодзе.

Але ў Беларусі ж не было ў той час такога дысыдэнцкага руху, як, да прыкладу, у Маскве, Піцеры ці ў тым жа Кіеве. Былі настроі дысыдэнцкія ў творчым асяродзьдзі, нават у журналістаў газэты „Знамя юности“. Аднак сур’ёзнага дысыдэнцтва тут не было.

Што да наступстваў, я ня чуў, каб быў нейкі перасьлед пасьля сустрэчы з Параджанавым. Магчыма, пэўных камсамольскіх работнікаў і пакаралі, калі быў ліст самога Андропава. Але нас не чапалі, у нас страху не было», — кажа Сяргей Ваганаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG