Суд паміж былымі бізнэс-партнэрамі Чыжом і Япрынцавым цягнуўся 10 месяцаў, канчатковае рашэньне было прынятае 19 сьнежня.
Суд Цэнтральнага раёну Менску вынес канчатковае рашэньне ў справе былых бізнэс-партнэраў Юрыя Чыжа і Ўладзімера Япрынцава. Пазоў аб спагнаньні зь Юрыя Чыжа 1960 рублёў на карысьць Япрынцава суд ухваліў. З улікам дзяржпошліны і кампэнсацыі юрыдычных выдаткаў Чыж вінен Япрынцаву 1500 даляраў, паведамляе TUT.by.
Гэта кампэнсацыя за тое, што Юры Чыж распарадзіўся грашыма Ўладзімера Япрынцава, калі той быў пад вартай.
11 жніўня 2015 году былі прададзеныя акцыі лягістычнай кампаніі «Аскаргатэрмінал», у той жа дзень Япрынцава затрымалі па справе аб махлярстве. На наступны дзень, 12 жніўня, на рахунак Япрынцава за зьдзелку паступіла амаль 1,4 мільярда недэнамінаваных рублёў (87 тысяч даляраў).
9 верасьня рахунак Япрынцава папоўніўся яшчэ раз — 796 мільёнаў недэнамінаваных рублёў (44,7 тысячы даляраў).
Пазьней, як паведамлялася ў судзе, на загад Чыжа гэтыя пераводы зьнялі з рахунку Япрынцава. Апошні ў той час быў пад вартай і ня мог распараджацца рахункам.
Уладзімер Япрынцаў і Юры Чыж былі бізнэс-партнэрамі з 1990-х гадоў. У жніўні 2015 году Ўладзімера Япрынцава затрымалі разам з сынам Казьбекам па абвінавачаньні ў махлярстве. Прычынай для затрыманьня стала заява Юрыя Чыжа ў КДБ. Пазьней затрымалі і самога Чыжа.