Акруговы суд у Кракаве 21 траўня зьмякчыў вынесены у 2018 годзе прысуд беларусам Адаму Бяляцкаму і Мікіту Валадзько, якія арганізавалі пэрформанс ля брамы былога нацысцкага канцлягеру Аўшвіц-Біркенаў у Асьвенціме, паведамляе Gazeta Krakowska.
Асуджаныя аспрэчылі ранейшае рашэньне асьвенцімскага суду, і суд вышэйшай інстанцыі ў Кракаве прысудзіў Адаму Бяляцкаму 1 год, а Мікіту Валадзько — 8 месяцаў зьняволеньня. Акрамя таго, ім забаронена на працягу некалькіх гадоў заводзіць свойскіх жывёлаў. Астатнім фігурантам справы паменшылі памер штрафу да 7,5 тысячы злотых (каля 2 тысяч даляраў). Прысуд ня можа быць абскарджаны.
24 сакавіка 2017 году група разьдзетых дагала маладых людзей завесіла разьмешчаны на знакамітай браме былога нацысцкага канцэнтрацыйнага лягеру лёзунг «Arbeit Macht Frei» сваёй расьцяжкай з надпісам «Love».
Яны спрабавалі прыкаваць сябе адно да аднаго кайданкамі. Два беларусы, Мікіта Валадзько і Адам Бяляцкі, падчас акцыі зарэзалі ягня. Суд над удзельнікамі пэрфомансу, сярод якіх, акрамя Бяляцкага і Валадзько, былі яшчэ двое беларусаў, палякі і грамадзянін Нямеччыны, ішоў ад жніўня 2017 году да сярэдзіны студзеня 2018-га.
У выніку раённы суд Асьвенціма вынес рашэньне ў справе грамадзян Беларусі Адама Бяляцкага (сын вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага) і Мікіты Валадзько.
Абодвух абвінавацілі ў зьнявазе месца памяці і дэманстратыўным забойстве жывёлы. Бяляцкі атрымаў пакараньне ў выглядзе 1 году і 6 месяцаў зьняволеньня, Валадзько — 1 году і 2 месяцаў. Акрамя гэтага, польскі суд забараніў абодвум мець свойскіх жывёлаў на працягу 10 гадоў, а на Адама таксама наклаў штраф памерам 2000 злотых (каля 630 даляраў па курсе студзеня 2018 году). Яшчэ некалькі грамадзян Беларусі атрымалі абмежаваньне волі тэрмінам на 1 год і штрафы памерам 10 тысяч злотых.
Адам Бяляцкі і Мікіта Валадзько з прысудам не пагадзіліся і абскардзілі рашэньне раённага суду Асьвенціма ў акруговым судзе Кракава.