Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакараны за акцыю ў Асьвенціме: «Вы ненавідзіце мяне за пралітую кроў авечкі? Брава!»


Мікіта Валадзько
Мікіта Валадзько

Асуджаны за арганізацыю пэрформансу каля брамы канцлягеру ў Асьвенціме і жорсткае забойства жывёлы рэжысэр Мікіта Валадзько выступіў са зваротам да чытачоў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

17 студзеня суд польскага гораду Асьвенцім вынес прысуд удзельнікам пэрформансу ў музэі Аўшвіц-Біркенаў. Арганізатар акцыі Мікіта Валадзько асуджаны на 1 год 2 месяцы зьняволеньня, яму забаронена мець жывёлаў на працягу 10 гадоў.

Другі арганізатар акцыі Адам Бяляцкі асуджаны на 1 год 6 месяцаў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым у зьнявазе месца памяці і забойстве ягняці. Ён павінен сплаціць 2 тысячы злотых штрафу. Таксама яму забаронена мець жывёлаў на працягу 10 гадоў.

Іншым абвінавачаным прысудзілі штрафы ў памеры 10 тысяч злотых і абмежаваньне волі тэрмінам на 1 год.

24 сакавіка мінулага году ў Асьвенціме, каля брамы былога канцэнтрацыйнага лягеру зь вядомым на ўвесь сьвет надпісам «Arbeit macht frei» адбыўся пэрформанс. 12 чалавек, сярод якіх было пяць беларусаў, разьдзеліся дагала, завесілі слова «Arbeit» банэрам з надпісам «Love» і пачалі выкрыкваць антываенныя лёзунгі. Адзін зь іх пры гэтым забіваў прыведзенае з сабой ягня.

Падчас суду
Падчас суду

Асуджаныя застаюцца на волі да разгляду апэляцыі, а ён цяпер ставіць спэктакль у Познані.

У сваім звароце Мікіта Валадзько выказаўся пра мэты акцыі ў канцлягеры, а таксама пракамэнтаваў вынесены прысуд.

«Дзякуй тым, хто не застаўся абыякавы да нашай гісторыі. А што можа мастацтва, пані Холецка (судзья Бажэна Холецка. — РС)? Мастацтва можа зрабіць чалавека вольным нават у турме».

«Суд абвінаваціў нас у зьдзяйсьненьні забойства з асаблівай жорсткасьцю. А я, Мікіта Валадзько, абвінавачваю сьвет у штодзённых забойствах. Легалізаваных, звыклых для абывацеляў. Менавіта ў сьвятым месцы Асьвенцім я кажу: мы не вывучылі ўрок гісторыі.

Сотні тысяч людзей гінуць прама цяпер на Блізкім Усходзе, у Данбасе, у Афрыцы. Вы ненавідзіце мяне за пралітую кроў авечкі? Брава! Вы прачнуліся, але час адкрыць вочы шырэй. Вам шкада авечку? А нічога, што ў Польшчы за год забіваюць 860 мільёнаў жывёл? Вы калі-небудзь былі на бойні? Каровы разумныя жывёлы, калі іх вядуць на сьмерць, яны ўсё разумеюць і адчуваюць страх», — піша Мікіта Валадзько.

Беларускія зоаабаронцы, камэнтуючы прысуд беларускім удзельнікам пэрформансу ў Асьвенціме, асудзілі выбар месца акцыі і адзначылі, што ў Польшчы добрае і справядлівае заканадаўства ў галіне абароны жывёлаў.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня абароны жывёлаў «Зоасьвет», галоўны рэдактар дабрачыннай газэты «Друзья животных» Маргарыта Пушкевіч сказала Свабодзе, што яна ў шоку ад самога ўчынку. «Я перадусім стаю на баку жывёлаў і кажу, што ва ўсім заўсёды вінаватыя людзі», — сказала яна.

«Як можна забіваць каго б там ні было і казаць, што гэта супраць вайны?», — сказала старшыня дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня дапамогі бяздомным жывёлам «Зоашанец» Вольга Карпава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG