Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыстыянія пад кайфам. Як у Даніі паўстагодзьдзя існуе «дзяржава ў дзяржаве»


Уваходная брама ў Крыстыянію
Уваходная брама ў Крыстыянію

Амаль паўстагодзьдзя ў Заходняй Эўропе функцыянуе мадэль свабоднага грамадзтва, якой скептыкі прадракалі хуткую сьмерць. Аднак супольнасьць нефармалаў здолела стварыць дзяржаву ў дзяржаве, і цяпер за яе жыцьцём можна сачыць у рэальным часе.

Айцы-анархісты вольнага гораду

У гістарычным раёне Крыстыянгаўн, што ў цэнтральнай частцы Капэнгагену, ёсьць месца, якое называюць апошнім прытулкам «хіпі-ўтапізму» ў сьвеце. Гэта Крыстыянія — самакіраваная камуна з уласнымі законамі, атрыбутыкай і інфраструктурай. Галоўны арыентыр для турыстаў — царква Збаўцы з вонкавай вінтавой лесьвіцай да званіцы: зь яе 90-мэтровай вежы вольны горад відаць як на далоні.

Царква Збавіцеля як арыенцір для турыстаў
Царква Збавіцеля як арыенцір для турыстаў

Падыходзячы да агароджанага з усіх бакоў раёну, вось ужо амаль 50 гадоў кожны госьць бачыць ці то вітаньне, ці то папярэджаньне: «Вы пакідаеце тэрыторыю Эўразьвязу».

А пачалося ўсё на пачатку 1970-х. Група аднадумцаў паклала вока на былыя вайсковыя баракі караля Крыстыяна, каб заснаваць новую супольнасьць на прынцыпах свабоды і роўнасьці. Адсюль і крыху відазьмененая назва — Крыстыянія. Паселішча павінна было стаць домам для сквотэраў, хіпі, анархістаў, марксістаў, музыкаў, мастакоў, а таксама тых, каго звычайнае грамадзтва адрынае — наркаманаў, алькаголікаў, валацугаў ды розных гарадзкіх вар’ятаў.

Адносіны да матэрыяльных дабротаў тут параўнальныя з ладам жыцьця індзейскіх ці грэнляндзкіх плямёнаў.

Першыя пасяленцы вольнага гораду, 1970-я
Першыя пасяленцы вольнага гораду, 1970-я

Ідэйным натхняльнікам праекту выступіў журналіст, анархіст і аўтар Канстытуцыі Якаб Людвігсэн — ён памёр пазалетась ва ўзросьце 69 гадоў. Менавіта Якаб зь сябрамі захапілі 26 верасьня 1971 году першую казарму, вывеўшы фарбай на дзьвярах назву новай дзяржавы.

Незадоўга да сьмерці выйшла ягоная аўтабіяграфія «Hobbit i Habit», у якой падрабязна апісаная ідэя роўнасьці і братэрства без апекі дзяржавы. Сам Людвігсэн пражыў тут нядоўга: стаўшы папулярнай пэрсонай, перакваліфікаваўся ў калюмніста і ўдзельніка дэбатаў.

Якаб Людвігсэн з жонкай, 1970-я
Якаб Людвігсэн з жонкай, 1970-я

Хто знаёмы з Крыстыяніяй выключна з чужых слоў, уяўляе яе ледзь не наркаманскім прытонам. Такое ўражаньне сапраўды можа скласьціся, пасьля таго як трапляеш на Pusher Street. Гэта самы вялікі рынак марыхуаны ў сьвеце і адна з галоўных крыніц паступленьняў у бюджэт камуны.

Легалайз на Пушэр-стрыт

Над кварталам, упрыгожаным рознакаляровымі балёнікамі ды ліхтарыкамі, вісіць устойлівы кумар. Любыя фота- і відэаздымкі тут забароненыя. Галоўная супярэчнасьць у тым, што законы Крыстыяніі гандаль лёгкімі наркотыкамі дазваляюць, а дацкі ўрад у гэтым кірунку яшчэ толькі думае. І пакуль спрэчкі адносна будучыні канабісу ня скончаныя, ніхто ня хоча лішне рызыкаваць.

Далей здымаць забаронена, пачынаецца Pusher Street
Далей здымаць забаронена, пачынаецца Pusher Street

Праўда, адрозна ад Беларусі, у турму за такую дзейнасьць не саджаюць, у скрайнім выпадку абмяжуюцца штрафам. Дарэчы, на маючых адбыцца ў чэрвені парлямэнцкіх выбарах пяць палітычных партый Даніі распачалі сумесныя кансультацыі ў справе легалізацыі. Іх прадстаўнікі нават удзельнічалі ў нядаўнім «Марыхуана-маршы».

Плякат, які папярэджвае пра абмежаваньні ў вольным горадзе
Плякат, які папярэджвае пра абмежаваньні ў вольным горадзе

Кайф прыйшоў у Крыстыянію разам зь першымі пасяленцамі. Гашыш, а тым больш марыхуану і тады, і цяпер тут за наркотыкі ня лічаць. Кажуць, што гэта спосаб пашыраць сьвядомасьць. Забараніць — значыць абмежаваць свабоду асобы.

Калі ўлады Капэнгагену нарэшце зразумелі, што пакідаць старыя баракі нефармалы не зьбіраюцца, а сілавыя спробы зачысьціць тэрыторыю ні да чога не прывялі, бакі прыйшлі да пагадненьня: цяжкія наркотыкі, агнястрэльная зброя і бронекамізэлькі абвяшчаюцца па-за законам.

Датчане наракаюць, што Крыстыяніты ня могуць наладзіць эфэктыўны кантроль за мясцовым наркагандлем, але раз-пораз яны ўсё ж рэвізуюць асартымэнт на Pusher Street, каб выгнаць банды, якія мімікруюць пад мясцовых ды падгандлёўваюць какаінам.

Абарыгены, у сваю чаргу, скардзяцца: «наркакірмаш» на Пушэр-стрыт складае меней за 1% усяго паселішча, але яму аддаецца 99% увагі з боку паліцыі і прэсы. Досьвед энэргаэфэктыўных дамоў, рэнавацыі, адмовы ад аўтатранспарту (яго тут няма ў прынцыпе) на гэтым фоне мала каго цікавіць.

Вулічная інсталяцыя
Вулічная інсталяцыя

Камуна народнай дэмакратыі

Пасьля працяглых перамоваў з дацкім урадам і пэрманэнтных сутычак з паліцыяй у 2011 годзе ўлады прызналі паўаўтаномны статус вольнага гораду. Кіраваньне перадалі камуне, а заснаваны тут жылы каапэратыў атрымаў магчымасьць выкупіць у капэнгагенскага муніцыпалітэту ўсе 35 гектараў зямлі, раней занятыя вайскоўцамі, па цане ніжэйшай за звычайную. А паводле дамовы зь Міністэрствам абароны Даніі, на чыім балянсе застаюцца казармы, «камунары» абавязаліся плаціць падатак на нерухомасьць.

Паколькі вольных грошай у камуны бракуе, кожны, хто салідарны з каштоўнасьцямі Крыстыяніі, можа набыць сымбалічныя «акцыі падтрымкі», пра што на 20 мовах заклікае графіці пры ўваходзе. Паколькі гаворка пра калектыўную, а не індывідуальную ўласнасьць, зямля і нерухомасьць выкупляецца разам для ўсіх, а не для кожнага паасобку.

Заклік набываць «акцыі падтрымкі»
Заклік набываць «акцыі падтрымкі»

Крыстыянія — гэта найперш людзі. Сёньня тут жыве прыкладна 1 тысяча чалавек: самотныя і сямейныя пары, дзеці, старыя, вэтэраны вольнага гораду. Бальшыня — мужчыны старэйшага і сярэдняга ўзросту, якія першымі асвойвалі гэтае месца. Кожны плаціць каапэратыву арэнду, адтуль пералічваюцца грошы за сьвятло і ваду. А яшчэ тут знайшлі свой дом звыш 200 сабак, бальшыня — з прытулкаў.

За прамінулы час горад займеў усе атрыбуты аўтаноміі: сьцяг, герб, гімн, заканадаўства, органы кіраваньня, дзяржаўны скарб, тэлебачаньне, радыё, газэту. Сама форма суіснаваньня пазыцыянуецца як камуна, пабудаваная на прынцыпах прамой дэмакратыі, дзе ўсе рашэньні прымаюцца шляхам кансэнсусу на радзе грамадаў.

Плян Крыстыяніі
Плян Крыстыяніі

Ёсьць паўнавартасная інфраструктура: ясьлі, дзіцячы садок, пасьляшкольныя гурткі, пошта, сацыяльная служба, мэдыка-санітарная частка, цырульня, крамы, рэстараны, кавярні. На берагах вадаёмаў «камунары» арганізавана адпачываюць.

Віруе і культурнае жыцьцё. Так, у былым вайсковым складзе абсталяваныя папулярныя рок-клюбы Loppen і Den Grå Hal, дзе выступалі Боб Дылан і Metallica і куды валіць дацкая моладзь. Дзейнічаюць мастацкія галерэі, тату-студыі. Ёсьць свае каманды з футболу (Christiania Sports Club), роварнага спорту, дартсу, якія выступаюць у чэмпіянатах Даніі.

Рок-клюб Loppen
Рок-клюб Loppen

Сам горад дзеліцца на паўтара дзясятка раёнаў, на балянсе Крыстыяніі 325 будынкаў. Зь іх сотня адносіцца да вайсковай фартыфікацыі XVII–XIX стагодзьдзяў, некаторыя маюць ахоўны статус. Прыкладна траціна жыхароў працуе за межамі камуны, і аналягічная колькасьць прыяжджае сюды — у тым ліку гандляваць на «рынку».

Каб не дапусьціць бескантрольнага прытоку новых жыхароў, існуе дакладны мэханізм легалізацыі. Стаць новым чальцом грамады можна двума спосабамі: або праз шлюб з тутэйшым, або атрымаўшы ад рады раёну дазвол заняць вызваленае памяшканьне. Праўда, конкурс — паўсотні ахвотных на месца.

Карціна-графіці Freetown, мастак Марыяс Арозка
Карціна-графіці Freetown, мастак Марыяс Арозка

Вікінгі мастака-вэтэрана

Адзін з самых вядомых і пазнавальных тутэйшых жыхароў — мастак і музыка Марыяс Арозка (Marios Orozco​). Два гады таму недалёка ад Пушэр-стрыт запрацавала ягоная Art Gallery South Pacific. Там выстаўляюцца аўтарскія працы, прысьвечаныя як вольнаму гораду і яго жыхарам, так і «гавані гандляроў» — велічнаму Капэнгагену. Дзякуючы шматлікім наведнікам вольнага гораду карціны, плякаты, паштоўкі разьлятаюцца ва ўсе канцы сьвету.

Мастак Марыяс Арозка (Marios Orozco)
Мастак Марыяс Арозка (Marios Orozco)

Сапраўднай культурнай падзеяй апошняга часу сталі паўтары сотні партрэтаў пэндзля Арозкі, аб’яднаныя адной назвай — «Вікінгі Крыстыяніі». Гэта першыя пасяленцы Крыстыяніі, якія ўжо пайшлі з жыцьця.

Марыяс сам сустракае гасьцей — сьціплы, адкрыты, абаяльны. Расказвае, што жыве тут ад 1981 году. Нарадзіўся ў Бостане, маці-датчанка зь дзяцінства яму расказвала пра незвычайнае месца «агульнай роўнасьці» на сваёй радзіме. 19-гадовым маладым чалавекам ён ужо ня мог больш трываць і падаўся ў Эўропу. Кажа, убачанае перасягнула самыя сьмелыя чаканьні — нічога падобнага ў ЗША не існавала. І вось ужо 38 гадоў толькі зрэдку пакідае наседжанае месца, каб наведаць амэрыканскіх родзічаў.

Пушэр-стрыт, мастак Марыяс Арозка
Пушэр-стрыт, мастак Марыяс Арозка

За гэты час ён пераспрабаваў самыя розныя заняткі: займаўся музыкай, запісваў хіп-хоп. Але паступова засяродзіўся на жывапісе, а сваю студыю схаваў за рознакаляровымі інсталяцыямі — з ботамі-вазонамі, клюмбай-кандыцыянэрам, мазаічнымі паўлінамі. У гэтым антуражы ён і жыве, і працуе.

Заадно задаволіў наш дылетанцкі інтарэс: чаму сьцяг Крыстыяніі, які лунае літаральна над кожнай паверхняй вышэй за мэтар, выглядае менавіта так — чырвонае палотнішча з трыма жоўтымі круглякамі.

Сьцяг Крыстыяніі
Сьцяг Крыстыяніі

Аказалася, што жоўтыя элемэнты сымбалізуюць кропку над «і» ў назьве Крыстыянія, а што да колеравай гамы, дык яна выпадковая: у захопнікаў казармаў пры сабе была толькі такая фарба.

Цуд-тэхніка на экспарт

Нягледзячы на малалікасьць насельніцтва, эканамічна вольны горад самадастатковы. Апроч прыбыткаў ад рэалізацыі лёгкіх наркотыкаў, жыхары зарабляюць вытворчасьцю мэблі і арт-аб’ектаў, а на Каляды ладзяць кірмашы, якія размахам не саступаюць капэнгагенскім.

Боты-«вазоны» каля Art Gallery South Pacific
Боты-«вазоны» каля Art Gallery South Pacific

Акрамя таго, Крыстыянія мае ўласны гандлёвы брэнд, вядомы далёка за межамі камуны. Перадусім гаворка пра грузавыя і пасажырскія ровары канструкцыі Ларса Энгстрэма. Гэта адзін зь першых жыхароў вольнага гораду — пераехаў сюды ў кастрычніку 1971-га, празь месяц пасьля абвяшчэньня «незалежнасьці». Працаваў у кузьні, неўзабаве пазнаёміўся з будучай жонкай Эні. Менавіта яна 35 гадоў таму атрымала незвычайны падарунак — велапрычэп на ланцуговай цязе.

Паркоўка «крыстыбайкаў»
Паркоўка «крыстыбайкаў»

За прамінулы час зьявілася шмат розных мадэляў, але аўтэнтычны дызайн застаўся нязьменным. Паступова слава пра ўнівэрсальны ровар, якім можна адвезьці дзіця ў садок ці выправіцца на шопінг, пачала апярэджваць магчымасьці «канвэеру».

У 1990 годзе саматужны заводзік Christiania bikes пераехаў на выспу Барнхольм, дзе разьвярнуўся напоўніцу. Цяпер цуд-тэхніка экспартуецца больш як у два дзясяткі краін сьвету, а нейкі час таму Энгстрэм атрымаў з рук кронпрынца нацыянальную прэмію Даніі ў галіне дызайну. Ровар з прычэпам стаў адной з галоўных візытовак Крыстыяніі.

Мода на экалягічны стыль

Як расказваюць Крыстыяніты, кожны паўналетні жыхар камуны штомесяц робіць унёскі ў мясцовы бюджэт на агульныя мэты — у эквіваленце гэта блізу 150 эўра. Плюс плаціць 3,5 эўра за квадратны мэтар жылплошчы.

Будачкі, дзе гатуюць «варыва»
Будачкі, дзе гатуюць «варыва»

Агулам Крыстыянія вызнае экалягічны стыль: арганічныя прадукты, сартаваньне сьмецьця і паўторная перапрацоўка адыходаў, зьбіраньне дажджавой вады, біяпрыбіральні, ветракі, сонечныя батарэі, зялёнае будаўніцтва — будынкі зь мінімальным узьдзеяньнем на навакольнае асяродзьдзе.

Усё ў рэчышчы ідэалёгіі, задэкляраванай групай аднадумцаў у верасьні 1971 году: «Стварыць самакіраванае і эканамічна самадастатковае грамадзтва, у якім кожны індывід вольны самавыказвацца, захоўваючы пры гэтым адказнасьць перад грамадой. Агульным імкненьнем павінна быць дэманстрацыя таго, што псыхічнае і фізычнае разбурэньне можна прадухіліць».

Будынак казармы аддзяляе Крыстыянію ад Капэнгагену
Будынак казармы аддзяляе Крыстыянію ад Капэнгагену

Цягам амаль 50 гадоў на Крыстыянію замахваліся ня толькі ўлады Капэнгагену і паліцыя — раз-пораз даводзілася ўдзельнічаць у разборках з крымінальнымі групоўкамі.

У свой час на «нічыю зямлю» паклалі вока байкеры, якія падгандлёўвалі гашышам. Але мясцовыя актывісты хутка мабілізаваліся і пасьля нэрвовага супрацьстаяньня прымусілі нязваных гасьцей адступіць.

Выхад у Эўразьвяз
Выхад у Эўразьвяз

Зрэшты, неаднойчы чуліся заклікі абмежаваць доступ на тэрыторыю вольнага гораду ўсім чужынцам, якія сваёй прысутнасьцю ўносяць дысгармонію ў тутэйшае грамадзтва. Але Крыстыяніты занадта залежаць ад зьнешняга сьвету, каб дазволіць сабе поўную ізаляцыю.

Хоць надпіс на браме, пастаўленай на выхадзе з Крыстыяніі, і гучыць недвухсэнсоўна: «Вы зноў ступаеце на тэрыторыю Эўразьвязу». Маўляў, пагулялі, панюхалі (а можа і прадэгуставалі), паглядзелі на сацыяльны экспэрымэнт — дый годзе...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG