Беларусь і Эўразьвяз скончылі перамовы аб рэадмісіі і спрашчэньні візавага рэжыму.
Бакам засталося дамовіцца аб працэдуры падпісаньня дакумэнтаў. Пра гэта Tut.by паведамілі крыніцы ў Брусэлі.
З нагоды яшчэ аднаго дакумэнта — Прыярытэтаў партнэрства — эўрачыноўнікі спадзяюцца пераканаць Літву, пазыцыя якой у пытаньні БелАЭС перашкаджае падпісаць гэтую дамову. Гаварыць з афіцыйнай Вільняй стане прасьцей, калі Беларусь прыме Нацыянальны плян дзеяньняў у ядзернай бясьпецы.
«Мы спадзяёмся, што аб прыярытэтах партнэрства мы дасягнём канчатковых пагадненьняў у наступным месяцы», — расказала крыніца, дадаўшы, што ў Брусэлі задаволеныя праведзенымі на АЭС стрэс-тэстамі, рэкамэндаванымі Эўразьвязам.
«Наступным крокам мы чакаем ад Менску Нацыянальнага пляну дзеяньняў для ажыцьцяўленьня рэкамэндацый у пытаньнях ядзернай бясьпекі. Да Літвы мы пастараемся данесьці той факт, што Беларусь пагадзілася на стрэс-тэсты. Але ў нас будзе значна больш магчымасьцяў адстойваць падпісаньне прыярытэтаў партнэрства ў тым выпадку, калі ў Беларусі зьявіцца Нацыянальны плян дзеяньняў», — падкрэсліваюць у Эўразьвязе.
Ня так даўно міністар замежных спраў Уладзімер Макей выказаў спадзяваньне, што пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму будзе падпісанае да канца 2019 году. Пасьля ўступленьня гэтага пагадненьня ў сілу шэнгенскія візы для беларусаў патаньнеюць да 35 эўра, а таксама вырасьце колькасьць бясплатных і доўгатэрміновых візаў.