Хто як хто, але амэрыканскія турысты не належаць да самых бедных у сьвеце. Але і яны ня любяць раскідацца грашмі ў сваіх падарожжах па сьвеце. Таму нас не павінны зьдзіўляць парады ў самых папулярных амэрыканскіх газэтах, як пабачыць як мага больш сьвету і выдаткаваць як мага менш грошай.
Шэсьць парадаў дасьведчанага падарожніка ў амэрыканскім выданьні The New York Times:
Начуйце ў гостэлах
Сёньня большасьць гостэлаў («маладзёвых гатэляў») — гэта, паводле Джэфры Морысана, аўтара згаданай амэрыканскай газэты, чыстыя і камфортныя начлежкі, і непараўнальна таньнейшыя, чым нават самыя сьціплыя гатэлі. «Я спыняўся ў больш чым 100 гостэлах цягам апошніх некалькіх гадоў, і большасьць зь іх была выдатная, некаторыя былі проста кляснымі, і толькі нешматлікія — дрэннымі. Як правіла, хоць і не заўсёды, вам давядзецца карыстацца агульнай ваннай, а ў самых танных гостэлах — агульнымі пакоямі. Тым ня менш, большасьць гостэлаў мае таксама прыватныя нумары. Пражываньне ў гостэлах, нават толькі цягам часткі вашага падарожжа, дапаможа вам зэканоміць сотні [даляраў]», — піша Морысан.
Пазьбягайце рэстаранаў
Прадуктовыя крамы і рынкі па ўсім сьвеце прапануюць значна больш танную ежу, чым любы рэстаран. Калі вы жывяце ў гостэле, большасьць зь іх мае кухні і лядоўні, так што вы можаце захоўваць там гатовыя стравы або інгрэдыенты, якія можна хутка і лёгка прыгатаваць.
Ваш багаж павінен быць максымальна лёгкі
Бярыце з сабою такі багаж, які няцяжка насіць. Гэта вам адкрые дадатковыя магчымасьці эканоміць на грамадзкім транспарце ці на таксі ў горадзе — вы проста ўсюды зможаце дабрацца пешкі.
Карыстайцеся мясцовымі SIM-картамі
Падказка, якая насамрэч не вымагае тлумачэньня. Паводле Джэфры Морысана, «мясцовая SIM-карта за прыблізна 20 даляраў дасьць вам «неабмежаваную або амаль неабмежаваную» магчымасьць дзяліцца інфармацыяй падчас усяго падарожжа.
Купіце мясцовы праязны
Мясцовая сыстэма мэтро і іншыя віды грамадзкага транспарту амаль у кожным буйным горадзе прапануюць праязныя з льготнымі тарыфамі для людзей, якія езьдзяць часта. Калі вы намераны застацца ў горадзе на тыдзень, праязныя зэканомяць вам шмат.
Пазьбягайце падмацунку ў «гарачых кропках»
Рэстараны паблізу турыстычных «гарачых кропак» заўсёды перапоўненыя, цэны ў іх завышаныя, а ежа наагул пасрэдная. Адыдзіце на адлегласьць некалькіх кварталаў у любым кірунку. Вы абавязкова знойдзеце нешта таньнейшае і смачнейшае.