Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як гэта, калі мяняюцца прэзыдэнты. 10 асаблівасьцяў перадачы ўлады ва Ўкраіне


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Грамадзяне Ўкраіны ў выніку двух тураў выбараў, якія праходзілі 31 сакавіка і 21 красавіка, абралі Ўладзіміра Зяленскага кіраўніком сваёй дзяржавы. Ён будзе шостым яе прэзыдэнтам.

​За час, пакуль у Беларусі перадача ўлады адбывалася фактычна толькі аднойчы — пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, ва Ўкраіне за ўсю гісторыю незалежнасьці паўнамоцтвы кіраваньня дзяржавай пераходзілі ад аднаго прэзыдэнта наступнаму чатыры разы — два разы мірна, калі ўладу перадавалі Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка, а два разы пад ціскам народу — калі ў выніку Аранжавай рэвалюцыі і Эўрамайдану да ўлады прыйшлі, адпаведна, Віктар Юшчанка і Пятро Парашэнка.

Свабода высьвятляла, як прэзыдэнты Ўкраіны перадаюць уладу сваім наступнікам.

Дачакацца паўнамоцтваў

Лягічна, што кожны пераможца выбараў імкнецца найхутчэй атрымаць паўнамоцтвы. Дагэтуль рэкорд па найбольш працяглым транзыце ўлады ад папярэдняга да новаабранага прэзыдэнта мае Віктар Юшчанка — дата ягонай інаўгурацыі была прызначаная праз 28 дзён пасьля дня выбараў.

Архіўнае фота. Віктар Юшчанка падчас інаўгурацыі, 23 студзеня 2005 году
Архіўнае фота. Віктар Юшчанка падчас інаўгурацыі, 23 студзеня 2005 году

​У 2004–2005 гадах Украіна зьдзівіла сьвет сваім імкненьнем да сумленных выбараў і гатоўнасьцю адстойваць прынцыпы дэмакратыі. Пасьля пераможнай Аранжавай рэвалюцыі на інаўгурацыю Віктара Юшчанкі прыехала і рэкордная для Ўкраіны колькасьць замежных дэлегацый. Гасьцей было яшчэ больш у 2014 годзе, на інаўгурацыі Пятра Парашэнкі, абранага прэзыдэнтам Украіны пасьля Рэвалюцыі годнасьці і ўцёкаў папярэдняга кіраўніка дзяржавы Віктара Януковіча ў Расею.

Улічваючы сытуацыю Ўкраіны, супраць якой Расея пачала неабвешчаную вайну, складаньне прысягі Пятром Парашэнкам было прызначана на як найбліжэйшы час — праз 13 дзён. Папярэднія прэзыдэнты Леанід Кучма і Віктар Януковіч атрымалі паўнамоцтвы, адпаведна, на 16-ы і 18-ы дзень пасьля выбараў.

Архіўнае фота. Пятро Парашэнка падчас інаўгурацыі, 7 чэрвеня 2014 году
Архіўнае фота. Пятро Парашэнка падчас інаўгурацыі, 7 чэрвеня 2014 году

Каманда абранага сёлета прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага таксама плянуе запрасіць замежных гасьцей, але пакуль не ўдакладняе, прадстаўнікоў якіх краін чакаюць на ўрачыстасьці. Уладзімір Зяленскі атрымаў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы на 29-ы дзень пасьля выбараў, і гэта яшчэ адзін рэкорд сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі.

Абмежаваная пераемнасьць

Нягледзячы на тое, што Ўкраіну ўзначальвалі прадстаўнікі розных партыяў, часам нават антаганістаў, у перадачы ўлады заўсёды існавала пэўная пераемнасьць. Найперш, у кадравай палітыцы. Мяняліся пераважна кіраўнікі структурных падразьдзяленьняў, пратакольнай і прэсавай службы Адміністрацыі прэзыдэнта. Як правіла, усе яны сыходзяць разам з прэзыдэнтам пасьля завяршэньня ягоных паўнамоцтваў. Сярэдняе чыноўніцкае зьвяно часьцей заставалася ў спадчыну новаму кіраўніку дзяржавы. Аналягічна адбываюцца зьмены і ў апараце ўкраінскага ўраду з прыходам новага прэм’ер-міністра.

Традыцыйна новаабраны прэзыдэнт мяняе і рэгіянальнае кіраўніцтва. Але, нягледзячы на жаданьне сфармаваць вэртыкаль улады «пад сябе», прэзыдэнты часта пакідалі на службе найбольш яскравых, прафэсійных ці ляяльных чыноўнікаў.

Напрыклад, Уладзімір Стэльмах 2 гады працаваў кіраўніком Нацбанку за прэзыдэнта Леаніда Кучмы і цягам усёй кадэнцыі Віктара Юшчанкі. Міністар юстыцыі Аляксандар Лаўрыновіч працаваў на гэтай пасадзе і за Леаніда Кучмы, і за Віктара Юшчанкі, і за Віктара Януковіча.

Цяпер Канстытуцыя Ўкраіны абмежавала ўплыў прэзыдэнта на фармаваньне складу ўраду. У ягонай сфэры адказнасьці засталіся толькі Міністэрства замежных спраў і Міністэрства абароны. У сілавых структурах кіраўнік дзяржавы можа вызначаць кандыдатуры на пасады кіраўнікоў Службы бясьпекі і Генэральнай пракуратуры. Але канчаткова іх усё роўна зацьвярджае парлямэнт.

Кадравыя чысткі

Што праўда, двойчы за ўсю гісторыю зьмены прэзыдэнтаў ва Ўкраіне адбываліся «кадравыя чысткі», якія закранулі і ніжэйшае чыноўніцтва. У 2005-м, у часы Віктара Юшчанкі, зь дзяржаўнай службы звольнілі каля 10 тысяч чалавек, а за прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі ўладныя структуры, паводле некаторых ацэнак, былі ачышчаныя ад прадстаўнікоў папярэдняй улады на 98% — дзякуючы ўхваленаму ў 2014 годзе закону аб люстрацыі.

Калі гаворка ідзе аб прызначэньнях, за якія адказвае кіраўнік дзяржавы, то найперш зьмяняецца дыпляматычны корпус. Паводле дасьледаваньня незалежнай аналітычнай плятформы VoxUkraine, заснаванай пасьля Рэвалюцыі годнасьці ў 2014 годзе групай эканамістаў і юрыстаў, найбольшая ратацыя сярод украінскіх амбасадараў адбылася ў часы Віктара Юшчанкі, які замяніў 20% дыпляматаў. На другім і трэцім месцы — Пятро Парашэнка (18%) і Віктар Януковіч (15%). Адзіным, хто не зьмяняў амбасадараў, прызначаных папярэднім прэзыдэнтам, быў Леанід Кучма — ён звальняў толькі тых, каго сам і прызначаў.

Як абышлі вострыя вуглы

Найбольш рызыкоўнай працэдура перадачы ўлады была ў пасьлярэвалюцыйныя гады — у 2005-м і 2014-м. Але нават тады краіна ня страціла кіраванасьці.

«У 2005-м перадача ўлады адбывалася ў іншых умовах — ва ўмовах супрацьстаяньня. Ключавым тады было тое, што ўрад аўтаматычна падаваў у адстаўку перад новаабраным прэзыдэнтам. І таму мы сапраўды ў першую чаргу займаліся фармаваньнем новай урадавай каманды», — сказала Свабодзе віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ірына Герашчанка, якая ў 2005 годзе працавала прэсавым сакратаром Віктара Юшчанкі.

Ірына Герашчанка
Ірына Герашчанка

Паводле яе, тады адным з элемэнтаў транзыту ўлады былі сустрэчы Віктара Юшчанкі з тагачасным кіраўніком Украіны Леанідам Кучмам і другім кандыдатам на прэзыдэнта Віктарам Януковічам пры ўдзеле міжнародных пасярэднікаў:

«Да таго ж Віктар Юшчанка быў дзейным на той час дэпутатам і меў сваю фракцыю ў Вярхоўнай Радзе, а таксама саюзьнікаў — фракцыю Юліі Цімашэнкі. Тады большая частка палітычнага жыцьця праходзіла ў парлямэнце, і Віктар Юшчанка яго каардынаваў. Мы дакладна былі ў дыялёгу са службай пратаколу па перадачы пэўных рэчаў. Дакладна пра сябе магу сказаць, што я сустрэлася з Алёнай Грамніцкай (на той час прэсавая сакратарка Леаніда Кучмы. — РС), якая паказала мне ўсе памяшканьні, датычныя да працы прэсавай службы — прэсавы цэнтар, студыю запісу зваротаў і гэтак далей. Мы абмяняліся думкамі аб працы, некаторыя людзі былі звольненыя з прэсавай службы, а некаторыя, дарэчы, працуюць дагэтуль».

А ўжо ў 2010 годзе для перадачы ўлады Віктар Юшчанка сустракаўся і са сваім былым апанэнтам Віктарам Януковічам.

Віктар Юшчанка, архіўнае фота
Віктар Юшчанка, архіўнае фота

«Я хацеў даць зразумець Віктару Фёдаравічу, што на пасадзе прэзыдэнта кіраваўся прынцыпам „Украіна перадусім“. І думаю, што гэтая пасада шмат у чым вызначыць погляды і паводзіны цяперашняга кіраўніка дзяржавы», — распавядаў тады журналістам пра гэтую сустрэчу Віктар Юшчанка.

Што праўда, Віктару Януковічу ўжо не давялося перадаваць уладу — ён уцёк у Расею, а абавязкі кіраўніка дзяржавы часова былі ўскладзеныя на тагачаснага сьпікера парлямэнту Аляксандра Турчынава.

Аляксандар Турчынаў
Аляксандар Турчынаў

«Януковіч уцёк з Кіева, і разам зь ім уцёк практычна ўвесь склад Кабінэту Міністраў, усе кіраўнікі сілавых структур. Такая самая сытуацыя, на жаль, была і ў шмат якіх рэгіёнах, дзе кіраўнікі мясцовых адміністрацый або не выходзілі на працу, або выяжджалі з краіны. Вынікла калясальная пагроза хаосу і некіраванасьці краіны. У такіх умовах адзіным легітымным органам улады заставаўся парлямэнт, які ўзяў на сябе адказнасьць за сытуацыю ў краіне», — сказаў Аляксандар Турчынаў на судовым працэсе аб дзяржаўнай здрадзе Віктара Януковіча.

Разам з уладай перадаюць і сакрэты

Згодна з заканадаўствам прэзыдэнт аўтаматычна атрымлівае доступ да дзяржаўных таямніц усіх ступеняў сакрэтнасьці. Але ён мусіць падпісаць абавязаньні іх не выдаваць.

«Я ня маю мандату распавядаць, як перадавалася гэтая інфармацыя. Але, безумоўна, было пару сустрэч і па ключавых пытаньнях — пра бясьпеку і дзяржтаямніцы», — дадала Ірына Герашчанка.

Два прэзыдэнты, але не дваяўладзьдзе

Пасьля выбараў і да перадачы ўлады дзейнасьць Пятра Парашэнкі была ўжо не такая інтэнсіўная, але не таму, што ён прайграў — гэта характэрная асаблівасьць усіх краін, у якіх адбываецца зьмена прэзыдэнтаў. У апошні месяц паўнамоцтваў ніколі не падпісваюцца вызначальныя міжнародныя пагадненьні або дакумэнты, скіраваныя на радыкальныя зьмены ўнутранай сытуацыі. Пагатоў калі ў краіне ідзе вайна.

Тым ня менш Пятро Парашэнка падтрымліваў актыўныя тэлефонныя кантакты з кіраўніцтвам краін-хаўрусьнікаў і міжнародных арганізацый. Паралельна працягваў працоўныя паездкі па рэгіёнах Украіны, а таксама, што называецца, «падцягваў хвасты» ў найважнейшых у часе ягонай дзейнасьці сфэрах — вайсковай, нацыянальнай бясьпекі і судовай.

Тарас Беразавец
Тарас Беразавец

«Ёсьць такая асаблівасьць — усё, што вызначаецца ўказамі прэзыдэнта, можа быць скасавана ўказамі новага прэзыдэнта, таму ўсе прынцыповыя рашэньні цяпер могуць быць ухваленыя толькі праз парлямэнт, тады новаму прэзыдэнту скасаваць іх будзе вельмі складана. Пэўныя засьцерагальнікі (ад зьмены курсу) ужо зробленыя — гэта зьмены ў Канстытуцыю наконт Эўразьвязу і NATO, моўны закон, і тут вельмі важна, што дзейны прэзыдэнт яго падпісаў», — мяркуе палітоляг Тарас Беразавец.

Парад узнагароджаньняў

Традыцыйным для ўкраінскай палітыкі стала прысваеньне дзяржаўных узнагарод дзейнымі прэзыдэнтамі ў апошнія дні сваіх паўнамоцтваў. Журналісты называюць гэты працэс «разьвітальнай падзякай», бо найчасьцей у сьпісы ўзнагароджаных трапляюць набліжаныя і найбольш адданыя прэзыдэнту людзі.

Традыцыю, якая жыве з часоў Леаніда Кучмы, падтрымаў і Пятро Парашэнка. У ягоным арсэнале ордэны, мэдалі, вайсковыя званьні і найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода — званьне Героя Ўкраіны.

Дыялёг як элемэнт цывілізаванай зьмены ўлады

Абраны сёлета Ўладзімір Зяленскі правёў адну сустрэчу ў парлямэнце, галоўным пытаньнем якой было прызначэньне даты ягонай інаўгурацыі. На момант падрыхтоўкі матэрыялу да публікацыі ў ягонай прэсавай службе паведамілі, што ў графіку новаабранага прэзыдэнта пакуль няма сустрэчы зь Пятром Парашэнкам, нягледзячы на тое, што дзейны прэзыдэнт неаднаразова прапаноўваў сваю дапамогу і выказваў гатоўнасьць сустрэцца.

У той жа час новаабраны прэзыдэнт пасьпеў ужо сустрэцца з кіраўнікамі розных рэлігійных грамад Украіны, дзейным прэм’ерам Уладзімірам Гройсманам, генэральным пракурорам Юрыем Луцэнкам, міністрам замежных спраў Паўлом Клімкіным і кіраўніцтвам замежных банкаў ва Ўкраіне.

Уладзімір Зяленскі правёў таксама і першыя міжнародныя перамовы — з намесьнікам памочніка дзяржсакратара ЗША Джорджам Кентам, міністрам замежных спраў Канады Хрысьцяй Фрыланд і з эўракамісарам у пытаньнях палітыкі суседзтва і пашырэньня Эўразьвязу Ёганэсам Ганам. Адметна, што эўрапейскі чыноўнік у часе свайго візыту ў Кіеў зь Пятром Парашэнкам не сустракаўся. Украінскія СМІ паведамлялі, што іхныя дачыненьні сапсаваліся з прычыны невыкананьня Кіевам умоў па барацьбе з карупцыяй, і гэты канфлікт узмацніўся сытуацыяй з Міхэілам Саакашвілі, якога пазбавілі ўкраінскага грамадзянства і выдварылі з Украіны.

Ці мабілізуецца парлямэнт пад новага прэзыдэнта

Уладзімір Зяленскі ў сваім выбарчым штабе падчас абвяшчэньня вынікаў галасаваньня, 21 красавіка 2019 году
Уладзімір Зяленскі ў сваім выбарчым штабе падчас абвяшчэньня вынікаў галасаваньня, 21 красавіка 2019 году

​Уладзімір Зяленскі неаднаразова заяўляў, што трэба тэрмінова прыняць некалькі законаў, якія могуць істотна паўплываць на пераразьмеркаваньне ўлады — аб скасаваньні недатыкальнасьці прэзыдэнта, народных дэпутатаў і судзьдзяў, аб імпічмэнце прэзыдэнта, аб адкліканьні народнага дэпутата і аб народаўладзьдзі. Але дзеля гэтага яму патрэбна, каб парлямэнцкая большасьць падтрымала ягоныя заканадаўчыя ініцыятывы.

Ці пераарыентуецца на новага прэзыдэнта ўрадавая кааліцыя, як гэта адбылося ў 2014 годзе пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча? Пакуль што большасьць знаходзіцца пад уплывам дзейнага прэзыдэнта — яна складаецца з фракцый «Блёк Пятра Парашэнкі» і «Народны фронт». У той жа час для ўкраінскага парлямэнту заўсёды было ўласьціва «перафарбоўваньне», калі дэпутаты з апазыцыі далучаліся да новай уладнай каманды. Такі дрэйф пачаўся і цяпер, заўважаныя ў ім і прадстаўнікі прыязных Пятру Парашэнку фракцый.

Пасьля рашэньня фракцыі «Народны фронт» аб выхадзе з ўрадавай кааліцыі зьнікла і магчымасьць роспуску парлямэнту, на які спадзявалася каманда новаабаранага прэзыдэнта. Цяпер Уладзмімр Зяленскі вымушаны будзе працаваць з дзейным складам парлямэнту і ўраду, які прадоўжыць выконваць свае паўнамоцтвы да чарговых парлямэнцкіх выбараў — яны мусяць адбыцца ў канцы кастрычніка.

Што атрымае новы прэзыдэнт і з чым застанецца папярэдні

Пятро Парашэнка з жонкай Марынай на брыфінгу, на якім ён заявіў, што будзе заставацца ў палітыцы разам са сваёй камандай. Кіеў, 21 траўня 2019 году
Пятро Парашэнка з жонкай Марынай на брыфінгу, на якім ён заявіў, што будзе заставацца ў палітыцы разам са сваёй камандай. Кіеў, 21 траўня 2019 году

Згодна з украінскім заканадаўствам званьне прэзыдэнта захаваецца за Пятром Парашэнкам пажыцьцёва. Як і памер службовага акладу, дзяржаўная дача з абслугоўваньнем, аховай і транспартным забесьпячэньнем, а таксама мэдычнае і санаторна-курортнае абслугоўваньне яго самога і ягонай жонкі Марыны.

Аднак ня выключана, што Пятро Парашэнка можа часткова адмовіцца ад сацыяльных гарантыяў дзяржавы.

За ўвесь час працы прэзыдэнтам Пятру Парашэнку (з чэрвеня 2014-га да красавіка 2019-га) быў налічаны заробак у памеры 1,363 мільёна грыўняў — прыкладна 50,5 тысячы даляраў у эквіваленце. Усе гэтыя грошы пасьля адлічэньня падаткаў, паводле рашэньня Пятра Парашэнкі, пералічвалася на дабрачыннасьць.

Новага прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага дзяржава забясьпечыць заробкам, загараднай рэзыдэнцыяй і службовай кватэрай у Кіеве, спэцыяльна абсталяванымі самалётам і верталётам, аўтамабільным транспартам, прадстаўнічымі выдаткамі на перамяшчэньне па краіне і за яе межамі, аховай, а таксама мэдычным і санаторна-курортным абслугоўваньнем яго самога і ягонай жонкі Алены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG