Прадстаўніцтва Злучаных Штатаў Амэрыкі на інаўгурацыі новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага будзе найвышэйшага ўзроўню, паведаміў у інтэрвію расейскай службе BBC спэцыяльны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША па пытаньнях Украіны Курт Уолкер.
«На інаўгурацыю прэзыдэнта Ўкраіны ў Кіеў з ЗША прыбудзе дэлегацыя высокага ўзроўню. Мы чакаем, калі вызначыцца дакладная дата, і тады вызначым яе склад. Прыкладна ў тыя дні я паспрабую зь ім сустрэцца, каб абмеркаваць канфлікт на Данбасе і крокі, якія можна было б зрабіць, каб вярнуць спакой і мір на гэтую зямлю», — заявіў Уолкер.
Пры гэтым ён не ўдакладніў, хто менавіта ўвойдзе ў склад дэлегацыі ЗША на інаўгурацыю.
«Пакуль гэта не абвешчана, але гэта будзе самы высокі ўзровень прадстаўніцтва, які будзе адпавядаць статусу інаўгурацыі кіраўніка дзяржавы, якая ўваходзіць у лік нашых сяброў», — дадаў ён.
21 красавіка Ўладзімір Зяленскі перамог на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, атрымаўшы каля 73% галасоў. Інаўгурацыя павінна адбыцца не пазьней чым праз 30 дзён пасьля афіцыйнага абвяшчэньня вынікаў, то бок, да 3 чэрвеня. Прэзыдэнт павінен прысягнуць украінскаму народу на ўрачыстым пасяджэньні Вярхоўнай Рады. Зяленскі настойвае, каб інаўгурацыя адбылася 19 траўня.