Свабода вывучыла перадвыбарчыя заявы і абяцаньні пераможцы на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, супаставіла іх з чаканьнямі выбарцаў і буйнога капіталу ды рэальнымі паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы.
Калі чакаць інаўгурацыі?
Дата ўступленьня Ўладзіміра Зяленскага на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны будзе залежаць ад даты, калі Цэнтральная выбарчая камісія абвесьціць афіцыйныя вынікі. Згодна з заканадаўствам гэта мае адбыцца не пазьней як 1 траўня. Яшчэ праз тры дні ад гэтага моманту вынікі павінны апублікаваць, і толькі праз трыццаць дзён пасьля гэтага можа адбыцца інаўгурацыя новага кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.
Для правядзеньня інаўгурацыі склікаецца ўрачыстае пасяджэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны, на якім новаабраны прэзыдэнт складае прысягу, атрымлівае пасьведчаньне прэзыдэнта і галоўныя сымбалі кіраўніка дзяржавы — булаву, пячатку і нагрудны знак.
Прымаючы прысягу, прэзыдэнт кладзе адну руку на Канстытуцыю Ўкраіны, другую — на Перасопніцкае Эвангельле.
Што абяцаў Зяленскі
Але набліжэньне гэтага моманту пакуль не прымусіла Ўладзіміра Зяленскага абвясьціць пра свае першыя крокі на пасадзе прэзыдэнта Ўкраіны.
Найперш, як і ягоны кінагерой з сэрыялу «Слуга народу», Уладзімір Зяленскі абяцаў, што ня будзе працаваць у будынку цяперашняй адміністрацыі прэзыдэнта. Праўда, ён яшчэ ня вырашыў, куды яна пераедзе. З упэўненасьцю Зяленскі заяўляе толькі пра намер істотна скараціць колькасны склад апарату прэзыдэнта.
У сваіх прамовах Уладзімір Зяленскі, як і раней, пазьбягае канкрэтных абяцаньняў.
Новаабраны кіраўнік дзяржавы мае намер правесьці поўнае кадравае абнаўленьне, але прозьвішчаў кандыдатаў яшчэ не называе. Ён мае паўнамоцтвы прызначыць
- міністра замежных спраў,
- міністра абароны,
- сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і
- генэральнага пракурора.
«Мы будзем прызначаць новых людзей, і гэта тычыцца ня толькі Луцэнкі (генэральнага пракурора Ўкраіны. — РС). Дарэчы, вы ведаеце, што ў нас старшыня Нацбанку прызначаецца на сем гадоў?» — фактычна пытаньнем на пытаньне адказаў Уладзімір Зяленскі на просьбу журналістаў назваць імёны кандыдатаў.
«Наконт Генштабу — у нас ёсьць вельмі сур’ёзныя хлопцы, якія маюць аўтарытэт у войску. Гэта дзейныя генэралы. Вы абавязкова іх убачыце. Пакуль, зразумейце, я ня маю права называць імёны гэтых людзей», — дадаў ён.
Чыю волю Зяленскі будзе выконваць — украінцаў ці алігархаў
За ўвесь час выбарчай кампаніі Ўладзімір Зяленскі ня змог пазбавіцца таўра «марыянэткі алігарха Каламойскага», якое яму навязалі адразу ж пасьля абвяшчэньня намеру балятавацца на прэзыдэнта.
Новаабраны прэзыдэнт спрабаваў пераканаць выбарнікаў, што яго зь Ігарам Каламойскім зьвязвае толькі бізнэс. А ў часе дэбатаў на стадыёне «Алімпійскі» ў Кіеве, калі Пятро Парашэнка наўпрост запытаў яго, ці гатовы ён «зрабіць усё, каб Каламойскі і іншыя былі адсечаныя ад бюджэтных рэсурсаў», Уладзімір Зяленскі адказаў станоўча.
Раней ён ужо заяўляў пра намер ініцыяваць асобны законапраект аб амністыі капіталу.
«Што тычыцца алігархаў, я гатовы да сустрэчы зь вялікім бізнэсам. Я думаю, што адсотак яны могуць большы ахвяраваць Украіне, якая дала ім мільярды. І правілы павінны быць для ўсіх аднолькавыя. Я ўпэўнены, што мы з усім бізнэсам дамовімся. Мы хочам вывесьці капітал зь ценю. Галоўнае пытаньне, ці падтрымае Вярхоўная Рада гэты законапраект», — заявіў Зяленскі на тэлеканале алігарха Каламойскага «1+1» за чатыры дні да выбараў.
А пасьля абвяшчэньня вынікаў экзыт-полаў Уладзімір Зяленскі, дзякуючы выбарнікам за падтрымку, заявіў: «Я абяцаю вам, што ніколі вас усіх не падвяду».
Вайна на Данбасе і менскі працэс
Уладзімір Зяленскі запэўніў, што ня будзе ламаць існыя менскі і нармандзкі працэсы, якія дазваляюць весьці перамовы аб разьвязаньні сытуацыі на Данбасе, частка якога акупаваная Расеяй:
«Мы будзем дзейнічаць у нармандзкім фармаце, будзем працягваць менскі працэс, мы будзем яго перазагружаць. Я лічу, што там будуць кадравыя зьмены. У любым выпадку мы будзем працягваць менскі напрамак і ісьці да канца, каб спыніць агонь, таму што гэта самае галоўнае для нас — вярнуць нашых хлопцаў жывымі».
Новаабраны прэзыдэнт таксама паведаміў, што сустракаўся з родзічамі маракоў, якіх Расея летась у лістападзе захапіла ў палон:
«Я пакуль нічога не абяцаю, але зраблю ўсё, каб вярнуць нашых хлопцаў дадому».
Уладзімір Зяленскі заявіў, што гатовы скарыстацца парадамі свайго папярэдніка Пятра Парашэнкі:
«Парашэнка прапанаваў мне сваю дапамогу, ён сказаў, што заўсёды гатовы дапамагчы парадай. Мне здаецца, гэта сур’ёзная дапамога, і я гатовы сапраўды зьвярнуцца да Пятра Аляксеевіча, калі мне спатрэбіцца дапамога, чаму не? Калі яна мне спатрэбіцца, абавязкова я яму патэлефаную».
Эўраінтэграцыя і NATO
Новаабраны прэзыдэнт публічна ніколі не выказваўся пра эўрапейскую інтэграцыю. У выбарчай праграме гэты кірунак вонкавай палітыкі наагул ня згадваецца: Уладзімір Зяленскі акцэнтуе там увагу на неабходнасьці ўкараненьня эўрапейскіх стандартаў ва ўсіх сфэрах жыцьця і дзейнасьці дзяржавы: вайсковай, эканамічнай, адукацыйнай, прававой і сацыяльнай.
Зяленскі перакананы, што рух Украіны ў NATO — зарука бясьпекі краіны. Але ён мяркуе, што ўступленьне Ўкраіны ў любыя арганізацыі бясьпекі павінны пацьвердзіць грамадзяне на адпаведным рэфэрэндуме.
У той жа час цяперашні міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін паабяцаў зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб «у пераходны пэрыяд за вонкавую палітыку можна было не хвалявацца».
Новы прэзыдэнт патрабуе новага парлямэнту?
Каманда Зяленскага настойвае на тэрміновым ухваленьні некалькіх законаў, якія могуць істотна паўплываць на пераразьмеркаваньне ўлады. Найперш прапануюць зьняць недатыкальнасьць з прэзыдэнта, народных дэпутатаў і судзьдзяў і ўхваліць законы аб імпічмэнце прэзыдэнта, аб адкліканьні народнага дэпутата і аб народаўладзьдзі.
Пятро Парашэнка ў сваёй дзейнасьці абапіраўся на большасьць у парлямэнце, якая не канечне пагодзіцца працаваць на Ўладзіміра Зяленскага. І таму новы прэзыдэнт найперш зацікаўлены ў перазагрузцы парлямэнту. Але згодна з заканадаўствам Вярхоўную Раду нельга распускаць за паўгода да чарговых выбараў — а яны маюць адбыцца сёлета ў кастрычніку. Паўнамоцтвы на роспуск парлямэнту Ўладзімір Зяленскі мае, але скарыстацца імі ўжо ня можа, таму верагодна, што ён будзе спрабаваць перафарматаваць большасьць. Ужо цяпер шэраг дэпутатаў фракцый «Народны фронт» і «Блёк Пятра Парашэнкі» пераарыентоўваюцца на новага кіраўніка дзяржавы.
Экспэрты не выключаюць і самароспуску Вярхоўнай Рады. Але і гэты сцэнар цяжка будзе рэалізаваць без папярэдніх палітычных дамоўленасьцяў, бо касьцяк большасьці па-ранейшаму арыентуецца на Пятра Парашэнку.
А праз паўгода партыя Ўладзіміра Зяленскага «Слуга народу» ўжо можа і ня мець такой падтрымкі, каб пасьля выбараў аднаасобна сфармаваць кіроўную кааліцыю. Традыцыйна ўкраінцы, абіраючы прэзыдэнта, вельмі хутка ў ім расчароўваюцца.
Якіх першых крокаў ад новага прэзыдэнта чакаюць людзі
Згодна з сацыялягічнымі апытаньнямі, праведзенымі групай «Рэйтынг» за пяць дзён да выбараў, 8% рэспандэнтаў чакаюць ад прэзыдэнта тэрміновых зьмен, 25% — зьмен на працягу паўгода, 25% — на працягу году і 21% — праз год.
Паводле дасьледаваньня Кіеўскага міжнароднага сацыялягічнага інстытуту,
- 39,1% апытаных чакаюць, што новаабраны прэзыдэнт зьнізіць тарыфы на камунальныя паслугі,
- 35,5% — што накіруе ў парлямэнт законапраекты аб зьняцьці недатыкальнасьці з дэпутатаў, судзьдзяў, прэзыдэнта,
- 32,4% чакаюць паскарэньня расьсьледаваньня найбольш рэзанансных карупцыйных злачынстваў,
- 23,3% — пачатку перамоваў наўпрост з Расеяй,
- 18,4% — зьніжэньня заробкаў топ-чыноўнікаў,
- 16,4% — перамоў з Эўразьвязам і ЗША аб урэгуляваньні сытуацыі на Данбасе і вяртаньні Крыму,
- 9,4% — паскарэньня расьсьледаваньня злачынстваў супраць Майдану,
- 3% хочуць пачатку перамоў аб уступленьні Ўкраіны ў Эўрапейскі Зьвяз.
Што можа прэзыдэнт Украіны
Дзьмітры Разумкоў, палітычны кансультант выбарчага штабу Ўладзіміра Зяленскага, 22 красавіка ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў падкрэсьліў, што тыя крокі, якіх чакаюць украінцы ад прэзыдэнта ў першыя сто дзён, не ўваходзяць у кампэтэнцыю кіраўніка дзяржавы:
«Гэта не зусім прэрагатыва прэзыдэнта. Калі мы гаворым пра карупцыйны складнік, які часта ляжыць у аснове тарыфаў, то пазыцыя прэзыдэнта шмат у чым можа паўплываць на працэс. Абяцаць, што гэта адбудзецца празь дзень-два, [прэзыдэнт] ня можа. Гэта працэс, які будзе няпростым, і яго давядзецца прайсьці і Зяленскаму, і ягонай камандзе, і ўкраінскаму народу».
Паколькі ва Ўкраіне на заканадаўчым узроўні замацаваная парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый.
Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладаць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
Апроч таго, прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў. Адначасова кіраўнік дзяржавы зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынём Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны.