Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмія навук ня раіць бяліць дрэвы ў гарадах — толькі ў садах і санітарных зонах


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На сайце Petitions.by зьявіўся адказ на зварот аб мэтазгоднасьці бяленьня ствалоў дарослых дрэваў, які падпісалі чатыры сотні карыстальнікаў.

Аўтары пэтыцыі пісалі, што сумняваюцца ў эфэктыўнасьці пабелкі дарослых дрэваў на вуліцах і ў парках: яна абгрунтаваная хіба для маладых пладовых дрэваў, іншым можа нават нашкодзіць. Аўтары таксама сьцьвярджалі, што бяліць дрэвы і бардзюры пачалі «у час вайны, каб калёна тэхнікі магла арыентавацца ў начны час».

Экспэртную ацэнку даў Інстытут экспэрымэнтальнай батанікі імя Віталя Купрэвіча, які ўваходзіць у структуру Акадэміі навук. Дырэктар інстытуту Аляксандар Пугачэўскі пацьвердзіў: найчасьцей бяленьне ня мае сэнсу. Навукова-гаспадарчая мэтазгоднасьць пабелкі дрэваў у горадзе адсутнічае, піша ён.

«Адзінае месца, дзе, як вынікае з падручнікаў садаводзтва, належыць бяліць дрэвы, гэта пладовыя сады», — тлумачыць дырэктар інстытуту.

Для дрэваў, якія вырошчваюць для атрыманьня ўраджаю садавіны, пабелка можа дапамагчы:

  • не дапусьціць апёкаў і растрэскваньня ствалоў, бо адбівае сонечнае сьвятло;
  • не дапусьціць утварэньня мікратрэшчынаў, бо прадухіляе ад перападаў тэмпэратураў;
  • абараніць ад шкодных насякомых, калі ў пабелку дадаваць інсэктыцыдныя прэпараты, а таксама ад грыбной інфэкцыі, калі дадаваць фунгіцыды;
  • нават абараніць ад мышэй і зайцаў — можна дадаваць і такія рэчывы, якія іх адпужваюць.

Але пабелка — нятанны і працаёмкі занятак, адзначае навуковец. Пабелка дрэваў у парках, сквэрах, на бульварах і вуліцах не прадугледжаная і рашэньнем Менскага гарадзкога савету дэпутатаў. Выключэньне складаюць санітарныя зоны, тэрыторыі ўстановаў адукацыі.

Блогер Антон Матолька адзначае, што ў менскіх правілах не дазваляецца і не забараняецца пабелка на вуліцах, а таксама не ідзе гаворка пра санітарныя зоны і ўстановы адукацыі. Але агулам ён мяркуе, што адказ мае вялікія плюсы — маўляў, прыблізна такога і чакалі, зь ім можна «змагацца з гэтым злом».

Ды на іншую пэтыцыю пра дрэвы прыйшоў наўрад ці той адказ, якога хацелі падпісанты. На просьбу адказаць, хто распарадзіўся зрабіць «барбарскую абрэзку» галінаў дрэваў на завулку Маякоўскага ў Менску (мяркуючы па фота, ад дрэваў пакінулі адно тоўстыя ствалы) адміністрацыя раёну толькі паведаміла, што дрэвы нібыта былі з засохлымі верхавінамі, а таполі добра перажываюць «амаладжальную абрэзку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG