Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Палесьсі знайшлі дзясяткі нелегальных лягераў зьбіральнікаў ягад


Нэлегальны лягер у заказьніку "Стары Жадзен"
Нэлегальны лягер у заказьніку "Стары Жадзен"

Тры нелегальныя лягеры разабралі валянтэры на мінулым тыдні ў заказьніку «Стары Жадзен» у Лельчыцкім раёне. Кожны сэзон сотні ўкраінцаў прыяжджаюць сюды зьбіраць ягады і будуюць вялікія стаянкі.

«У гэтым лягеры чалавек 60 было. Гэта дакладна», — кажа Свабодзе лясьнік Сяргей Філіпавіч, які прыехаў на прыборку разам з валянтэрамі.

Лягер месьціцца ўсярэдзіне заказьніку, на самым краі ляснога вострава, каб было блізка хадзіць у балота па ягады. Побач яшчэ два. Найбольш верагодна, яны засталіся з ранейшых гадоў.

Па меркаваньні лясьнікоў, у гэтыя лягеры магло жыць да як найменей 60 чалавек
Па меркаваньні лясьнікоў, у гэтыя лягеры магло жыць да як найменей 60 чалавек

Штогод з чэрвеня да першых маразоў сотні ўкраінцаў з памежных вёсак прыяжджаюць зьбіраць чарніцы і журавіны. Яны па некалькі тыдняў жывуць у лесе і здаюць ягады перакупшчыкам на месцы. Адзін чалавек можа зарабіць прынамсі дзьве тысячы рублёў на месяц.

«Яны кажуць, што ў іх працы няма, таму і едуць да нас», — кажа Віталь Кадлусевіч, мясцовы лясьнік.

Зьбіраць ягады ў заказьніках можна. У тым ліку і замежнікам. Штогод для ўкраінцаў з памежных тэрыторый адкрываюць пункт спрошчанага пропуску. Для прыкладу, у 2017 годзе за ліпень-лістапад празь яго прайшла 21 тысяча чалавек.

У адным месцы пасярэдзіне заказьніка знаходзіліся тры лягеры
У адным месцы пасярэдзіне заказьніка знаходзіліся тры лягеры

І хоць разьбіваць лягеры ў заказьніках нельга, у Альманскіх балотах і Старым Жадзене такіх нелегальных лягераў — дзясяткі.

«Толькі ў гэтым урочышчы іх, можа, штук 15, а то і болей», — кажа Сяргей Філіпавіч.

На незаконныя лягеры зьвярнулі ўвагу эколягі. У Старым Жадзене арнітолягі назіраюць за рэдкім відам арла — вялікім арляцом. У 2015 годзе тут таксама знайшлі звышрэдкі від кажана — вялікую вечарніцу. Абодва віды гняздуюцца ў дзікіх непарушаных тэрыторыях, такіх, як палескія заказьнікі. Але празьмерная актыўнасьць можа нашкодзіць рэдкім відам.

«Вялікі арлец тут жыве, бо гэта адносна дзікая тэрыторыя, сюды няма лёгкага доступу чалавека, — кажа Свабодзе Віктар Фянчук з „Аховы птушак Бацькаўшчыны“. — Людзі сюды прыходзяць у чэрвені, калі яшчэ ня скончылася гнездаваньне вялікага арляца. І могуць патурбаваць птушку».

Самаробны душ у лягеры
Самаробны душ у лягеры

Пакуль зь нелегаламі ў заказьніках нічога ня робяць. Хоць гэта парушэньне закону, ні лясная ахова, ні Дзяржаўная інспэкцыя па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету пры прэзыдэнце не штрафуюць зьбіральнікаў, якія незаконна ладзяць стаянкі, высякаюць вакол іх дрэвы, пракладаюць дарогі і засьмечваюць тэрыторыю.

Віктар Фянчук прапануе, каб у заказьніку вызначылі бясьпечныя месцы і арганізавалі спэцыяльныя стаянкі, дзе б маглі прыпыняцца зьбіральнікі ягад. Таксама, на ягоную думку, павінен быць наладжаны кантроль, каб тыя, хто парушае ахоўны рэжым заказьніка, былі пакараныя.

«Тады і гэтыя мясьціны заставаліся б дзікімі, і зьбіральнікі жылі б цывілізавана», — кажа Віктар Фянчук.

Валянтэры сабралі больш за 50 кг сьмецьця
Валянтэры сабралі больш за 50 кг сьмецьця

12 красавіка супрацоўнікі Жыткавіцкага лясгаса і валянтэры ліквідавалі тры лягеры на Старым Жадзене. Гэта была акцыя ў межах сусьветнай кампаніі #TrashTag challenge. Па ўсім сьвеце людзі прыбіраюць сьмецьце і выкладаюць фатаграфіі «да» і «пасьля» прыборкі з хэштэгам #TrashTag.

У Старым Жадзене валянтэры сабралі звыш 50 кіляграмаў сьмецьця, паразьбіралі драўляныя шалашы, пазасыпалі самаробныя калодзежы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG