Міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін заяўляе аб неабходнасьці сыстэмнага адказу Эўрапейскага Зьвязу на абвешчаную Расеяй пашпартызацыю замежных грамадзян, бо гэты працэс стварае пагрозы для нацыянальнай бясьпекі ўдзельнікаў Усходняга партнэрства — Беларусі, Малдовы і Ўкраіны.
«Гэта мэгапраблема для нас, для нашай нацыянальнай бясьпекі, прычым ня толькі для акупаванай тэрыторыі, а гэтаксама і для ўсіх іншых. Для Беларусі — праблема? Праблема. Для Малдовы — праблема? Праблема. Для Латвіі ці Эстоніі гэта што, не праблема? Там таксама пачынаюць задумвацца. Думаю, мы паступова будзем рухацца да таго, каб даць такі сыстэмны адказ», — сказаў Паўло Клімкін журналістам у Брусэлі.
Паводле яго, большасьць прадстаўнікоў краін Эўразьвязу ўсьведамляюць гэтую праблему: «Вельмі важна, што Эўрапейскі Зьвяз разумее, што гэтым разам нейкімі фармальнымі пэрсанальнымі санкцыямі ня можа скончыцца. Вось гэта будзе дакладна тое, што ў нас называюць здрада. Калі 10-20 ці 50 чалавек паставіць пад санкцыі — гэта не адказ».
Паўло Клімкін таксама мяркуе, што праект Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» мае быць інтэнсыфікаваны: «Мы павінны паглядзець, як гэта працуе для нас палітычна — ці мы пакідаем гэта як прагматычны кошык, зь якога кожны атрымлівае што можа — але і цяпер ужо гэта практычна не працуе, ці мы разглядаем гэта як вялікую палітычную візію і амбіцыі, якія маюць быць накіраваныя на тое, каб ва ўсіх нашых краінах паступова было менш крамлёўскага рэжыму, менш Расеі, як мы маем сёньня, і больш Эўрапейскага Зьвязу. Вакол гэтага, у асноўным, адбываліся ўсе дыскусіі».
Паўло Клімкін таксама заявіў аб намеры выйсьці зь Менскага перамоўнага працэсу ў выпадку скасаваньня санкцыяў супраць Расеі ў межах Рады Эўропы. «Калі вы пойдзеце туды, куды хацелі ісьці некалькі краін, я ў той жа дзень выйду і скажу: па-першае, у нас Менску няма, а па-другое, яго забілі ня толькі з Масквы, а і вы яго пасьлядоўна забіваеце».
Напачатку красавіка генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Яглянд выступіў з ініцыятывай вярнуць Расеі права голасу ў арганізацыі. Паводле яго, Рада Эўропы — адзіная арганізацыя, празь якую Расея зьвязаная з Эўропай абавязковым юрыдычным чынам. Калі гэтая сувязь будзе разарваная, то можа зьявіцца новая «лінія падзелу» у Эўропе. Паводле ўкраінскіх СМІ, гэтую ініцыятыву падтрымліваюць дыпляматы Нямеччыны і Францыі.