Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго Лукашэнка павіншаваў з Днём перамогі

абноўлена

Алякскандар Лукашэнка на адзначэньні Дня перамогі, 9 траўня 2018 году
Алякскандар Лукашэнка на адзначэньні Дня перамогі, 9 траўня 2018 году

Зранку 8 траўня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі апублікавала віншаваньні Аляксандра Лукашэнкі з нагоды Дня перамогі.

У гэты дзень 74 гады таму нацысцкая Нямеччына капітулявала ў Другой сусьветнай вайне. У краінах былога СССР Дзень перамогі адзначаецца 9 траўня праз розьніцу ў часе: паводле маскоўскага часу, акт аб безумоўнай капітуляцыі набыў моц ад 00:01 9 траўня 1945 году. Другая сусьветная вайна завяршылася 2 верасьня таго ж году, калі капітулявала Японія.

Лукашэнка ў віншаваньні беларускаму народу піша, што 9 траўня — «сьвятая дата для кожнага беларуса» і «дзень, які вярнуў нашаму народу права на жыцьцё і надзею на будучыню», адрасуе «нізкі паклон» вэтэранам вайны.

Таксама апублікаваны сьпіс віншаваньняў замежным палітыкам. Ад імя Лукашэнкі іх накіравалі лідэрам:

  • Расеі — прэзыдэнту, прэм’ер-міністру, старшыні Савету фэдэрацыі, старшыні Дзяржаўнай думы, патрыярху маскоўскаму;
  • Азэрбайджану — прэзыдэнту;
  • Армэніі — прэзыдэнту;
  • Грузіі — прэзыдэнтцы;
  • Казахстану — былому і дзейнаму прэзыдэнтам;
  • Кіргізстану — прэзыдэнту;
  • Малдовы — прэзыдэнту;
  • Таджыкістану — прэзыдэнту;
  • Туркмэністану — прэзыдэнту;
  • Узбэкістану — прэзыдэнту;
  • Украіны — дзейнаму прэзыдэнту і выбранаму наступным прэзыдэнтам;
  • кіраўнікам міжнародных структураў: СНД, «саюзнай дзяржавы» і Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Пры тым ня згадваецца, каб віншаваньні накіроўваліся Польшчы, Літве, Латвіі і Эстоніі — суседзям Беларусі і краінам, якія ўдзельнічалі ў Другой сусьветнай вайне на баку саюзьнікаў (на пачатку вайны СССР і Нямеччына падзялілі Польшчу паводле сакрэтнай дамовы, а краіны Балтыі лічаць сваё далучэньне да СССР акупацыяй). Таксама ня згадваецца пра віншаваньні іншым краінам-удзельніцам антыгітлераўскай кааліцыі, як то ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Кітаю і іншым.

Уладзімір Пуцін таксама накіраваў віншаваньні шэрагу кіраўнікоў дзяржаваў. Апоўдні прэс-служба Крамлю паведаміла, што віншаваньні накіраваныя лідэрам і грамадзянам Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Малдовы, Таджыкістану, Туркмэністану, Узбэкістану, а таксама часткова прызнаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі на тэрыторыі Грузіі. Асобна адзначаецца, што віншаваньні былі накіраваныя народам Грузіі і Ўкраіны (але не кіраўнікам дзяржаваў). Як і ў выпадку з Лукашэнкам, не адзначаецца, ці былі накіраваныя віншаваньні краінам Захаду і іншым удзельнікам антыгітлераўскай кааліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG