Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крамлі адсочваюць інфармацыю пра сытуацыю з акцыяй «Несьмяротны полк» у Беларусі


Акцыя «Несьмяротны полк» у Севастопалі, травень 2018
Акцыя «Несьмяротны полк» у Севастопалі, травень 2018

У Крамлі ўважліва сочаць за сытуацыяй вакол правядзеньня акцыі «Несьмяротны полк» у шэрагу гарадоў Беларусі і Казахстану, але рабіць высновы не сьпяшаюцца.

У ходзе размовы прэс-сакратара прэзыдэнта РФ Дзьмітрыя Пяскова з журналістамі ў панядзелак яго папрасілі пракамэнтаваць сітуацыю, якая склалася ў сувязі з тым, што ў шэрагу гарадоў Беларусі і Казахстану не даюць дазволу на правядзеньне гэтых акцый.

«Мы, безумоўна, вельмі ўважліва сочым за гэтай інфармацыяй, але мы ня можам дакладна сказаць, таму што не заўсёды зразумела, пра што канкрэтна ідзе гаворка, пра чые рашэньні, што прывяло да такіх рашэньняў. Таму тут мы таксама б не сьпяшаліся рабіць нейкія высновы», — сказаў Пяскоў.

У Віцебску мясцовыя ўлады адмовілі ў правядзеньні шэсьця-акцыі «Несьмяротны полк» з фармулёўкай «не ўяўляецца магчымым» і прапанавалі далучыцца да акцыі «Беларусь памятае». Заяўку на мерапрыемства падавала партыя левых «Справядлівы сьвет», яе падтрымалі прадстаўнікі некалькіх недзяржаўных арганізацый.

У Менску правядзеньне акцыі «Несьмяротнага палка» ўзгаднілі, але зьмянілі месца правядзеньня: замест шэсьця па Праспэкце заяўнікам дазволілі правесьці мітынг ля Дома-музэя I зьезду РСДРП.

У сакавіку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «катэгарычна супраць» гэткіх мерапрыемстваў. «Гэта бліскучая расейская акцыя, але ў нас ёсьць свая - "Беларусь памятае". Чаму мы павінны кінуць сваё і ўзяць іншае, калі па сутнасьці і па зьнешняй форме абедзьве акцыі аднолькавыя?» — заявіў тады Лукашэнка. Ён адзначыў, што аналягічная акцыя «Беларусь памятае» зьявілася ў Беларусі значна раней, чым у Расеі.

У Казахстане шэсьце «Несьмяротны полк» традыцыйна пройдзе ў Алматы і Нур-Султане. Аднак у Актэбэ — адміністрацыйным цэнтры Акцюбінскай вобласьці мясцовыя ўлады адмянілі акцыю. Яны патлумачылі прычыны адмены шэсьця заторамі на дарогах, а таксама заўвагамі сваякоў загінулых у часе вайны. Яны былі незадаволеныя тым, што пасьля правядзеньня шэсьця фатаграфіі іх родных раскіданыя ў розных месцах і скрынях гораду, «што выклікае непавагу да памяці загінулых вэтэранаў Вялікай айчыннай вайны».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG