Карпарацыя Facebook заблякавала ў сваіх сацыяльных сетках Фэйсбук і Інстаграм акаўнты некалькіх вядомых палітычных камэнтатараў, абвінаваціўшы іх у «распальваньні нянавісьці».
Гаворка ідзе пра сталую, а не часовую блякіроўку. Гэтыя захады тычацца сямі акаўнтаў, большасьць уладальнікаў якіх прытрымліваюцца ўльтраправых поглядаў.
Так, у Фэйсбуку і Інстаграме выдаленыя акаўнты амэрыканскага радыёвядучага стваральніка сайту InfoWars Алекса Джонса, вядомага сваімі кансьпіралягічнымі тэорыямі.
У Фэйсбуку заблякаваны акаўнт брытанскага палітычнага камэнтатара Майла Янопуласа, у мінулым аднаго зь вядучых аўтараў сайту Breitbart, які зьяўляецца крытыкам ісламу, атэізму, фэмінізму, палітычнай карэктнасьці.
Былі заблякаваныя таксама акаўнты амэрыканскай ультраправай палітычнай актывісткі Лоры Лумэр, брытанскага відэаблогера Пола Ўотсана і рэспубліканца Пола Нэлэна, якія таксама выступалі з ультраправых пазыцый. Акрамя таго, заблякаваны акаўнт лідэра радыкальнай групоўкі «Нацыя ісламу» Луіса Фарахана, вядомага антысэміцкімі заявамі. Раней акаўнт Джонса быў заблякаваны на Youtube, а Янопуласа — у Twitter.
Кіраўніцтва Facebook, асабліва пасьля пачатку расьсьледаваньня расейскага ўмяшаньня ў выбары прэзыдэнта ЗША ў 2016 годзе, неаднаразова абяцала зрабіць больш жорсткай барацьбу з распальваньнем нянавісьці ў сацсетках. Кампанію, аднак, крытыкавалі за тое, што яна не выконвае сваіх абяцаньняў. Зрэшты, яе крытыкуюць і з процілеглых пазыцый, абвінавачваючы ва ўшчамленьні свабоды слова. Крытычныя заўвагі на адрас буйных інтэрнэт-карпарацый, уключаючы Google і Twitter, гучалі і ад прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які сьцьвярджаў, што яны душаць кансэрватыўных камэнтатараў і спрыяюць лібэралам.