Сёньня ў Луганску стартаваў мотапрабег «Дарогі Перамогі — на Бэрлін 2019», прымеркаваны да 74-й гадавіны заканчэньня ІІ Усясьветнай вайны.
Галава самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі» Леанід Пасечнік перадаў кіраўніку мотаклюба «Начныя ваўкі. Данбас» Віталію Кішкінаву сьцяг сэпаратыстаў, які выкарыстоўваецца як «дзяржаўны сьцяг ЛНР»
Заўтра байкеры з Данбасу далучацца да калёны, якая рушыць у кірунку Бэрліну з Масквы. Маршрут прабегу плянуецца празь Беларусь, Польшчу, Славаччыну, Чэхію і мае завяршыцца 9 траўня ў Трэптаў-парку ў Бэрліне.
Вядомыя як прыхільнікі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна «Начныя ваўкі» і іх лідэр Аляксандр Залдастанаў па мянушцы Хірург знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі за іх падтрымку баявых дзеяньняў прарасейскіх сілаў ва Ўкраіне.
У 2015 годзе ў Берасьці лідэр клюбу Аляксандар Залдастанаў у выступе перад журналістамі выдаў фразу, якая стала інтэрнэт-мэмам:
«Те, кто затевают эту русофобию, русофобию затевают, вот это вот вот это, затевают всё вот это. Это я… Этим людям я это и адресовываю. Доиграетесь. С этой русофобией, которую вы затеваете».
Дзеяньні ўдзельнікаў клюбу, якія рэгулярна спрабуюць зрабіць мотапрабег па Эўропе, успрымаюцца як правакацыйныя і палітычна матываваныя.
«Начныя ваўкі» сьцьвярджаюць, што вывучаюць гісторыю і спадчыну Расеі, у тым ліку за мяжой. Сёлетні мотапрабег празь Беларусь у Бэрлін можа стаць пятым у гісторыі.