Мясцовыя жыхары актыўна выступалі супраць. У лютым дзяржава скасавала інвэстыцыйную дамову з крэдытам з Кітаю на просьбу самаго «Амкадору».
Кампанія «Амкадор» адмовілася ад плянаў на будаўніцтва заводу ў Калодзішчах, паведаміў Свабодзе Менаблвыканкам.
«Амкадор» сам зьвярнуўся ў Менаблвыканкам са зваротам аб скасаваньні дамовы на будаўніцтва заводу, хоць год таму ў траўні на пляцоўцы ўрачыста заклалі капсулу. Кампанія аргумэнтавала адмову «істотнымі зьменамі макраэканамічных паказьнікаў, якія прыялі да зьмены яе стратэгіі ўнутранага разьвіцьця». Матэрыялы па прадстаўленьні зямлі да будаўніцтва вернутыя на дапрацоўку, канчатковы адказ будзе дадзены цягам некалькіх тыдняў.
Пагадненьне аб льготным крэдыце для будаўніцтва заводу па вытворчасьці спэцыяльных машынаў у Калодзішчах Савет міністраў вырашыў скасаваць у лютым. Урад плянаваў прыцягнуць у 2017–2022 гадах ільготны пакупніцкі крэдыт Экспартна-імпартнага банку Кітаю тэрмінам на 18 гадоў для будоўлі заводу ў Калодзішчах на 192,7 млн даляраў (гэта каля 85% ад усяго кошту праекту). У Мінісітэрстве фінансаў Свабодзе паведамілі, што рашэньне прымаў сам «Амкадор».
Мясцовыя жыхары выступалі рэзка супраць будаўніцтва, бо хацелі «чыстага паветра» — абяцалі «стаяць насьмерць».
Паволе крыніцаў Tut.by, бізнэсовец Аляксандар Шакуцін сам адмовіўся ад будаўніцтва заводу, бо «ў яго і так хапае інвэстыцыйных праектаў у працы».
26 красавіка падала заяву аб банкруцтве закрытае акцыянэрнае таварыства «Амкадор-літ», якое мела будаваць ліцейны завод у Жодзіне (пляны былі ў распрацоўцы яшчэ ў 2012 годзе).