На «Амкадоры» лічаць беспадстаўнымі патрабаваньні жыхароў Калодзішчаў, якія пратэстуюць супраць будаўніцтва заводу спэцыяльных машын.
У рэспубліканскім цэнтры дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы Міністэрства прыроды Свабодзе сказалі, што гэтае будаўніцтва не парушае нормаў.
Каладзішчане сустракалі міністра з плякатам «„Амкадору“ не», а ён праехаў міма
2 сьнежня жыхары Калодзішчаў, Міхайлавага Кута, Гарадку і блізкіх да іх дачных масіваў чакалі з плякатамі прыезду міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Худыкі.
Міністар праехаў міма, не спыняючыся. Яшчэ раней вылучаная жыхарамі кантактная група з трох чалавек паехала да заводу, спадзеючыся сустрэцца зь міністрам там. Але іх на завод не пусьцілі.
Сёньня ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў карэспандэнту Свабоды не паведамілі пра мэты і вынікі візыту міністра на будоўлю ў Калодзішчах.
Каладзішчане сабралі тры тысячы подпісаў, якія мяркуецца перадаць у адміністрацыю прэзыдэнта. Іх прэтэнзіі да будоўлі выкладзеныя ў сацсетках. Яны лічаць, што будоўля заводу спэцыяльных машын «Амкадор» будзе «экалягічна небясьпечная». Паводле іх:
- завод выкіне ў атмасфэру да 132,11 тоны шкодных рэчываў;
- сажалкі-выпарнікі запраектаваныя побач з водазаборнай сьвідравінай;
- пад сажалкі высекуць 3 гектары лесу першай катэгорыі;
- уздоўж Менскай вуліцы высекуць 170 дрэваў;
- для грузапатокаў «Амкадора» пашыраць да трох палосаў Менскую вуліцу, якая ўсутыч прылягае да дзіцячага садку, школы, паліклінікі і дамоў;
- вырашчаная на прысядзібных участках і на лецішчах прадукцыя стане небясьпечнай, зьнікне рэкрэацыйная зона;
- кіраўніцтва «Амкадора» перашкаджае азнаямленьню з дакумэнтацыяй.
Як на «Амкадоры» і ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў ставяцца да пратэстаў жыхароў Калодзішчаў супраць будоўлі заводу?
«Ну ёсьць там тры жанчыны, якія бударажаць»
Намесьнік гендырэктара «Амкадора» па будаўніцтве Сяргей Радаман сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў Калодзішчы пераносяцца вытворчыя магутнасьці зь Менску. Паводле яго, праект прайшоў дзяржаўную экалягічную і пазаведамасную экспэртызу.
— Мы пераносім туды завод «Ударнік», які знаходзіцца ў цэнтры Менску (у квартале паміж праспэктам Незалежнасьці і вуліцамі Петруся Броўкі, Гікалы, Платонава). Ён выпускае 350 пагрузчыкаў.
Там людзі пратэстуюць супраць руху. Вы калі-небудзь па Петруся Броўкі, па Гікалы езьдзілі? На Броўкі адна паласа аднабаковага руху — і ўсё астатняе застаўлена машынамі. І па Гікалы, калі грузавая машына едзе, фактычна таксама адна паласа. Тут транспартнага каляпсу чамусьці няма. А там будзе транспартны каляпс.
Ці вы як жыхар гораду не зацікаўлены ў вынасе прадпрыемстваў за рысу гораду?
Тут, на Гікалы, жылая забудова, якая прылягае да нашага заводу «Ўдарнік». Ніякага ўзьдзеяньня, ніякіх скаргаў, ніякіх перавышэньняў канцэнтрацыі тут у горадзе няма. Улічваючы, што транспартны рух тут таксама вельмі актыўны. Няма армагедону, як яны кажуць. Няма транспартнага каляпсу. У чым пытаньні яшчэ? Ці вы як жыхар гораду не зацікаўлены ў вынасе прадпрыемстваў за рысу гораду?
— Якая сытуацыя з экалягічнымі экспэртызамі?
— Па выніках дзяржаўнай экалягічнай і пазаведамаснай экспэртызы выдадзеныя станоўчыя заключэньні. У чым пытаньні? Ну ёсьць там тры жанчыны, якія бударажаць. Я ня ведаю, можа ім даплачваюць.
— Жыхары Калодзішчаў заяўляюць, што шкодныя выкіды ў атмасфэру складуць да 132 тон.
— Ну і што такое 132 тоны? Гэта ўсе выкіды, і шкодныя, і няшкодныя. Я лічу, што гэта нямнога. Там будзе парашковая фарба. Якія там шкодныя выкіды?
— А тое, што гэтыя сажалкі-выпарнікі будуць каля водазаборнай сьвідравіны?
— Тут выпарнік мы вымушаныя будаваць, бо ў Калодзішчах няма ліўневай каналізацыі, куды выкідаюцца ліўневыя сьцёкі. Дождж прайшоў, і з дахаў, з дарог вада паступае ў ачышчальныя збудаваньні, ачышчаецца яшчэ дадаткова — і ўжо чыстая вада скідаецца ў гэтыя сажалкі-выпарнікі. Нават чысьцейшая, чым тая, якая зь неба на нас капае.
— Нічога страшнага, што гэта будзе побач з водазаборнай сьвідравінай?
— У нас ёсьць гідрагеалягічныя пошукі ўзьдзеяньня сажалак на сьвідравіну, яны станоўчыя. У нас ёсьць праект санітарна-ахоўнай зоны, якая не перавышае ста мэтраў ад заводу. Нават яна меншая там месцамі. У нас ёсьць разьлік узьдзеяньня ўсіх гэтых выкідаў на здароўе насельніцтва. Там таксама ніякіх перавышэньняў няма. Дасьледаваньне глебаў ёсьць. Усё, што неабходна было зрабіць, намі зроблена.
— А тое, што будуць высякаць тры гектары лесу першай катэгорыі каля Міхайлавага Кута?
— І што? Ён у іх ва ўласнасьці, гэты лес? Ад санітарна-ахоўнай зоны сажалак-выпарнікаў да бліжэйшых дамоў самая малая адлегласьць 142 мэтры. 170 мэтраў ёсьць. Гэта дзяржаўная ўласнасьць. А мы рэалізуем дзяржаўны інвэстыцыйны праект. Новы завод, новыя працоўныя месцы, інвэстыцыі.
Далей Сяргей Радаман размаўляць ня стаў і паклаў слухаўку, спаслаўшыся на занятасьць.
«Калі мы проста крычым у гістэрыцы, тады ніякага дыялёгу ня будзе»
Намесьнік дырэктара па дзяржаўнай экалягічнай экспэртызе Міністэрства прыродных рэсурсаў Андрэй Шахэміраў сказаў карэспандэнту Свабоды, што пытаньні вынасу заводу «Ўдарнік» зь Менску ў Калодзішчы пакуль не разглядаюцца: «Мы разглядаем прадпрыемства, якое ўжо часткова функцыянуе на тэрыторыі прамзоны ў Калодзішчах».
Паводле Андрэя Шахэмірава, у будоўлі заводу спэцыяльных машын «Амкадор» «няма нічога страшнага» з гледзішча аховы навакольнага асяродзьдзя.
— Гэта звычайнае прадпрыемства, якіх каля пяцідзесяці на тэрыторыі Беларусі, падобнага ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, — кажа прадстаўнік Міністэрства прыродных рэсурсаў. — Я вывучыў матэрыялы, якія тычацца грамадзкіх абмеркаваньняў па гэтым пытаньні. Проста трэба навучыцца слухаць людзей, якія даносяць інфармацыю. Тады ўсё будзе добра. Калі мы ня чуем спэцыялістаў і проста крычым у гістэрыцы, тады ніякага дыялёгу ня будзе.
— Але там высекуць тры гектары лесу?
— Наагул, лес — гэта тавар. Прыходзіць тэрмін, і яго высякаюць, высаджваюць новы. Лес знаходзіцца па-за межамі населенага пункту, і ён не трапляе ў агульны нарматыў забясьпечанасьці яго зялёнымі насаджэньнямі.
Лес — гэта тавар. Прыходзіць тэрмін, і яго высякаюць, высаджваюць новы
— Таксама будзе высечана 170 дрэў уздоўж дарогі?
— Адносна Менскай вуліцы я нічога не скажу, бо ў рамках дзяржаўна-экалягічнай экспэртызы вуліца гэтая не ацэньвалася. Ацэньвалася толькі пляцоўка заводу і пляцоўка сажалак. Калі будзе пашырэньне вуліцы, будзе распрацаваны адпаведны праект.
— А тое, што сажалкі будуюцца побач з водазаборнай сьвідравінай?
— Калі параўноўваць, то значная частка Менску разьвіваецца і функцыянуе ў зоне санітарнай аховы крыніцаў пітнога водазабесьпячэньня. Таму ў гэтым няма нічога страшнага. У рамках праектаваньня і экспэртызы ніякіх асаблівасьцяў, якія пагражаюць забруджваньнем, няма.
— Што з выкідам 132 тон шкодных рэчываў у атмасфэру?
— Гэта не такая вялікая лічба. Для прадпрыемства гэта мала. У нас ёсьць прадпрыемствы, якія выкідаюць тысячы тон. Зімой усе печкі і газавыя катлы жыхароў Калодзішчаў выкідаюць тысячы тон.
— Але ў выкідах будзе бэнзапірэн, які выклікае анкалягічныя захворваньні?
— У нас бэнзапірэн выдзяляецца пры спальваньні любога віду паліва, у тым ліку пры эксплюатацыі аўтамабільнага транспарту.
— А чаму каладзішчанам не прадставілі неабходныя дакумэнты, зьвязаныя з экалягічнай экспэртызай?
Прамысловага шпіянажу яшчэ ніхто не адмяняў
— Прамысловага шпіянажу яшчэ ніхто не адмяняў. І кожная арганізацыя ахоўвае сваю камэрцыйную таямніцу. Гэта ўсясьветная практыка. І права ўласьніка — дапускаць ці не да дакумэнтаў. Што да выкананьня міжнародных нормаў. Гэты аб’ект не адносіцца да ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. То бок нават грамадзкія абмеркаваньні праводзіць ня трэба. Гэта была ініцыятыва заказчыка і мясцовай улады.
Новы завод разьлічаны на 6 тысяч пагрузчыкаў у год
На прамысловым участку ў Калодзішчах «Амкадор» плянуе пабудаваць завод спэцмашын, праектная магутнасьць якога — 6 тысяч пагрузчыкаў у год.
Жыхары Калодзішчаў не задаволеныя тым, што дзеля гэтага вуліцу Менскую (Прамысловую) зьбіраюцца ператварыць у чатырохпалосную дарогу, па якой на завод пойдуць грузавікі. Уздоўж дарогі высекуць сосны і дубы. А каля Міхайлава Кута высекуць тры гектары лесу і выкапаюць там завадзкія сажалкі-выпарнікі. Выкіды шкодных рэчываў складуць каля 132 тон у год.
Каладзішчане лічаць, што гэта прывядзе «да экалягічнага армагедону». Таксама яны цьвердзяць, што ад іх хаваюць экалягічную дакумэнтацыю, якая тычыцца гэтага праекту.
На будоўлю новага заводу «Амкадора» ў Калодзішчах Экспартна-імпартны банк Кітаю выдзеліў у ліпені крэдыт 192,7 млн даляраў ЗША. Агульны кошт праекту — каля 230 мільёнаў даляраў. Генпадрадчыкам выступіць кітайская Citic Construction.