Імпэратар Японіі Акіхіта 30 красавіка пакідае пасад. Ён стаў першым манархам краіны, які адрокся ад трона, за больш як 200 гадоў, паведамляе CNA.
У шэрагу ўрачыстых цырымоній імпэратар Акіхіта адракаецца ад Хрызантэмавага трона на карысьць 59-гадовага насьледнага прынца Нарухіта, які пачынае 1 траўня новую імпэрскую эпоху «Рэйва», што азначае «цудоўная гармонія» (яна працягнецца ўсё праўленьне новага манарха).
Абрадавы працэс пачаўся раніцай 30 красавіка. 85-гадовы імпэратар, апрануты ў шырокае залаціста-карычневае адзеньне і высокі чорны галаўны ўбор, «паведаміў» пра адрачэньне сваім продкам і багам у некалькіх «сьвяцілішчах» палаца.
Асноўная афіцыйная цырымонія адбудзецца а 17-й гадзіне паводле мясцовага часу (11.00 паводле менскага) у залі імпэратарскага палаца Мацу-Но-Ма («Пакой хвоі»). Рытуал будзе праводзіцца ў прысутнасьці імпэратарскіх рэгалій — старажытнага мяча і каштоўнага каменю — якія лічацца найважнейшым доказам легітымнасьці імпэратара.
У канцы цырымоніі манарх зьвернецца з пасланьнем да нацыі, пасьля чаго імпэратар і ягоная жонка Міціко будуць вызваленыя ад сваіх абавязкаў, хоць фармальна Акіхіта застанецца імпэратарам да поўначы.
Нарухіта ўзыдзе на пасад на наступны дзень: ён «атрымае ў спадчыну» рэгаліі на другой цырымоніі 1 траўня а 10.30, перш чым зрабіць першыя афіцыйныя публічныя заявы.
Чакаецца, што 1 траўня ў цырымоніі возьме ўдзел толькі адна жанчына — адзіная жанчына-чалец кабінэту прэм’ер-міністра Сіндза Абэ. Удзельнікам каралеўскай сямʼі забаронена ўдзельнічаць.
Цырымоніі будуць праходзіць за зачыненымі дзьвярыма, але раніцай 30 красавіка ля Імпэратарскага палаца ў Токіё сабраўся невялікі натоўп, нягледзячы на дождж і аблокі.
85-гадовы Акіхіта стаў імпэратарам у пачатку 1989 году. Рашэньне добраахвотна адрачыся ад трона ён прыняў летам 2016 году, абгрунтаваўшы яго старым узростам і праблемамі са здароўем.
Японскі парлямэнт прыняў адмысловы закон, які дазваляе Акіхіта адрачыся ад улады без зьмяненьня агульнага парадку атрыманьня трона ў краіне — імпэратара вызваляюць ад паўнамоцтваў толькі ў выпадку сьмерці.