Верхняя палата парлямэнту Японіі ўхваліла закон аб адрачэньні ад трону для 83-гадовага імпэратара Акіхіта, перадае Reuters. Такое здарылася ўпершыню за роўна 200 гадоў.
Імпэратар цяпер можа зрачыся ў кожны час цягам трох гадоў з моманту прыняцьця закону. Мяркуецца, што бліжэй да канца 2018 году ён перадасьць пасад сыну, 57-гадоваму прынцу Нарухіта. Пры гэтым Акіхіта захавае бальшыню прывілеяў імпэратара.
Акіхіта — апошні на сёньня чалавек у сьвеце, які мае тытул імпэратара. Ён лічыцца 125-м у дынастыі, стаў імпэратарам у 1989 годзе пасьля сьмерці бацькі. Апошнім часам Акіхіта хварэў: перанёс апэрацыю на сэрцы, лячыўся ад раку прастаты.
Паводле законаў Японіі, імпэратару нельга выказвацца пра палітыку, таму ён ня мог сказаць, што хоча пакінуць пасад. Як заяўляў імпэратар, ён толькі баяўся, што ўзрост можа абцяжарыць выкананьне ягоных абавязкаў.
Японія пры гэтым мае найбольшую ў сьвеце чаканую працягласьць жыцьця: мужчыны ў сярэднім жывуць даўжэй за 80 гадоў, жанчыны — даўжэй за 86. Але Акіхіта не найстарэйшы стары кіраўнік дзяржавы (хоць ён зьяўляецца такім толькі фармальна). Фактычны кіраўнік Зымбабвэ з 1980 году, ейны прэзыдэнт з 1987 году Робэрт Мугабэ цяпер мае 93 гады, але яшчэ вядзе кампанію перавыбараў, прэтэндуючы на прэзыдэнцкую пасаду ў 2018 годзе.