Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо 29 красавіка папярэдзіў, што Расея можа працягваць спробы ўмяшаньня ў выбары дзесяцігодзьдзямі, і паабяцаў, што Вашынгтон прыме меры па спыненьні гэтых намаганьняў, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Пасьля апублікаваньня доўгачаканага дакладу спэцпракурора Робэрта Мюлера, які прыйшоў да высновы, што Расея спрабавала паўплываць на зыход выбараў 2016 году на карысьць Дональда Трампа, Пампэо задалі пытаньне, ці ёсьць пагроза расейскага ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары 2020 году.
Кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі выказаў меркаваньне, што Расея можа правесьці аналягічную кампанію і ў наступным годзе, аднак асудзіў павышаную ўвагу да ролі Масквы, якая абурае прэзыдэнта Трампа.
«Гэта само сабой зразумела. Яны ўяўлялі пагрозу для нашых выбараў і ў 1974 годзе, умешваліся ў нашы выбары ў 80-х гадах», — сказаў Майк Пампэо, выступаючы на форуме, арганізаваным газэтай The Hill.
«І варта чакаць, што і ў 2050 годзе Расея будзе працягваць у тым жа духу», — дадаў ён. Пры гэтым Пампэо падкрэсьліў, што Трамп даручыў надаць падвышаную ўвагу барацьбе з умяшаньнем з боку Расеі і іншых праціўнікаў.
У дакладзе па выніках расьсьледаваньня, што кінула цень на прэзыдэнцтва Трампа, апісваецца маштабная кампанія Расеі з мэтай паўплываць на зыход выбараў, аднак спэцпракурор Мюлер не знайшоў сьведчаньняў змовы паміж Масквой і перадвыбарным штабам Трампа.
Трамп выказвае абурэньне з нагоды таго, што дэмакраты надаюць такую вялікую ўвагу ролі Расеі, і настойвае, што дамогся перамогі самастойна.
Расея адмаўляе ўмяшаньне ў выбары і, у сваю чаргу, абвінавачвае ЗША ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы іншых краінаў, такіх як Вэнэсуэла.