Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты ня будуць галасаваць па папраўках у «антынаркатычны» артыкул да нарады ў Лукашэнкі


Архіўнае фота. Cваякі асуджаных па «антынаркатычным» ля Дому ўраду зьбіраюць подпісы пад зваротам да Палаты прадстаўнікоў, ураду і прэзыдэнта. 2 красавіка 2019 году
Архіўнае фота. Cваякі асуджаных па «антынаркатычным» ля Дому ўраду зьбіраюць подпісы пад зваротам да Палаты прадстаўнікоў, ураду і прэзыдэнта. 2 красавіка 2019 году

Дэпутаты ня будуць галасаваць па папраўках у антынаркатычны артыкул 328 Крымінальнага кодэксу ў другім чытаньні да правядзення нарады па гэтай тэме ў Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе БелаПАН.

Пра гэта абвясьцілі актывістам руху «Маці 328», якія 29 красавіка прыйшлі на сустрэчу са старшынём пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы Валянцінам Міхневічам і яго намесьнікам Васілём Чэканам.

Сустрэча доўжылася больш за паўтары гадзіны.

«Нам не назвалі дату, калі папраўкі будуць вынесеныя на галасаваньне. Верагодней за ўсё, гэта, як і законапраект аб амністыі, будзе абмяркоўвацца на нарадзе ў прэзыдэнта з зацікаўленымі ведамствамі. Без нарады ня вынесуць на галасаваньне», — сказала актывістка руху «Маці 328» Ліяна Шуба.

​Іншая актывістка Тацяна Канеўская падкрэсьліла, што дату нарады і яе ўдзельнікаў ад Палаты прадстаўнікоў ім таксама не паведамілі. Яна нагадала, што на 15 траўня сваякі асуджаных запісаліся на прыём да кіраўніка справамі прэзыдэнта Віктара Шэймана.

«Але думаю, што і гэтай сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта ня будзе, пакуль ня пройдзе нарада. Адміністрацыя прэзыдэнта наогул ня хоча з намі весьці дыялёг, з намі размаўляюць толькі дэпутаты», — сказала Канеўская журналістам.

На пытаньне, ці не плянуюць сваякі асуджаных, як і ў мінулым годзе, зьвярнуцца да галадоўкі, жанчыны адказалі адмоўна.

Ліяна Шуба адзначыла, што падчас галадоўкі сваякі «занадта лёгка паверылі абяцаньням уладаў».

«Але паўтараць мы ня будзем. Калі нехта цяпер і вырашыцца на гэта, то павінен будзе даводзіць справу да канца, да сьмерці. Я да такога не гатовая, я хачу дачакацца свайго сына. Але я ведаю, што некаторыя мамы разглядаюць такую магчымасьць», — сказала актывістка.

2 красавіка ў дзень адкрыцьця сэсіі парлямэнту каля 30 сваякоў асуджаных прыйшлі да Дому ўраду, каб даведацца пра тэрміны разгляду дэпутатамі зьменаў у антынаркатычны артыкул.

Тады стала вядома, што Саўмін не ўзгадніў прапановы аб зьменах ў артыкул 328 з-за пазыцыі МУС. У Палаце прадстаўнікоў вырашылі правесьці сустрэчу рабочай групы з удзелам у тым ліку прадстаўнікоў МУС для абмеркаваньня магчымага зьмякчэньня пакараньня па арт. 328 КК. Пасяджэньне рабочай групы прайшло 10 красавіка і прадстаўнікі Савета міністраў абяцалі прыняць рашэньне па пытаньні на працягу 10 дзён, аднак яно так і не было прынята.

19 красавіка, адказваючы на пытаньні дэпутатаў пасля выступу з пасланьнем народу і Нацыянальнаму сходу, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што амністыі для вытворцаў і распаўсюджвальнікаў наркотыкаў ня будзе.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG