Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» зноў сабраліся ля Палаты прадстаўнікоў


Архіўнае фота. Актывісткі руху «Маці-328» прыйшлі да Палаты прадстаўнікоў патрабаваць лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства. Менск, 2 красавіка 2019 году
Архіўнае фота. Актывісткі руху «Маці-328» прыйшлі да Палаты прадстаўнікоў патрабаваць лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства. Менск, 2 красавіка 2019 году

Сваякі асуджаных паводле 328-га «наркатычнага» артыкулу Крымінальнага кодэксу 29 красавіка сабраліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску.

Яны хочуць дамагчыся адказу ад дэпутатаў, калі папраўкі да артыкулу будуць разгледжаныя ў другім чытаньні, паведамляе БелаПАН.

Пра гэта заявіла журналістам маці аднаго з асуджаных, актывістка руху «Маці 328» Тацяна Канеўская перад тым, як ісьці на прыём да старшыні пастаяннай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Валянціна Міхневіча.

Перад уваходам у Палату прадстаўнікоў 29 красавіка сабралася больш за 30 сваякоў. На прыём да Міхневіча запісана сем чалавек.

«Сёньня ў нас адна задача і без адказу на наша пытаньне мы з Палаты прадстаўнікоў ня сыдзем. Мы ўжо ведаем, што зьмены ў артыкул 328 КК знаходзяцца ў Палаце прадстаўнікоў і для іх разгляду дадатковыя ўзгадненьні не патрабуюцца. Ад дэпутатаў патрабуецца вынесьці пытаньне на галасаваньне і прагаласаваць. Наша задача сёньня — высьветліць, калі гэтыя папраўкі будуць вынесеныя на галасаваньне».

Сваякі асуджаных падпісалі чарговыя звароты, на гэты раз на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі з просьбай «у самыя кароткія тэрміны прыняць усе магчымыя меры» і паспрыяць вызваленьню з турмаў усіх, хто на амомант затрыманьня быў непаўналетнім. Яны зьбіраюцца перадаць гэты дакумэнт у парлямэнт.

2 красавіка ў дзень адкрыцьця сэсіі парлямэнту каля 30 сваякоў асуджаных прыйшлі да Дому ўраду, каб даведацца пра тэрміны разгляду дэпутатамі зьменаў у антынаркатычны артыкул.

Тады стала вядома, што Саўмін не ўзгадніў прапановы аб зьменах ў артыкул 328 з-за пазыцыі МУС. У Палаце прадстаўнікоў вырашылі правесьці сустрэчу рабочай групы з удзелам у тым ліку прадстаўнікоў МУС для абмеркаваньня магчымага зьмякчэньня пакараньня па арт. 328 КК. Пасяджэньне рабочай групы прайшло 10 красавіка і прадстаўнікі Савета міністраў абяцалі прыняць рашэньне па пытаньні на працягу 10 дзён, аднак яно так і не было прынята.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG