Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амаль 90 чалавек за паўдня падпісаліся пад зваротам пра лібэралізацыю антынаркатычнага заканадаўства


«Маці-328» патрабуюць лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства каля Дому ўраду ўжо ня першы раз
«Маці-328» патрабуюць лібэралізацыі антынаркатычнага заканадаўства каля Дому ўраду ўжо ня першы раз

Актывісткі руху «Маці 328» раніцай 22 красавіка прыйшлі на плошчу Незалежнасьці ў Менску, каб сабраць подпісы пад зваротам да Палаты прадстаўнікоў, ураду і прэзыдэнта.

Да абеду зварот падпісалі 88 чалавек. У ім тры асноўныя пункты

1. Дэпутатаў заклікаюць тэрмінова заняцца падрыхтоўкай законапраекту аб лібэралізацыі крымінальнага артыкула 328.

2. Урадоўцаў запэўніваюць, што лібэралізацыя артыкула не прывядзе да росту распаўсюду наркотыкаў, затое ў судзьдзяў зьявіцца магчымасьць выносіць мякчэйшыя пакараньні.

3. Падпісанты падрабуюць ужыць закон аб амністыі і да асуджаных паводле 328 артыкула.

«Гэта паспрыяе таму, каб хутчэй тысячы маладых асоб вярнуліся ў грамадзтва. Заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што амністыя не павінна распаўсюджвацца на асуджаных за наркотыкі, нам падаецца несправядлівай», — сказала Свабодзе актывістка руху Ліяна Шуба.

У Палаце прадстаўнікоў актывісткам сказалі, што дэпутаты разьехаліся па рэгіёнах для працы з выбарцамі — і іх няма каму прыняць. Таму, акрамя Палаты прадстаўнікоў і Савету Міністраў, яны аднесьлі зварот і ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

«Мы ня можам дапусьціць, каб сэсія скончылася, а да разгляду нашага пытаньня справа так і не дайшла. Дзеля нашых дзяцей мы гэтага дазволіць ня можам», — сказала актывістка «Маці 328».

«Маці 328» дамагаюцца зьмяншэньня пакараньня па артыкуле за распаўсюд наркотыкаў і псыхатропаў. Паводле актывістак, больш за 14 тысяч чалавек адбываюць тэрміны па 328-м артыкуле.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG