Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапаноўвала «сэкс у абмен на пасаду». У ЗША апублікавалі абвінавачваньне супраць меркаванай расейскай агенткі


Марыя Буціна
Марыя Буціна

Расейская грамадзянка Марыя Буціна, затрыманая па абвінавачваньні ў незаконнай спробе паўплываць на амэрыканскіх палітыкаў у інтарэсах Расеі, выкарыстоўвала сэксуальныя сувязі для дасягненьня сваіх мэтаў, гаворыцца ў дакумэнце, які паступіў у суд акругі Каламбія.

Для ўкараненьня ў арганізацыі і для знаёмства з уплывовымі палітыкамі расейка выкарыстала асабістыя адносіны, гаворыцца ў матэрыялах расьсьледаваньня.

«У ходзе расьсьледаваньня ФБР вызначыла, што Буціна атрымала доступ да шырокага кола людзей у ЗША, якія могуць уплываць на палітычную дзейнасьць праз "Асобу 1 ″. 29-гадовая Буціна і 56-гадовая "Асоба 1″ мяркуецца, былі сужыцелямі і былі ўцягнутыя ў асабістыя адносіны падчас дзеяньняў Буцінай у ЗША», — напісана ў дакумэнце пракуратуры.

Сама Буціна не разглядала гэтыя адносіны сур’ёзна, а ўспрымала іх як неабходную частку сваёй дзейнасьці, мяркуюць сьледчыя.

«Прынамсі адзін раз Буціна прапанавала іншаму чалавеку, не «Асобе 1», сэкс у абмен на пасаду ў арганізацыі, якая яе цікавіла. Акрамя таго, у канфіскаваных ФБР дакумэнтах Буціна скардзілася на жыцьцё з «Асобай 1» і з пагардай пісала аб далейшым сужыцьці з «Асобай 1».

У дакумэнтах, пададзеных у суд «Асоба 1» не раскрываецца. Журналісты The Washington Post лічаць, што апісаньне гэтага чалавека супадае з Полам Эрыксанам, рэспубліканскім функцыянэрам з Паўднёвай Дакоты. Ён быў добра вядомы ў Рэспубліканскай партыі пасьля працы на прэзыдэнцкую кампанію Пэта Б’юкэнана ў 1992 годзе. У красавіку Буціна распавядала пра свой раман з функцыянэрам перад камітэтам па выведцы Сэнату, распавялі газэце людзі, знаёмыя зь яе паказаньнямі.

Эрыксану не прад’яўлена ніякіх абвінавачваньняў, ён не адказаў на просьбы журналістаў аб камэнтары.

Марыя Буціна на пярэднім пляне
Марыя Буціна на пярэднім пляне

Міністэрства юстыцыі ЗША 18 чэрвеня зьвярнулася ў фэдэральны суд з просьбай затрымаць Буціну да судовага разбору. Паводле міністэрства, яна можа зьбегчы і, хутчэй за ўсё, зьвернецца да ўраду Расеі з просьбай дапамагчы ёй пакінуць ЗША.

Міністэрства юстыцыі заявіла, што Буціна падтрымлівае кантакты з расейскімі выведнікамі і захоўвае кантактную інфармацыю некалькіх расейскіх афіцэраў.

Раней журы прысяжных выставіла супраць Буцінай абвінавачаньні ў дзейнасьці ў якасьці замежнага агента без рэгістрацыі і змове з мэтай работы замежным агентам. Максымальнае пакараньне паводле гэтых абвінавачаньняў — дзесяць і пяць гадоў пазбаўленьня волі адпаведна.

Як паведаміла Міністэрства юстыцыі ЗША, Буціна была затрыманая 15 ліпеня. На сайце ведамства, у прыватнасьці, паведамляецца, што з пачатку 2015 году і да лютага 2017 году Буціна працавала пад кіраўніцтвам высокапастаўленага расейскага чыноўніка, былога дэпутата парлямэнту, які ў красавіку быў уключаны ў санкцыйны сьпіс Міністэрства фінансаў ЗША.

У Вашынгтоне лічаць, што задачай Буцінай было пранікненьне ў арганізацыі, якія маюць уплыў на амэрыканскую палітыку, каб празь іх прасоўваць расейскія інтарэсы. Так, паводле зьвестак The New York Times, Буціна ў 2016 годзе спрабавала зладзіць таемную сустрэчу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з кандыдатам у прэзыдэнты Дональдам Трампам. У газэтнай публікацыі, датаванай 17 лістапада 2017 году, названае імя намесьніка старшыні Банку Расеі, былога члена Савету Фэдэрацыі Аляксандра Торшына.

Марыя Буціна ўваходзіць у праўленьне расейскай арганізацыі «Право на оружие». Паводле вэрсіі абвінавачаньня, яна працавала ў інтарэсах Торшына, імкнучыся праводзіць інтарэсы Расеі праз Нацыянальную стралковую асацыяцыю, якая мае вялікі ўплыў на амэрыканскую палітыку.

Адвакат расейкі Робэрт Дрыскал абвергнуў усе абвінавачаньні на яе адрас. Паводле яго, Буціна добраахвотна дала паказаньні ў спэцыяльным камітэце ў пытаньнях выведкі Сэнату ЗША і перадала «тысячы» дакумэнтаў, паведамляе «РИА Новости».

5 фактаў пра Марыю Буціну:

  • Нарадзілася ў Алтайскім краі Расеі ў 1988 годзе. Яе бацька — бізнэсовец, які займаўся вырабам мэблі. Пасьля заканчэньня Алтайскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Барнауле, дзе яна вывучала паліталёгію, Буціна нейкі час займалася гандлем мэбляй і нават мела некалькі мэблевых крамаў.
  • Пераехаўшы ў Маскву ў 2011 годзе, Буціна нейкі час была актывісткай праўладнай моладзевай арганізацыі «Молодая Гвардия Единой России» і памочницай члена Савету Фэдэрацыі Аляксандра Торшына.
  • З 2011 году Буціна стала заснавальніцай грамадзкай арганізацыі «Право на оружие», якая выступае за змякчэнне расейскага заканадаўства ў галіне нашэньня агнястрэльнай зброі. Чальцом гэтага руху зьяўляўся і Торшын. Як піша брытанскае выданьне The Guardian, у 2015 годзе арганізацыя Буцінай аплаціла паездку ў Маcкву для ўплывовых прадстаўнікоў амэрыканскай Нацыянальнай стралковай асацыяцыі (НСА) — арганізацыі, якая аб’ядноўвае прыхільнікаў права грамадзян на нашэньне агнястрэльнай зброі. Сярод іншага, амэрыканскім гасьцям арганізавалі сустрэчу з расейскім віцэ-прэм’ерам Дзьмітрыем Рагозіным.
  • У 2014 годзе ў расейскім выданьні GQ выйшаў матэрыял пра Буціну, дзе яна здымалася са зброяй у модным адзеньні.
  • Буціна брала ўдзел ў сустрэчы Торшына і Дональда Трампа-малодшага ў траўні 2016 году падчас штогадовага зьезду НСА ў штаце Кентакі. Як піша амэрыканскае выданьне The New York Times, прадстаўнікі Кангрэсу падчас расьсьледаваньня атрымалі фотаздымак сустрэчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG