Кансэрватыўнага амэрыканскага палітычнага актывіста, які быў у сувязі з Марыяй Буцінай, вялікае журы абвінаваціла ў махлярстве з выкарыстаньнем электронных сродкаў плацяжу і адмываньні грошай, гаворыцца ў паведамленьні пракуратуры ЗША ў Паўднёвай Дакоце.
56-гадоваму Полу Эрыксану выставілі абвінавачаньне па 11 пунктах. У абвінавачваньні гаворыцца, што ў пэрыяд з 1996-га па 2018 год Эрыксан «распрацаваў і прыдумаў схему, як падманным шляхам атрымаць грошы».
На думку сьледзтва, Эрыксан выкарыстаў некалькі фірмаў, у тым ліку Compass Care, Inc. і Investing with Dignity, LLC для сваіх незаконных дзеяньняў. Фірма Compass Care, дзе Эрыксан быў дырэктарам, займалася праектаваньнем, будаўніцтвам і кіраваньнем дамамі для састарэлых па ўсёй краіне, гаворыцца ў судовых дакумэнтах. Мэтай Compass Care было прыцягнуць фінансаваньне для разьвіцьця і пашырэньня сыстэмы догляду старых.
Эрыксан абяцаў, паводле пракуратуры, што інвэстыцыі будуць вернутыя на працягу году, а таксама гарантаваў, што ў выпадку няўдачы асабіста пагасіць поўную суму ўкладзеных грошай. Акрамя гэтага, Эрыксан заяўляў, што ў фірмы больш за 90 гадоў вопыту, і на гэты момант яна кіруе дамамі для састарэлых у 26і штатах. Паводле Эрыксана, штогод кожны з 27 000 аб’ектаў Compass Care прыносіць $ 1,7 млн прыбытку.
Іншая фірма Эрыксана — Investing with Dignity, LLC — нібыта распрацоўвала інвалідную каляску, якая дазваляла б людзям, што выкарыстоўваюць яе, спраўляць патрэбы без падыманьня з каляскі.
Было абяцана, што Investing with Dignity падвоіць або патроіць укладзеныя грошы за кароткі час. Калі ўкладаньні не прынясуць прыбытак, то Эрыксан абяцаў вярнуць іх, як і ў першым выпадку.
Нарэшце, мэтай Bakken oil fields Venture было набыцьцё зямельных участкаў непадалёк ад Бакенскага нафтавага радовішча, што знаходзіцца на поўначы штату, з наступным будаўніцтвам дамоў.
Эрыксан абяцаў, што ад 25% да 90% інвэстыцый будуць вернутыя праз тры месяцы.
У дакумэнтах таксама згадваецца, што Пол Эрыксан перавёў чалавеку з ініцыяламі М. Б. $ 9 тысяч: 8 000 ў чэрвені 2015 году і 1 000 у сакавіку 2017-га.
У чэрвені 2017-га з рахунку Эрыксана ў банку Wells Fargo Амэрыканскаму ўнівэрсытэту, дзе вучылася Марыя Буціна, было пераведзена $ 20 472.09.
Эрыксан — вядомая фігура ў рэспубліканскіх і кансэрватыўных колах. У 1992 годзе ён працаваў у прэзыдэнцкай кампаніі Пата Б’юкэнэна.
Яму пагражае максымальнае пакараньне — 20 гадоў пазбаўленьня волі па кожным пункце абвінавачваньня.
Пол Эрыксан быў вызвалены пад заклад. Дата суду пакуль не прызначаная.