Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто такая расейка Буціна, якую ў ЗША вінавацяць у лабіяваньні інтарэсаў Крамля


Марыя Буціна
Марыя Буціна

У ЗША вялікае журы прысяжных выставіла расейцы Марыі Буцінай новае абвінавачаньне — у дзейнасьці ў якасьці замежнага агента без рэгістрацыі. Раней Буціну абвінавацілі ў змове з мэтай работы замежным агентам. Пра гэта паведамляе Politico.

Максымальнае пакараньне паводле новага абвінавачаньня — дзесяць гадоў пазбаўленьня волі. Па першым пункце (аб змове) — пяць гадоў.

Як паведаміла Міністэрства юстыцыі ЗША, Буціна была затрыманая 15 ліпеня. На сайце ведамства, у прыватнасьці, паведамляецца, што з пачатку 2015 году і да лютага 2017 году Буціна працавала пад кіраўніцтвам высокапастаўленага расейскага чыноўніка, былога дэпутата парлямэнту, які ў красавіку быў уключаны ў санкцыйны сьпіс Міністэрства фінансаў ЗША.

У Вашынгтоне лічаць, што задачай Буцінай было пранікненьне ў арганізацыі, якія маюць уплыў на амэрыканскую палітыку, каб празь іх прасоўваць расейскія інтарэсы. Так, паводле зьвестак The New York Times, Буціна ў 2016 годзе спрабавала зладзіць таемную сустрэчу прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна з кандыдатам у прэзыдэнты Дональдам Трампам. У газэтнай публікацыі, датаванай 17 лістапада 2017 году, названае імя намесьніка старшыні Банку Расеі, былога члена Савету Фэдэрацыі Аляксандра Торшына.

Марыя Буціна ўваходзіць у праўленьне расейскай арганізацыі «Право на оружие». Паводле вэрсіі абвінавачаньня, яна працавала ў інтарэсах Торшына, імкнучыся праводзіць інтарэсы Расеі праз Нацыянальную стралковую асацыяцыю, якая мае вялікі ўплыў на амэрыканскую палітыку.

Адвакат расейкі Робэрт Дрыскал абвергнуў усе абвінавачаньні на яе адрас. Паводле яго, Буціна добраахвотна дала паказаньні ў спэцыяльным камітэце ў пытаньнях выведкі Сэнату ЗША і перадала «тысячы» дакумэнтаў, паведамляе «РИА Новости».

У пасольстве Расеі ў Вашынгтоне заявілі, што ўлады ЗША не дапускаюць расейскіх прадстаўнікоў да Буцінай. Чарговае пасяджэньне суду ў яе справе адбудзецца ў сераду.

5 фактаў пра Марыю Буціну:

  • Нарадзілася ў Алтайскім краі Расеі ў 1988 годзе. Яе бацька — бізнэсовец, які займаўся вырабам мэблі. Пасьля заканчэньня Алтайскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Барнауле, дзе яна вывучала паліталёгію, Буціна нейкі час займалася гандлем мэбляй і нават мела некалькі мэблевых крамаў.
  • Пераехаўшы ў Маскву ў 2011 годзе, Буціна нейкі час была актывісткай праўладнай моладзевай арганізацыі «Молодая Гвардия Единой России» і памочницай члена Савету Фэдэрацыі Аляксандра Торшына.
  • З 2011 году Буціна стала заснавальніцай грамадзкай арганізацыі «Право на оружие», якая выступае за змякчэнне расейскага заканадаўства ў галіне нашэньня агнястрэльнай зброі. Чальцом гэтага руху зьяўляўся і Торшын. Як піша брытанскае выданьне The Guardian, у 2015 годзе арганізацыя Буцінай аплаціла паездку ў Маcкву для ўплывовых прадстаўнікоў амэрыканскай Нацыянальнай стралковай асацыяцыі (НСА) — арганізацыі, якая аб’ядноўвае прыхільнікаў права грамадзян на нашэньне агнястрэльнай зброі. Сярод іншага, амэрыканскім гасьцям арганізавалі сустрэчу з расейскім віцэ-прэм’ерам Дзьмітрыем Рагозіным.
  • У 2014 годзе ў расейскім выданьні GQ выйшаў матэрыял пра Буціну, дзе яна здымалася са зброяй у модным адзеньні.
  • Буціна брала ўдзел ў сустрэчы Торшына і Дональда Трампа-малодшага ў траўні 2016 году падчас штогадовага зьезду НСА ў штаце Кентакі. Як піша амэрыканскае выданьне The New York Times, прадстаўнікі Кангрэсу падчас расьсьледаваньня атрымалі фотаздымак сустрэчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG