«33» Яўгена Рагозіна — «мастацкае стаўленьне, а не дакумэнталістыка».
Ад 25 красавіка ў музэі-майстэрні Івана Кавалерыдзэ ў Кіеве і ад 26 красавіка ў музэі Заіра Азгура ў Менску праходзіць выстава гукавога артыста Яўгена Рагозіна «33», прысьвечаная 33-й гадавіне аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Наведаць выставу можна да 5 траўня.
У «33» няма візуальнага складніка — толькі гук, бо, як тлумачаць у анонсе, «Чарнобыль невідавочна прысутнічае з намі незалежна ад той карцінкі, якая ў гэты момант нас атачае».
«Не было задачы перадаць тое, што там цяпер адбываецца, — тлумачыць Свабодзе Яўген Рагозін. — Была задача адлюстраваць сваё стаўленьне да катастрофы, да таго, што адбывалася перад ёй, як будавалася станцыя, што было вакол будоўлі, што здарылася ў 1986 годзе, што адбываецца далей.
Гэта мастацкае стаўленьне, а не дакумэнталістыка. Ні ў якім разе гэта ня проста фіксаваньне гукаў».
Аўтар адзначае, што шкадуе аб цяперашнім стаўленьні і беларусаў, і ўкраінцаў да Чарнобыльскай катастрофы. Кажа, на адкрыцьці выставы ў Кіеве пабачыў: людзі сапраўды пачалі забываць, што тады адбылося. Таму задача выставы — прыцягнуць увагу да тых падзей.
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
- У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
- З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
- З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
- У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.