Уладзімер Цэсьлер разьмясьціў у сваім Інстаграме плякат з нагоды гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. На ім вядомы дызайнэр паказаў страчаныя пасьля выбуху на ЧАЭС вёскі.
Плякат быў створаны яшчэ ў 2006 годзе — да 20-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы. Дызайнэр тады тлумачыў: арнамэнт значыць, што «наступствы катастрофы могуць праяўляцца праз пакаленьні».
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
- У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
- З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
- З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
- У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў. Гэта значыць, што на 2016 год яго колькасьць на тэрыторыі Беларусі зьменшылася ўдвая.