Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін назваў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне «абсалютным правалам» палітыкі дзеючага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.
«Што тут ацэньваць? Гэта поўны, абсалютны правал палітыкі Парашэнкі... Я ўпэўнены, што новая ўлада ня можа гэтага не разумець, яны выдатна гэта разумеюць», — сказаў Пуцін у расейскім Уладзівастоку, дзе праходзіла яго сустрэча з лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам.
Ён дадаў, што хоча паглядзець на першыя крокі новаабранага прэзыдэнта Ўкраіны Уладзімера Зяленскага.
«Разумець — гэта адно, а выбудаваць рэалістычную палітыку, якая адказвае інтарэсам свайго народа, — гэта іншае», — заявіў Пуцін.
21 красавіка адбыўся другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. Паводле дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, Уладзімер Зяленскі набраў больш за 73%, дзеючы прэзыдэнт Пятро Парашэнка — больш за 24%.