На фоне чарговага нафтавага канфлікту глядзім, як Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка спрачаліся наконт цаны на расейскую нафту і газ для Беларусі, а ў Эўропу перакрываліся пастаўкі энэргарэсурсаў.
Што адбылося
21 красавіка Беларусь прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў. Гэта зьвязана з частковым спыненьнем працы беларускіх НПЗ, на якія, як сьцьвярджае беларускі бок, прыйшла партыя няякаснай расейскай нафты. Некалькі дзён беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы заўважалі, што ў нафце, якая паступае праз нафтаправод з Расеі, узровень хлярыдаў вырас у 20 разоў.
Праз пазаштатную сытуацыю на «Нафтан» прыяжджаў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка. Расейскі бок прызнаў, што паставіў няякасную нафту. Яна пашкодзіла абсталяваньне на Мазырскім НПЗ. Беларускі бок заяўляе, што страты могуць скласьці сотні мільёнаў даляраў.
24 красавіка беларускі бок заявіў, што пастаўкі якаснай нафты з Расеі ўзнавіліся.
2018 год. «Падатковы манэўр» і страты для Беларусі
Расея вырашае правесьці рэформу нафтавай галіны і паступова зьменшыць аб’ём мыта, якім абкладаюцца кампаніі — экспартэры нафты. Пры гэтым будзе расьці падатак на здабычу карысных выкапняў, да якіх адносіцца і нафта. Адпаведна, яе цана вырасьце як для расейскага спажыўца, так і для Беларусі.
Паводле ацэнак эканамістаў, Беларусь ад гэтак званага расейскага падатковага манэўру будзе штогод губляць значную частку сваіх бюджэтных даходаў. Праз скарачэньне памеру беларускага экспартнага мыта ў 2019 годзе беларускі бюджэт недаатрымае каля 300 мільёнаў даляраў, а ў 2024 годзе гэтыя страты перавысяць 2 мільярды даляраў.
2017 год. Расея мяняе схему паставак нафты
Расея ўводзіць складаную схему субсыдыяваньня паставак нафты.
Беларусь цяпер атрымлівае толькі частку той нафты, якую мелася атрымаць па пляне. Астатняе проста праходзіць празь яе тэрыторыю на экспарт. Адпаведна, кампаніі, якія прадаюць гэтую нафту за мяжу, плацяць мыта ў расейскі бюджэт, а Беларусі грошай за яе не дастаецца. Пасьля гэтае недаатрыманае мыта кампэнсуецца расейскім бокам (500–700 мільёнаў даляраў штогод).
2010 год. Расея ня плаціць доўг, Беларусь набывае газ па старых цэнах
Расея вінная Беларусі каля 220 мільёнаў даляраў за транзыт газу па тэрыторыі Беларусі. Таму афіцыйны Менск плаціць за газ па старых цэнах, хоць яны вырасьлі. У выніку набіраецца запазычанасьць на 200 мільёнаў даляраў.
Тагачасны прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў прыгразіў скарачэньнем паставак газу, калі доўг ня будзе заплачаны. У выніку Беларусь нават пазычыла грошы ў Азэрбайджану на аплату гэтага доўгу. Але Расея заплаціла свой доўг у 220 мільёнаў, Беларусь за гэтыя грошы пагасіла свой. Пытаньне было вырашанае.
2006 год. Кантракт на газ падпісалі, але ўдарылі па нафце
Беларускі і расейскі бакі доўга дамаўляліся наконт цаны на газ для Беларусі. Крэмль пагражаў спыніць пастаўкі газу ў Беларусь, а афіцыйны Менск — перапыніць у такім выпадку пастаўкі расейскага газу далей у Эўропу. У выніку дамову на пастаўкі газу падпісалі на кампрамісных умовах за пару гадзін да Новага году.
Ужо на наступны дзень Расея ўвяла мыта для Беларусі на пастаўку нафты, Беларусь у адказ увяла сваё мыта на далейшае транспартаваньне нафты ў Эўропу. У выніку канфлікту нафта перастала паступаць у Польшчу.
Праблема вырашылася пасьля тэлефоннай размовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Беларусь адмовілася ад мыта, пастаўкі нафты ўзнавіліся.
2004 год. Танны газ узамен на сумесную трубу
Уладзімір Пуцін ужо 4 гады кіраваў Расеяй, калі паміж Менскам і Масквой пачалася першая газавая спрэчка. «Газпром» хацеў павысіць цану газу для Беларусі амаль удвая, бо перамовы аб стварэньні сумеснага прадпрыемства па транспартаваньні газу зайшлі ў тупік.
Беларусі тройчы адключалі газ. Аляксандар Лукашэнка тады абвінаваціў Расею ў шантажы і пагражаў выйсьці з усіх саюзных дамоўленасьцяў. Але дамова аб пастаўках газу была падпісаная на ўмовах Пуціна.
Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае
- 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
- Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
- 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
- Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
- Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
- 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
- Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
- Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
-
26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.
27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».
- 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту