Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Горадні апраўдаў трох журналістаў-фрылансэраў. Не хапіла доказаў


Аляксей Кайрыс, Алесь Дзянісаў, Катажына Ляўдацкая (зьлева направа)
Аляксей Кайрыс, Алесь Дзянісаў, Катажына Ляўдацкая (зьлева направа)

Трох журналістаў-фрылансэраў Алеся Дзянісава, Аляксея Кайрыса і Катажыну Ляўдацкую судзілі ў Горадні за сюжэт на тэлеканале «Белсат», створаны іншымі аўтарамі. За недахопам доказаў справу спынілі.

Адміністратыўную справу разглядалі ў судзе Ленінскага раёну Горадні. Пастанову агучыў судзьдзя Дзьмітры Бубенчык.

Сюжэт, прысьвечаны 80-годзьдзю з дня нараджэньня вядомага рок-музыканта Чэслава Немэна, выйшаў на тэлеканале «Белсат» 26 лютага. Ён утрымліваў кадры зь вёскі Старыя Васілішкі Шчучынскага раёну, дзе нарадзіўся сьпявак і дзе сёлета, як звычайна, сьвяткавалі ягоны дзень народзінаў. Міліцыянты склалі пратаколы на трох горадзенскіх журналістаў — Алеся Дзянісава, Аляксея Кайрыса і Катажыну Ляўдацкую, нібыта яны незаконна вырабілі і распаўсюдзілі інфармацыю (ч. 2 арт 22.9 КаАП).

Сьведкамі ў судзе выступілі міліцыянты і жыхары Старых Васілішак. Пры праглядзе ў судзе відэароліка, які даў нагоду завесьці адміністрацыйную справу, прысутныя ўбачылі, што аўтарамі перадачы пазначаныя іншыя журналісты, а ня тыя, супраць якіх завялі справу.

Алесь Дзянісаў кажа, што справа была ініцыяваная невядома кім.

«Мне падаецца, што шчучынскім міліцыянтам скінулі гэтую справу і сказалі: „Круціце іх“. Яны настолькі былі непадрыхтаваныя. Таму справу шылі белымі ніткамі і секлі сякерай. Сьведкі ня сьведчылі супраць нас. Бачна было, што яны (міліцыянты. — РС) проста націснулі на іх або проста падтасавалі факты ў справе. Яны нават не паглядзелі ў тытры, што там ішлі прозьвішчы зусім іншых людзей», — сказаў Свабодзе Алесь Дзянісаў.

На ягоную думку, стаўленьне судовай сыстэмы да журналістаў «Белсату» агулам не зьмянілася. Апраўдалі, бо гэтая справа была відавочна абсурднай. Новыя суды над «белсатаўцамі», як ён мяркуе, наперадзе.

Гэта другі суд над журналістамі «Белсату» сёлета ў Горадні. Усяго ў 2019 годзе за сюжэты на беларускамоўным тэлеканале «Белсат», які вяшчае ў Польшчы, у Беларусі адбылося 14 судоў, журналісты агулам пакараныя штрафамі на 13 770 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG