20 красавіка з ізалятару часовага ўтрыманьня вызвалілі сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца. Ён адбываў чарговыя 15 дзён арышту за спробу спыніць «крыжалом» у Курапатах.
Пасьля вызваленьня ён адзначыў у камэнтары тэлеканалу «Белсат», што сваім ухваленьнем зносу крыжоў кіраўніцтва Беларусі абвясьціла вайну беларускаму народу, народнай памяці і Богу.
«А гэта вельмі сур’ёзная рэч. Я думаю, што нічога добрага Лукашэнку на гэтым шляху не чакае», — заявіў палітык.
Паўла Севярынца затрымалі 5 красавіка, але асудзілі толькі праз тры дні на 15 дзён адміністрацыйнага арышту: за дробнае хуліганства (5 дзён) і непадпарадкаваньне міліцыі (10 дзён). У рапарце сьведка-міліцыянт Удодаў, напісаў, што Севярынец «упіраўся нагамі ў зямлю».
18 красавіка над палітыкам адбыўся чарговы суд. Разам зь іншымі абаронцамі яму прысудзілі буйны штраф, агулам сума перавысіла 6000 рублёў ці амаль 3000 даляраў.