Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леаніда Кулакова аштрафавалі за малітву зь бел-чырвона-белым сьцягам


Леанід Кулакоў, архіўнае фота
Леанід Кулакоў, архіўнае фота

У судзе Цэнтральнага раёну Менску 24 красавіка судзьдзя Валеры Есьман аштрафаваў актывіста Леаніда Кулакова на 45 базавых велічыняў (1147,5 рубля), піша «Белсат».

Штраф прысудзілі за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве». Леанід Кулакоў прысутнічаў на малітве за Курапаты, якая была 7 красавіка на плошчы Свабоды ў цэнтры Менску, трымаў бел-чырвона-белы сьцяг. Ён не пагадзіўся з тым, што гэта «несанкцыянаванае мерапрыемства».

«У пратаколе напісалі, што мітынгаваў у несанкцыянаваным месцы, а на судзе амапавец сказаў, што я нічога не рабіў, проста стаяў маліўся, — расказаў Кулакоў. — Дык што, цяпер вернікі ня могуць маліцца каля касьцёла? Можа, выклікаць сьвятароў і запытаць, дзе можна маліцца, а дзе нельга? Буду абскарджваць прысуд».

Беларускі закон «Аб масавых мерапрыемствах» не рэгулюе рэлігійнай дзейнасьці, да якой адносяцца малітоўныя сходы. Закон «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» забараняе перашкаджаць рэлігійным абрадам як у культавых пабудовах і на іхных тэрыторыях, так і ў месцах паломніцтва або на могілках.

Тым ня менш малітву палічылі масавай акцыяй — за «несанкцыянаваную малітву» на 15 сутак арышту асудзілі лідэра «Народнай грамады» Міколу Статкевіча як арганізатара. Яго затрымалі перад малітвай, проста на выхадзе з дому.

23 красавіка за плякат на той малітве аштрафавалі на 50 базавых актывіста Валянціна Троцкага. Адзначаецца, што такі ж пратакол быў складзены на Яўгена Афнагеля.

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG