Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У UNESCO абяцаюць садзейнічаць аднаўленьню сабора Notre-Dame


Cабор Парыскай Божай Маці падчас пажару 15 красавіка
Cабор Парыскай Божай Маці падчас пажару 15 красавіка

У UNESCO заявілі, што сочаць за сытуацыяй з саборам Парыскай Божай Маці пасьля пажару 15 красавіка і абяцаюць спрыяць у аднаўленьні помніка.

«Глыбокія эмоцыі выклікаў драматычны пажар у саборы Notre-Dame, які ў 1991 годзе быў прызнаны Сусьветнай спадчынай UNESCO. Мы ўважліва сочым за сытуацыяй і стаім на баку Францыі, каб абараніць і аднавіць гэтую бясцэнную спадчыну», — гаворыцца ў заяве UNESCO.

Раней прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон паабяцаў, што сабор Парыскай Божай Маці, пашкоджаны ў выніку пажару 15 красавіка, будзе адбудаваны.

Макрон назваў учорашнія падзеі «жудаснай трагедыяй», але дадаў, што «найгоршага ўдалося пазьбегнуць», і заявіў пра намер абвясьціць міжнародны збор сродкаў на аднаўленьне помніка.

У выніку пажару разбураныя шпіль і дах 850-гадовай гатычнай пабудовы, але галоўная канструкцыя, у прыватнасьці абедзьве званіцы, ацалелі.

Паліцыя заяўляе, што прычына пажару пакуль невядомая, але пажарны дэпартамэнт Парыжу паведаміў, што яна «патэнцыйна зьвязаная» з рэстаўрацыйнымі работамі, якія вяліся ў будынку.

Падчас тушэньня агню сур’ёзна пацярпеў адзін з пажарных.

Сусьветныя лідэры выказалі шкадаваньне і салідарнасьць з францускім народам.

У Эўразьвязе заявілі, пра гатоўнасьць надаць любую дапамогу Францыі ў рамках Эўрапейскага мэханізму грамадзянскай абароны, які дазваляе ўсім краінам супольнасьці хутка прадастаўляць любыя рэсурсы (выратавальную тэхніку, транспарт, спэцыялістаў, мэдпэрсанал), якія могуць быць патрэбныя краіне Эўразьвязу, якая сутыкнулася з экстраннай сытуацыяй, якой ня можа даць рады самастойна.

Сабор Парыскай Божай Маці — адзін з найбольш вядомых у сьвеце помнікаў архітэктуры. Штогод яго наведваюць 13 мільёнаў чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG